Больш за паўвеку Тамара Ляўчук застаецца вернай Брэсцкаму акадэмічнаму тэатру драмы. За 50 гадоў — звыш 70 галоўных роляў. Тэмперамент, экспрэсія, уменне адчуваць чужую душу як сваю — гэта почырк актрысы, якую калегі называюць сумленнем сцэны.

ПАСЛЯВАЕННАЯ ПАРА
Тамара Барысаўна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Абяроўшчына Камянецкага раёна. Маці працавала настаўніцай пачатковых класаў, бацька шчыраваў на чыгунцы.
— Час быў пасляваенны: усё вельмі сціпла, — успамінае Тамара Ляўчук. — Але беднасць не замінала — гэта перыяд стварэння. Усе жылі надзеяй, настройваліся на пазітыў, марылі. Вясковыя дзеці з малых гадоў ведалі, што такое праца.
Да мастацтва ж артыстка ішла не хутка, а паволі. Адразу хацела стаць лётчыкам, потым— балерынай. Восьмы клас аказаўся пераломным: узнікла непераадольная цяга да тэатра. Актрыса прызнаецца, што любоў да сцэны ёй прывіў… тэлевізар, які з’явіўся ў хаце, калі дзяўчынцы было 12 гадоў.
Аднак не толькі ён. Сусед Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля з задавальненнем слухаў яе чытанне вершаў і хваліў. А яшчэ паўплывала Ваўковіцкая сярэдняя школа, што развівала пачуццё прыгожага.
— Будынак быў драўляным, але педагогі — сапраўднымі. Яны вельмі хацелі, каб з нас атрымаліся добрыя, адукаваныя людзі, — распавядае гераіня.

ЗАПАВЕДЗЬ
“Любі мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве”. Гэтую фразу Тамара Ляўчук называе сваёй пуцяводнай зоркай падчас усяго шматгадовага падарожжа на сцэне.
— У калодзе трапляюць і тузы, і шасцёркі, — кажа суразмоўніца. — Аднак запаведзь ломіць стаўленне да ролі. Нават малюсенькую паважаю і стараюся зразумець.
Творчая палітра Тамары Барысаўны рознабаковая і шматгранная — ад глыбокага псіхалагізму да яркага гратэску. За плячыма — графіня Альмавіва ў “Жаніцьбе Фігара”, Мар’яна ў пушкінскім “Анджэла”, Вайніцкая ў чэхаўскім “Дзядзьку Ваню”, пані Ралісон у “Дзядах” Міцкевіча, Мануйліха ў “Алесі” Купрына і многія іншыя вобразы.
НА РОСТАНЯХ
Пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута ў Тамары Ляўчук было два варыянты: размеркаванне на “Беларусьфільм” альбо аспірантура ў Ленінградзе. Выбрала Мінск. Але — не склалася. У дырэктара кінастудыі здарыўся інфаркт. Гераіня чакала папраўкі два тыдні, месяц. Затым яе выклікалі ў Міністэрства культуры і паведамілі: “Брэсту тэрмінова патрэбная актрыса”.
— І вось — мая малая радзіма. Я вельмі радавалася, — усміхаецца Тамара Барысаўна. — Засталася назаўжды. Прынялі мяне добра. Першыя ўводы — у спектаклях “Ноч месячнага зацьмення”, “Няроўны шлюб”, “Мяшчане”. Усё закруцілася, было цікава.
Паваротны момант у лёсе — прыход у тэатр рэжысёра Таісіі Бішчанка. Артыстка патрапіла ў яе пастаноўку, а далей выступала ў праектах “Беражыце белую птушку”, “Дзень цудоўны”, “Зман”…
— Яе рэжысура — глыток свежага паветра, — прыгадвае Тамара Ляўчук. — Тое, што рабіла Таісія Іванаўна, падабалася публіцы.
Актрыса заўсёды хацела быць разнапланавай, каб адно амплуа не зацягвала ў штампы. Зусім юнай іграла хлопчыка. Потым — усё, што давалі, спасцігала прафесію ў яе паўнаце. Які тыпаж Тамары Барысаўне бліжэйшы?
— Сказаць няпроста. На акцёрскую індывідуальнасць накладвае адбітак узрост, жыццёвыя абставіны, светапогляд, стан душы. Часам у ролі з табой супадае амаль усё, іншым разам — не. Мая задача — прысвоіць сабе тое, што мне не ўласціва. Пераўвасобіцца.

КУР’ЁЗЫ НА СЦЭНЕ
Распавядаючы аб працы, суразмоўніца не абмінае і камічныя, але зусім не бяспечныя для артыста выпадкі.
— Забыцца тэкст на сцэне — не смешна, — заўважае Тамара Ляўчук. — Такая сітуацыя выкідвае цябе ў космас, і дай бог з яго выбрацца. Неяк здарылася недарэчнасць на спектаклі “Саламея Кавалёва”. Мой партнёр літаральна затрымаўся ў грымёрцы: зламаўся замок. Мне давялося 10 хвілін знаходзіцца перад публікай у адзіноце. Спачатку было страшна, потым актыўна запрацаваў мозг, я стала драматургам — і з’явіўся смех скрозь слёзы.
З таго часу прайшло ўжо 20 гадоў. Работа акцёра сапраўды нялёгкая.
— Пасля крутых роляў думаю: “Ты хто такая?” — і спрабую вярнуцца да сябе самой.
КАШТОЎНАСЦЬ
Але адпачываць доўга не атрымліваецца: глядзельная зала чакае.
— Зараз прымяраюся да п’есы “Стомленая Венера” Валянціна Краснагорава, — гаворыць гераіня.
Аднак на пытанне аб творчых планах адказвае з усмешкай:
— Будзе дзень — будзе ежа.
У 2009-м за шматгадовую плённую працу, майстэрства і асабісты ўклад у развіццё мастацтва Тамару Ляўчук узнагародзілі медалём Францыска Скарыны. А ў 2014-м — ушанавалі ганаровым званнем “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”.
— Гэта знакавыя падзеі, — упэўнена актрыса. — Прыемна, кранальна, але яны прымушаюць працаваць яшчэ адказней.
Хаця куды больш? У скарбонцы дасягненняў — шматлікія граматы і падзякі Брэсцкага абласнога і Брэсцкага гарадскога выканаўчых камітэтаў, Беларускага саюза тэатральных дзеячаў…
— “Берасцейскую зорку” атрымаць было нова, святочна, — згадвае Тамара Барысаўна. — Гэта ж ацэнка ад горада, гледача. Тады ў мяне ўжо былі дзве дачкі — Насцёна і Крысціна, яны радаваліся ўзнагародзе мацней, чым я. А на памяць мне падарылі поўную падпіску Дастаеўскага. Кнігі тады мелі вялікую каштоўнасць.

З НАДЗЕЯЙ
Брэсцкаму тэатру пашанцавала: у 1973 годзе ў ім з’явілася зорка, якая лічыць, што да любой карты ў калодзе творчага лёсу трэба ставіцца як да туза. А публіцы пашанцавала яшчэ больш: яна можа бачыць яскравы талент і ведаць, што сцэна, дзе выступае Тамара Ляўчук, — гэта месца праўды, душы і неўміручай надзеі.
Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва гераіні