Яго творчасць — значная старонка ў гісторыі беларускай музычнай культуры

Апублiкавана: 16 чэрвеня 2026 Стужка Музыка Мінск Дата

Аўтар: Аўтары

Сёння, 16 чэрвеня 2026 года, спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння беларускага кампазітара, педагога і заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Дзмітрыя Лукаса.

 

Д.А. Лукас. 1973 г.

Дзмітрый Аляксандравіч Лукас нарадзіўся ў Свянцянах Віленскай губерні (цяпер г. Швянчоніс, Літва) ў сям’і чыгуначнага рабочага 16 чэрвеня 1911 года. Маці працавала сельскай настаўніцай. Бацька будучага музыканта загінуў у час першай сусветнай вайны.

 

Вольга Афанасьеўна Лукас з сынам Дзмітрыем. 1911 г.

Сям’я пераехала ў Сярэднюю Азію, у г. Самарканд. Там у 1925 г. Дзмітрый скончыў сямігадовую школу і разам з маці пераехаў у г.Ржэў Цвярской губерні (цяпер Калінінская вобл.). У 1926 г. – у г. Гомель, дзе паступіў ў Гомельскі тэхнікум шляхоў зносін. Яму давялося самому думаць пра кавалак надзённага хлеба. Ён паспяхова закончыў чыгуначную школудзевяцігодку. Абараніўшы дыплом, Дзмітрый Лукас працаваў слесарам, машыністам паравоза, выкладчыкам школы ФЗН пры заводзе “Рухавік рэвалюцыі”.

Д.А. Лукас у ролі Ленскага ў оперы П. І. Чайкоўскага «Яўгеній Анегін»,
пастаўленай студэнтамі Гомельскага музтэхнікума

 Прага да музыкі ў юнака заўважалася даўно. Ён актыўна ўдзельнічаў у гуртках мастацкай самадзейнасці, потым у музычнай школе вывучаў “азы” нотнай граматы, а з 1932 г. пачаў займацца ў Гомельскім музычным тэхнікуме.

Р.К. Пукст, Д.А. Лукас. 1932 г.

Навучанне ў класе спеваў В.Зайцавай і ў класе кампазіцыі Р. Пукста ў 1931—1936 гг. дазволілі Д. Лукасу працягнуць прафесійную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе ён займаўся спачатку ў класе кампазіцыі М. Аладава, а затым прафесара В. Залатарова.

Д.А. Лукас. Студэнт кансерваторыі. 1938 г.

Да часу вучобы ў кансерваторыі ў перадваенны перыяд адносяцца яго першыя сур’ёзныя музычныя творы. У 1937 годзе ён быў прыняты ў Саюз кампазітараў БССР. Пасля заканчэння ў 1941 годзе кансерваторыі Д. Лукас працаваў інспектарам рэперткама ва Упраўленні па справах мастацтваў пры СНК БССР.

У гады Вялікай Айчыннай вайны кампазітар праходзіў службу у 49-ым запасным стралковым палку ў с. Лугавая Пралейка, затым у Камышыне, Сталінградзе і Молатаве, дзе быў курсантам Растоўскага артылерыйскага вучылішча. У 1942 г. дэмабілізаваўся з войска па хваробе, быў кіраўніком ансамбля песні і танца Ваенна-ветэрынарнай акадэміі ў Самаркандзе, кіраўніком Рэпертуарнай камісіі БССР у Маскве.

Варыянты гімнаў для 6-ці і 4-х галаснога змешанага хору з ф-п,
напісаныя на конкурс беларускага гімна. Аўтограф, рукапіс. 2 мая 1944 г
.

У самы разгар вайны, з 1943 года, кампазітар пачынае працаваць над сваім галоўным творам – операй “Кастусь Каліноўскі” (лібрэта паэта Міхася Клімковіча). Прэм’ера “Кастуся Каліноўскага” адбылася 7 лістапада 1947 года на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета БССР. Яна адкрывала Першы сезон Вялікага тэатра ў рэканструяваным пасля вайны будынку і прайшла з вялікім поспехам. Пастаноўка оперы “Кастусь Каліноўскі” стала значнай падзеяй культурнага жыцця сталіцы і музычна-тэатральнага мастацтва Рэспублікі ў першыя пасляваенныя гады.

Д.А. Лукас. Раманс “Фіялкі” (на словы Э. Агняцвет). 1945 г.

Пасля вайны Дзмітрый Лукас працаваў начальнікам музычнага аддзела Дэпартамента мастацтваў БССР, старшым рэдактарам Белдзяржвыдату, быў галоўным рэдактарам музычнага вяшчання, а затым мастацкім кіраўніком Беларускага радыё. З 1965 года Дзмітрый Аляксандравіч Лукас выкладаў у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Горкага, кіраваў вакальнай кафедрай.

Газета «Знамя новостройки». 18 жніўня 1961 г.

Асобнае месца ў творчасці кампазітара займае цыкл песень, прысвечаных будаўнікам Полацкага нафтапераапрацоўчага завода, з якімі ў яго была моцная дружба.

У творчым партфелі кампазітара Дзмітрыя Аляксандравіча Лукаса – сімфонія ў чатырох частках, два квартэты, Беларуская сюіта ў трох частках, сюіта для аркестра беларускіх дудак, дзясяткі песень для хору, для голасу і фартэпіяна, для вакальнага дуэта, мноства рамансаў, апрацовак беларускіх народных песень і песень самадзейных кампазітараў рэспублікі.

Д.А. Лукас. Музыка да радыёспектакля «Пінская шляхта». Клавір.

Ён з’яўляецца аўтарам музыкі да драматычных спектакляў “Ноч у верасні”, “Гады выпрабаванняў”, “Брат героя”, “Чырвоная шапачка” (разам з Я . Цікоцкім), “Маладая гвардыя”, “Канстанцін Заслонаў”, “Пінская шляхта”, “Жывы труп”, “Злавацца не трэба”. Членам Саюза кампазітараў БССР Д.А. Лукас стаў у 1937.

Д.А. Лукас — аўтар музыкі да шырокавядомых стужак “Несцерка”, “Шчасце трэба зберагчы”, “Строгая жанчына”, “Чалавек не здаецца”, “Пасеялі дзяўчаты лён”, “Белая вежа”, “Дзеці партызана” (разам з Г. Паповым).

Г.М. Вагнер, Д.А. Лукас, У.В. Кухта. Мінск, радыёкамітэт. 1950

Лукас прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Саюза кампазітараў Беларусі, пастаянна аказваў дапамогу аматарскім мастацкім калектывам, кансультаваў самадзейных кампазітараў. У 1965—1967 гг. абіраўся дэпутатам Мінскага аблсавета дэпутатаў працоўных 7-га склікання.

Д.А. Лукас. 1955 г.

За плённую творчую і грамадскую дзейнасць Дзмітрый Лукас узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, а ў 1955 годзе яму было прысвоена званне Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

Пайшоў з жыцця таленавіты кампазітар у 1979 годзе.

Крыніца: Беларускі дзяржаўны архіў-музей
літаратуры і мастацтва