Ці спявалі партызаны “Лясную песню”, як нельга пісаць пра подзвіг герояў і ў чым сутнасць кар’еры музыканта? Пра тонкасці піяністычнага рамяства і не толькі — у інтэрв’ю з народным артыстам Беларусі, прафесарам Ігарам Алоўнікавым.

— Ігар Уладзіміравіч, дазвольце пачаць размову з нядаўняй гучнай падзеі — VII Міжнароднага конкурсу піяністаў “Мінск-2026”. Вы яго нязменны старшыня журы. Як ацэньваеце сёлетні ўзровень?
— Конкурс падтрымлівае добры ўзровень і свае традыцыі. На ім бываюць яркія адкрыцці новых талентаў. А сёлета перамагла сталасць і сцэнічны вопыт. Асабліва прыемна, што і ўладальніца першай прэміі Любоў Глазава, і лаўрэат другой — Аляксандр Данілаў — выпускнікі і цяпер ужо выкладчыкі нашай Акадэміі музыкі. Яны ў поўным сэнсе слова прадстаўнікі беларускай фартэпіяннай школы, якая абапіраецца на маскоўскую, часткова на ленінградскую і бярэ ўсё лепшае ад заходнееўрапейскай. У такім сінтэзе — наша асаблівасць.
Ды толькі добрая школа — яшчэ не ўсё. Можна навучыцца іграць на раялі, але стаць сапраўдным музыкантам — штосьці намнога большае. Здараецца, чалавек годна навучаны, тэхнічна аснашчаны, а слухаць яго нецікава. Бо ў выкананні павінен быць момант непрадказальнасці, спалучэнне эмоцыі і думкі, адчуванне чалавечай цеплыні, што ідзе са сцэны ў залу. Так што добрых піяністаў у свеце куды больш, чым добрых музыкантаў.
— Ці можаце даць параду, як стаць канцэртуючым музыкантам? Вам гэта ўдалося, вы рэгулярна выступаеце на самых розных пляцоўках.
— Не дадам тут нічога новага: трэба любіць музыку, імкнуцца ўнікнуць у тое, што хацеў сказаць кампазітар, і данесці гэта да слухача. Але што называць кар’ерай? Калі хтосьці выкладае ў дзіцячай музычнай школе і яму гэта падабаецца — цудоўна! Я не ўваходжу ў абойму сусветнага фартэпіяннага бізнесу, дзе праз выкананне з элементамі шоу, пастаўленае на паток, зарабляюцца вялікія грошы. Мае выступленні ў філармоніі, на іншых буйных сцэнах не такія ўжо частыя, як у школах і каледжах. Мая асноўная аўдыторыя — навучэнцы ДМШ, але для іх іграю з той жа аддачай, як іграў бы перад аўтарам. З тых, хто насамрэч слухае, могуць узрасці музыканты — і гэта вельмі важна.

— Вы не толькі выканаўца і педагог, але і аўтар шматлікіх фартэпіянных транскрыпцый. І можаце нават з немудрагелістага твора зрабіць віртуознае палатно, здольнае прадэманстраваць усе магчымасці піяніста і пановаму зірнуць на арыгінал. Калі праводзіць паралелі, дык гэта накшталт “крэатыўнай рэжысуры”, што адкрывае новыя сэнсы. І не дзіўна, калі сярод шырокага спісу абавязковых беларускіх твораў многія канкурсанты абіралі менавіта вашы рэдакцыі — больш за траціну ўдзельнікаў. Мабыць, на вас паўплывалі гены бацькі — славутага кампазітара Уладзіміра Алоўнікава?
— Проста я ведаю тонкасці піяністычнага рамяства: што зручна, што не вельмі, што можа быць найбольш эфектным. Дарэчы, практычна ўсе гэ тыя транскрыпцыі замоўлены ў мяне самімі аўтарамі. Багатыроў, Мдывані, Картэс, Глебаў прыносілі мне творы, каб я надаў ім больш фартэпіяннага бляску. Так што справа не асабіста ўва мне, а ў маім веданні мудрагелістых спляценняў фактуры. Але пагаджуся, гэтыя транскрыпцыі вельмі спрыяюць папулярызацыі беларускай музычнай спадчыны, уключаючы аркестравую.
Што ж да творчасці бацькі, дык некаторыя яго песні я выклаў як фартэпіянныя прэлюдыі, і яны былі выдадзены Акадэміяй музыкі да 105-годдзя з дня нараджэння кампазітара. Але толькі некаторыя, бо песень у яго прыблізна 120, многія друкаваліся яшчэ пры жыцці.
Ён не ператвараў іх у шлягеры, а працягваў жанр класічнай песні, закладзены Шубертам, Шуманам, Брамсам. Адсюль і скразное развіццё музычнай драматургіі, добрая прапрацоўка фартэпіяннай партыі, якая ўвесь час змяняецца, бо ідзе за словамі.
Часам для большай прастаты ён выкарыстоўваў і куплетную форму. Але калі выконваў сам ці акампаніраваў спевакам, дык усе куплеты атрымліваліся рознымі, бо раяль падкрэсліваў змяненні характару, зместу паэтычнага тэксту.
Яго песні — летапіс беларускага пасляваеннага жыцця. Тая ж “Песня пра Мінск” — завадная, з віртуозным акампанементам, дорыць запал бадзёрасці, энергіі. А “Радзіма мая дарагая” — узнёсла-лірычнае прызнанне ў любові да роднай Беларусі. Была суцэльная эпапея, калі гэту песню хацелі зрабіць гімнам краіны, нават маёй маці тэлефанавалі, каб яна на мужа паўплывала, угаварыла яго, ды бацька не пагадзіўся — і правільна.

— А “Лясную песню” партызаны, здаецца, лічылі сваёй?
— Так-так, ён распавядаў, як на адной творчай сустрэчы яны пачалі пераконваць яго, што “Лясную песню”, маўляў, на вайне спявалі. А ён не стаў з імі спрачацца, хаця ў партызанах ніколі не быў, усю вайну прайшоў артылерыстам. Перамога заспела яго ў Вене, ён быў ужо ў званні капітана. Але заставаўся ў арміі яшчэ да 1947 года.
Вярнуўся толькі тады, калі беларускі ўрад пачаў збіраць кадры, — і яго выклікалі ў Мінск. Ён даўно па музыцы сумаваў. Распавядаў, як аднойчы на вызваленай тэрыторыі ўбачыў раяль — і пачаў іграць на ім Бетховена. Мабыць, тады яшчэ вырашыў, што прысвяціць сваю творчасць подзвігу герояў і ўсяго народа. Неаднойчы паўтараў, што пісаць пра гэта дрэн на — нельга.
— Песні-прэлюдыі Уладзіміра Алоўнікава вы змясцілі ў інтэрнэце. Магчымасць звярнуцца да іх ёсць цяпер у піяністаў усяго свету. Дзякуй вам вялікі за ўсё, што вы робіце!
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва аўтара