Беларускі дзяржаўны тэатр лялек здзіўляе не толькі прэм’ерамі, але і пастаяннымі крокамі ў нязведанае, пошукамі новай эстэтыкі, кірункаў і прыёмаў. Прычым гэта тычыцца спектакляў як для дарослых, дзе эксперымент прапісаўся ўжо даволі трывала, так і для дзяцей. Красамоўнае пацвярджэнне таму — “Чароўнае падарожжа”.

ПЫТАННІ І АДКАЗЫ
У аснову пастаноўкі пакладзена “Падарожжа «Блакітнай стралы»” Джані Радары. Паводле літаратурнага твора зняты лялечны мультфільм — класіка савецкай анімацыі сярэдзіны 1980-х. Гісторыя неаднойчы ўвасаблялася на тэатральных падмостках, у тым ліку дзіцячымі калектывамі. Апроч чараўніцтва, без якога казку ўявіць нельга, вылучалася праблематыка сацыяльнай няроўнасці, уласцівая спадчыне італьянскага пісьменніка ўвогуле. Па сюжэце не ўсе бацькі могуць прыдбаць малым дарагія падарункі. Таму ажылыя цацкі збягаюць з крамы і на цацачным жа цягнічку пад назвай “Блакітная страла” выпраўляюцца шукаць тых, хто пра іх марыць, ды пакуль дарэмна.
У цяперашняй версіі ад галоўнага рэжысёра тэатра Яўгена Карняга акцэнты змешчаны. Зразумела: змяненні ў прачытанне класікі ўносяць і час, і краіна са сваімі нацыянальнымі асаблівасцямі, і пастановачная каманда. У спектаклі на першы план выходзіць тэма эмпатыі, спачування, закранаецца праблема адзіноты. А яшчэ цягам дзеі героі пераасэнсоўваюць прыярытэты (як гаворыцца ў інсцэніроўцы, “ніводная цацка свету не вартая сапраўднага сябра”), пражываюць віну і раскаянне, задумваюцца над многімі вельмі складанымі грамадскімі з’явамі — і гэта юныя гледачы змогуць потым абмеркаваць з бацькамі.

Насамрэч, пры ўсёй яркай відовішчнасці, неабмежаванай фантазійнасці, прыгажосці аж да высокага эстэцтва спектакль вымушае звярнуцца да чалавечых стасункаў, акрэсліць стаўленне да персанажаў — не звыклае чорна-белае, што падзяляе ўсіх на адмоўных і станоўчых, а неадназначнае, каляровае, як і бывае ў жыцці. Таксама пастаноўка фарміруе зародкі эканамічнага мыслення, у якім хлопчыкі і дзяўчынкі адчуваюць сёння вялікую патрэбу, натхняе на пытанні, каб знайсці на іх адказы.
Вось Фея Бефана — дрэнная ці добрая? Ці спачатку дрэнная, а калі ўцяміць, што дзіцячая ўсмешка даражэйшая за грошы, раптам добрая? Але ж калі ўсе цацкі сваёй крамы гераіня раздасць бясплатна, дык не зможа купіць новыя — і крама папросту закрыецца, знікне. Той жа вынік чакае, калі цэны на тавары акажуцца непад’ёмнымі. Спектакль вучыць шукаць залатую сярэдзіну, быць мабільным у зменлівых абставінах, прымаць рашэнні, рабіць выбар. І ўсё гэта — праз неверагодна прыцягальнае сінтэтычнае тэатральнае мастацтва, што не пакіне абыякавымі ні малых, ні дарослых.

САПРАЎДНЫЯ ЦУДЫ
Адна з заўсёдных праблем тэатра лялек — тое, на якой адлегласці змясціць публіку, каб яна здолела добра разгледзець персанажаў і ўсе іх дробныя дэталі. Вядома, лялькі бываюць вялізнымі, але такія падыходзяць не для ўсіх пастановак. У “Чароўным падарожжы” больш буйныя выявы, уключаючы жывы план акцёраў, спалучаюцца з відэаздымкай, што трансліруецца на экран.
Сцэнічная прастора падзелена аж на чатыры лакацыі. Злева ад сцэны — штосьці накшталт каморкі, “кабінета” Бефаны (Наталля Кот-Кузьма ці Ганна Гаспадарык), правая рука якой (у пераносным і прамым сэнсе) — памочніца Тэрэза ў выглядзе лялькі-мапет. На галаве артысткі — квяцісты заварачны чайнік. Гэта і яе арыгінальны капялюшык, і намёк на абмежаванасць памяшкання, дзе нават лісты ад дзяцей і заказчыкаў знаходзяцца на сценах і падлозе. Паштальён прыходзіць па галерэі наверсе і скідвае адтуль новыя пасланні. Дарэчы, размова не проста пра каляровыя паперкі: усе аркушы спісаны дзіцячымі почыркамі, у чым нескладана пераканацца.

На самой сцэне — хвалепадобная ўзнятая канструкцыя, незразумелая спачатку. Гэта рэйкі, дзе будзе ездзіць цягнічок. І адначасова шырмы, за якімі хаваюцца акцёры. А справа на спецыяльным століку, што круціцца, — невялічкія размалява ныя панэлі і лялечны гарадок з маленькімі домікамі, кранальнымі персанажамі, якія могуць ціха плакаць сапраўднымі слязьмі (мастак-пастаноўшчык — Таццяна Нерсісян, здольная на любыя чараўніцтвы). Дзеянне адтуль перадаецца на заднік, і выдатная аператарская праца дазваляе ўбачыць усё з розных ракурсаў, у руху, буйным і агульным планам. Атрымліваецца спалучэнне тэатральнага спектакля з мультфільмам — і новы падыход да анімацыі. Бо такім чынам можна і самастойныя стужкі здымаць!

Полістылёвая, шматжанравая музыка Кацярыны Аверкавай ахоплівае, як заўжды, бязмежную гукавую прастору — ад раманса да джаза. Ёсць і праславуты інтэрактыў: у пачатку другой дзеі злачынцы (Уладзіслаў Соладаў, Цімур Муратаў ці ў іншым складзе Дзмітрый Чуйкоў, Аляксей Сянчыла) хочуць абрабаваць краму і шукаюць у зале хлопчыка, які пралез бы ў акно.
Бясконца можна разглядаць і праграмку да спектакля. Яна — своеасаблівы тэст на ўважлівасць для юных тэатралаў. Там намаляваны ледзь не ўвесь рэквізіт пастаноўкі, але дробненька і, здаецца, хаатычна. Каб знайсці выяву пэўнай цацкі ці падлічыць тыя ж домікі, давядзецца пастарацца. А яшчэ малюнак на вокладцы — крок да разумення дзецьмі абстрактнага жывапісу, пабудаванага на каларыстыцы. І быццам дадатковае запрашэнне фантазіраваць з дапамогай фарбаў, каб праз іх сумесь ды кляксы-пералівы адлюстроўваць свой настрой, не баючыся памыліцца, зрабіць штосьці не так.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА