Колькі часу наперадзе?

Апублiкавана: 11 чэрвеня 2026 Стужка Тэатры Мінск Тэатральная плошча

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача з’явіўся спектакль для дзяцей ад шасці гадоў. Назва ў яго філасофска-фальклорная — “Наперад у мінулае”.

 

АМАЖ, ПАРАЛЕЛІ

У аснову пакладзена вядомая “Казка пра змарнаваны час” Яўгена Шварца, што атрымала ў спектаклі новае прачытанне, прычым на добрай беларускай мове. Праўда, ад арыгінала засталася хіба ідэя і ключавая сюжэтная лінія: калі дзеці будуць дарма траціць час, дык могуць непрыкметна ператварыцца ў старых, жыццё якіх падыходзіць да канца. Усё астатняе рэжысёр Ганна Джамілашвілі максімальна наблізіла да сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак: ад чагосьці адмовілася, а нешта дадала. Яна прызналася ў прыватнай гутарцы, што, выбіраючы назву прэм’еры, адштурхоўвалася найперш ад фантастычнай кінастужкі свайго маленства “Назад у будучыню”. Ганна перафразавала загаловак, каб падкрэсліць прыём амажа — выказвання павагі да работы іншага аўтара.

Парадаксальнае спалучэнне ў назве спектакля розных часоў дорыць ёй філасофскае адценне. Узнікае і фальклорнае, бо ёсць тэлепраект “Наперад у мінулае”, скіраваны на вяртанне беларускай народнапесеннай спадчыны і замацаванне яе ў новым эстрадным выкананні. І хоць цяперашняя пастаноўка зусім не пра гэта, адзін народны матыў у ёй усё ж скарыстаны: словы “Ты губляеш — я знайду, маладосць тваю скраду” спяваюцца на мелодыю “Касіў Ясь канюшыну…”.

А незапланаваную паралель з назвай тэлепраграмы можна лічыць добрым маркетынгавым ходам, што адкрывае для “цёзак” прастору дадатковай рэкламы. Уявіце: хтосьці пачынае “гугліць” спектакль — і знаходзіць запісы праекта, уключае іх. І наадварот: прыхільнікі песеннай творчасці могуць зацікавіцца аднайменнай пастаноўкай. Тым больш яна прызначана для сямейнага прагляду. Падлеткі і дарослыя ў прэм’еры адшукаюць шмат займальнага.

 

СІНТЭЗ ЖАНРАЎ І ЭПОХ

Спектакль невыпадкова ахарактарызаваны як “стымпанк-фэнтэзі”. У той жа сцэнаграфіі Дар’і Волкавай, апроч звыклай казачнай фантазійнасці, акцэнтуецца тэма гадзіннікаў, ля якіх шчыруюць майстар Бім-Бом і яго памагатая Хвіліначка. Лагічна ўзнікае стымпанкавая стылістыка з шасцярэнькамі ды іншымі дэталямі, уласцівымі індустрыяльнаму дызайну і ўхваленню брутальнай прыгажосці механізмаў.

Задзейнічаны і элементы камедыі дэль артэ, што была распаўсюджана ў ХVI—ХVIII стагоддзях. Менавіта такім чынам, ды яшчэ з нацягнутымі на твары маскамі, абмаляваны старыя, якія прысвойваюць час, змарнаваны дзецьмі. Імёны гэтых сатырычных персанажаў — сімвалічныя: пан Нудота, спадарыня Капрыза, пан Лайдакоўскі. “Мянушкі”, адсутныя ў першакрыніцы, прадаўжаюць традыцыі не толькі класіцызму з яго павучальнасцю, услаўленнем розуму, але і куды больш аддаленай эпохі — Сярэднявечча, калі чалавечыя грахі і заганы паўставалі на сцэне персаніфікаванымі.

Ёсць у прэм’еры і прыёмы тэатра лялек, што сёння вельмі актуальна і шырока запатрабавана. Гутарка і пра згаданыя маскі, і пра ляльку цэнтральнага героя — Пеці Зубава, а таксама пра ажылыя фантазіі-прыдумкі хлопчыка, паказаныя праз светлавыя эфекты. Партрэты настаўніцы, дворніка, Пецевай маці, дырэктара школы, якія выносяцца на падмосткі, бы транспаранты, зроблены “з сакрэтам”. Выявы смешна адкрываюць раты ў час размовы. Скарыстаны і моманты інтэрактыву — напрыклад, калі гледачы разам з артыстамі “дапісваюць” прапушчаныя літары. Падобны сінтэз жанраў і відаў мастацтва цяпер даволі часты ў тэатры.

 

РЭЦЭПТ СУПЕРСІЛЫ

Пастаноўка мае дыдактычны ўхіл. Гэта адлюстроўваецца не толькі ў крытыцы і забаронах (маўляў, не гультайнічай, не падманвай і падобнае), але і ў закліках да добрых учынкаў і памкненняў. Хочаце ведаць, што такое суперсіла і з чаго яна складаецца? Калі ласка, вось формула — дарэчы, вельмі простая: працавітасць, цярпенне, рэжым. Дадайце да ўсяго адоранасць (а яна ёсць у кожнага, аднак у розных сферах) — і вам забяспечана шчаслівая будучыня.

Апроч непрыхаванай павучальнасці, у спектаклі змешчаны і тонкія, практычна незаўважныя парады, здольныя натхніць на разуменне самога сябе, сваіх адметнасцей, найлепшых рыс — і на пошукі іх ужывання. Героі, ледзь не згубіўшы маладосць (у прамым сэнсе пашпартнага ўзросту і ўскосна — маладосць душы), вяртаюць сабе дарэмна патрачаныя хвіліны-гадзіны-гады. Фінал даводзіць, кім дзеці будуць, калі пасталеюць і скіруюцца ў правільны бок.

Пеця Зубаў, які прыдумляў усё новыя здарэнні, каб растлумачыць спазненні ў школу і пропуск урокаў, зможа зарэкамендаваць сябе як вынаходлівы пісьменнік-фантаст. Маруся Паспелава, якая любіць здымаць відэа для TikTok, зможа зрабіцца артысткай. А Воўка Пацехін — стаць доктарам. І ўсё гэта — пры ўмове рацыянальнага размеркавання часу і развіцця талентаў, непаўторнай творчай індывідуальнасці.

Спектакль і сам на практыцы пацвярджае пададзеныя ідэі. Ён адкрывае імёны маладых акцёраў (Мечыслаў Мартыновіч, Мацвей Амельяновіч, Уладзіслаў Яновіч, які ўвогуле дэбютуе), нанова дэманструе багаты патэнцыял сталых артыстаў. Нават сваім узнікненнем прэм’ера падкрэслівае: і ў дарослых не ўсё яшчэ страчана. Было б жаданне і адэкватныя мэты — а час і сілы абавязкова знойдуцца.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА