У адпаведнасці з указам Прэзідэнта “Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтваў за 2021–2025 гады і 2025 год” вызначаныя калектывы, якія дасягнулі высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця. У ліку арганізацый культуры ўшанаваны Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава. Чым жыве ўстанова і якім быў шлях да высокага прызнання?

АСНОЎНЫЯ ВЕХІ
Першы музей у горадзе над Дняпром вядзе свой летапіс з 1867 года: скарбніца была створана пры губернскім статыстычным камітэце і мела гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны аддзелы, у аснове якіх ляжала калекцыя сельскагаспадарчых і этнаграфічных вырабаў, сабраных для антрапалагічнай выставы ў Маскве. Сярод паўтары тысячы прадметаў, што захоўваліся ў музеі, — троннае крэсла Кацярыны ІІ з магілёўскага дарожнага палаца і сані Напалеона, кінутыя ім падчас уцёкаў у 1812-м, а таксама граматы Жыгімонта ІІІ і Станіслава Аўгуста.
У 1904-м у Магілёве адкрыўся царкоўна-археалагічны музей, створаны вядомым этнографам, фалькларыстам і археолагам Еўдакімам Раманавым, а ў 1918-м два музеі аб’ядналі ў адзін. Менавіта ў фондах гэтай скарбніцы захоўваўся знакаміты крыж Еўфрасінні Полацкай, які знік разам з усімі калекцыямі ў ліпені 1941-га.
Пасля вайны ўстанова адрадзілася толькі ў 1949-м, а праз два гады адкрылася яе экспазіцыя, прысвечаная перыяду Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннаму будаўніцтву. У 1961-м музей атрымаў уласны трохпавярховы будынак колішняга акруговага суда на Савецкай плошчы, узведзены ў 1778-м.
Сёння фонды налічваюць больш за 130 тысяч прадметаў, сярод якіх матэрыялы археалагічных раскопак, калекцыі манет і скарбаў, жывапіс, прадметы побыту, этнаграфічныя калекцыі і многае іншае.
З ГЛЫБІНЬ ВЯКОЎ
Першы раздзел музея прысвечаны археалогіі і старажытнай гісторыі Магілёўшчыны ды адлюстроўвае матэрыяльную культуру і гаспадарчую дзейнасць насельніцтва Падняпроўя ад палеаліту да Сярэднявечча.

Тут можна пабачыць крэмніевыя і каменныя наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі, сякеры, жалезныя нажы, шылы, крэсівы і зброю, ляпны і ганчарны посуд, бранзалеты, падвескі, кольцы, фібулы і многае іншае. Дыярамы адлюстроўваюць сцэны палявання на маманта, заняткі рыбалоўствам і ганчарствам, выгляд курганоў і селішчаў.

Асобны комплекс прысвечаны гарадзішчу Нікадзімава, якое існавала на тэрыторыі сучаснага Горацкага раёна ў V—VII стагоддзях.

У экспазіцыі прадстаўленыя рэканструкцыя гэтага паселішча і найбагацейшы рэчавы комплекс — прадметы ўзбраення, рыштунак каня і вершніка, а таксама ўпрыгожанні з каляровых металаў, шкла і бурштыну.
У наступных залах разглядаецца гісторыя краю ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Тут можна пабачыць рэканструкцыю магілёўскага замка, збудаванага ў 1520-я, план і выявы горада XVII — пачатку XVIII стагоддзя. У раздзеле, прысвечаным трагічным падзеям беларускай гісторыі XVII—XVIII стагоддзяў, дэманструецца ўзбраенне і калекцыя фалерыстыкі.
Асобна распавядаецца аб вайне 1812 года і дзейнасці дзекабрыстаў, звязаных з Магілёвам. Апошнія залы паказваюць панараму жыцця краю пасля адмены прыгоннага права, стан рамёстваў і здабывання, развіццё прамысловасці, транспарту і банкаўскай справы ў гэты перыяд.
Частка экспазіцыі прысвечаная падзеям Першай сусветнай вайны, калі ў Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання апошняга прадстаўніка царскай дынастыі Раманавых, Мікалая II.
Ёсць раздзел аб усталяванні ў краі савецкай улады, перыядах нямецкай і польскай акупацыі падчас Грамадзянскай вайны, развіцці Магілёўшчыны ў 1920—1930 гады.
Падзеям Вялікай Айчыннай нададзена асаблівая ўвага: вітрыны насычаны дакументамі і прадметамі, якія належалі героям абароны Магілёва ў ліпені 1941-га, падпольшчыкам, партызанам і воінам-вызваліцелям.
НА ЛЮБЫ ГУСТ
Экспазіцыя “Прырода краю” дазваляе азнаёміцца з палеанталагічнымі матэрыяламі, асаблівасцямі рэльефу і клімату, глебавай і геалагічнай структуры ўсходняга рэгіёна Беларусі.

Тут можна пабачыць закамянеласці, касцяныя астанкі маманта, калекцыі мінералаў.
Яшчэ адзін раздзел прысвечаны рэльефу і водным абшарам Магілёўшчыны, іншы — лясным масівам і іх шматлікім насельнікам.

Тут экспануюцца тры вялікія тэматычныя дыярамы, дзе ў натуральным асяроддзі прадстаўлены барсукі, ласіха, воўк і кабан у розныя поры года.
У 1999 годзе адкрылася экспазіцыя Музея этнаграфіі.

У аснову яе канцэпцыі былі пакладзеныя асноўныя абрадавыя святы беларусаў. Сярод экспанатаў — народныя строі, ручнікі, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з дрэва, лазы, лёну, саломы і гліны з розных куткоў Падняпроўя.
У 2004-м адкрылі экспазіцыю “Магілёў губернскі”, што адлюстроўвае сацыяльна-бытавую карціну жыцця гарадскога насельніцтва ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў — мяшчан, купцоў, дваран, чыноўнікаў, вайскоўцаў і духавенства.

Тут можна зазірнуць у краму купца, кнігарню і фотаатэлье, завітаць у жытло магілёўскіх гараджан, наведаць дваранскую гасцёўню і кабінет чыноўніка. Інтэр’еры ўзноўленыя з выкарыстаннем арыгінальных прадметаў побыту і мэблі.

Мастацкі музей імя П.В. Масленікава, які сёння з’яўляецца філіялам абласнога, быў заснаваны ў 1990-м, а праз чатыры гады тут адкрылася першая ў краіне аўтарская галерэя, прысвечаная творчасці народнага мастака Беларусі, і ў 1996-м установе было нададзена яго імя. У скарбніцы захоўваюцца ўзоры мастацтва XVI—XIX стагоддзяў, калекцыя беларускай школы іканапісу і творы многіх мастакоў — ураджэнцаў Магілёўшчыны. У экспазіцыі “Захаваная спадчына” — узоры манументальнага жывапісу, іканапісу, скульптуры і кніжнай гравюры.

Мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах, які таксама з’яўляецца філіялам абласнога, адкрылі ў 1970 годзе. Тут прадстаўленыя 27 твораў майстра, а таксама работы народных мастакоў Беларусі Яўгена Зайцава, Івана Міско, Георгія Паплаўскага, Міхаіла Савіцкага, Сяргея Селіханава і Леаніда Шчамялёва. У 2020-м да Дня беларускага пісьменства музей быў цалкам рэканструяваны.
НА МЕСЦЫ РАТНАГА ПОДЗВІГУ
У ліпені 2025-га на Буйніцкім полі адбылося ўрачыстае адкрыццё яшчэ аднаго філіяла — Музея Славы Магілёўшчыны. Годам раней, напярэдадні 80-й гадавіны абароны дняпроўскага рубяжа, ініцыятыўная група ў складзе кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, пошукавікаў і грамадскасці Магілёва выступіла з прапановай аб рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле” і стварэнні музея. Яго ўзвядзенне было распачатае ў 2023-м і часткова фінансавалася за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы.

Першапачаткова музей планавалі прысвяціць толькі вайсковай славе, але ў выніку канцэпцыя была пашыраная. У афармленні двух паверхаў будынка, узведзенага ў выглядзе Ордэна Вялікай Айчыннай вайны, выкарыстаныя тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, ужыты мультымедыйны і інтэрактыўны падыход, які дапамагае наведвальнікам глыбей пагрузіцца ў гісторыю. Форма ордэна абраная таму, што Магілёў удастоены гэтай узнагароды за мужнасць і стойкасць, праяўленыя працоўнымі горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама за поспехі, дасягнутыя ў гаспадарча-культурным будаўніцтве.
Адкрываюць экспазіцыю залы, прысвечаныя даваеннаму Магілёву. Наступныя — датычацца падзей першых тыдняў Вялікай Айчыннай, гісторыі бою на Буйніцкім полі, той ролі, якую адыгралі ў гэтай бітве народнае апалчэнне, органы міліцыі ды дзяржбяспекі, артылерыя і авіяцыя, а таксама ўдзелу ўраджэнцаў Магілёўшчыны ў баях на фронце.
З дапамогай мультымедыйных сродкаў тут ажыўленыя постаці маршалаў Савецкага Саюза Барыса Шапашнікава і Клімента Варашылава, пісьменніка і сведкі бою на Буйніцкім полі Канстанціна Сіманава, камандзіра 388-га стралковага палка Сямёна Куцепава і камандзіра батальёна міліцыі Канстанціна Уладзімірава.

Раздзелы, размешчаныя на другім паверсе, распавядаюць аб перыядзе фашысцкай акупацыі, дзейнасці падполля і партызанскім руху, а таксама аб вызваленні Магілёўшчыны ад гітлераўцаў.
Асобныя залы знаёмяць з выхадцамі гэтага краю, якія бралі ўдзел у лакальных канфліктах другой паловы ХХ стагоддзя, а таксама працоўнай славе вобласці ў пасляваенныя гады.
РАЗАМ ДЗЕЛЯ ПАМЯЦІ
Як распавёў дырэктар музея Яўген Белавусаў, сёння ўстанова рыхтуецца да правядзення навукова-практычнай канферэнцыі “Гісторыка-культурная спадчына Падняпроўя”, якая адбудзецца 19 чэрвеня. Сярод прапанаваных для разгляду тэм — музейныя калекцыі як гістарычныя крыніцы, актуальныя аспекты гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Падняпроўя, месца краязнаўства ў сістэме навукова-даследчай работы, этнічныя і канфесійныя працэсы, гісторыя ваенных канфліктаў на тэрыторыі Магілёўшчыны і ахова гісторыка-культурнай спадчыны.

Яўген Белавусаў з супрацоўнікамі музея
на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця абноўленай Рэспубліканскай дошкі Гонару
Таксама да 85-годдзя гераічнай абароны Магілёва музей запускае маштабны міжнародны праект “Героі абароны. Трагедыя і подзвіг”, які аб’яднае музеі, архівы, пошукавікаў, валанцёраў і моладзь з розных мясцін Беларусі і Расіі. У рамках праекта ладзіцца акцыя “Героі абароны”, накіраваная на збор асабістых рэчаў, лістоў, фотаздымкаў і жывых успамінаў тых, хто ўдзельнічаў у абароне Магілёва.
Запланаваны конкурс дзіцячага малюнка, падчас якога школьнікі пераасэнсуюць трагедыю і подзвіг праз прызму ўласнай творчасці. Таксама будуць зладжаныя круглы стол з удзелам гісторыкаў і іншых экспертаў і выставачны праект, што злучыць архіўныя дакументы і творы дзяцей.
Антон РУДАК. Фота з сайта музея