Школа птушак і любові

Апублiкавана: 01 мая 2026 Арт-блог Тэатры Мінск Тэатральная плошча

Аўтар: Аўтары

Трэцюю сесію Міжнароднай тэатральнай акустычнай школы — праект канфедэрацыі тэатральных саюзаў, што рэалізуецца пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД, — Мінск прымаў у красавіку. Лабараторыя сабрала прадстаўнікоў Беларусі, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана на пляцоўцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

 

МІЖНАЦЫЯНАЛЬНЫ АБМЕН

Дзве мінулыя сесіі праходзілі ў Ерэване і Астане — тэатральныя дзеячы з розных краін працавалі над сцэнічным увасабленнем тэкстаў землякоў-сучаснікаў. У фінале гэтыя ўрыўкі звязваліся адзіным рашэннем і ў выніку збіраліся эскізы спектакляў, якія нібы закальцоўвалі ўсю дзейнасць лабараторыі. Падобныя творчыя пошукі адбываліся і цягам мінскай сесіі. А ўвосень усе ўдзельнікі такіх сустрэч збяруцца ў Самаркандзе, каб сумясціць свае эскізы і прэзентаваць вялікі інтэрнацыянальны спектакль.

Але ж мэта Міжнароднай акустычнай школы не толькі ў тым, каб звесці на адной сцэне розныя нацыянальнасці. Па сутнасці, гэты праект — маштабнае даследаванне таго, як на адну і тую ж з’яву глядзяць людзі з непадобным культурным і жыццёвым досведам, розных менталітэтаў і традыцый. І з’ява гэтая — birdwatching, што перакладаецца як “назіранне за птушкамі”, птушкаванне, якое стала сёння даволі распаўсюджаным хобі і рэдкай прафесіяй. Нестандартнасць абранай тэмы раскрывае і неардынарнасць мастацкага кіраўніка Школы — знакамітага рэжысёра, педагога школы-студыі МХАТ Віктара Рыжакова.

 

АДДАНАСЦЬ СПРАВЕ

Праца была плённай, напружанай і міждысцыплінарнай. Сярод удзельнікаў і педагогаў — прадстаўнікі розных тэатральных прафесій: драматургі, рэжысёры, музыканты, харэографы, акцёры. У такіх незвычайных абставінах усе мусілі зразумець адно аднаго, знайсці агульную мову, існаваць у рамках тыдня так, каб было цікава, камфортна і карысна. Таму акрамя працы па групах над сцэнічным увасабленнем сучасных драматургічных тэкстаў з Беларусі, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана, ладзіліся майстар-класы па харэаграфіі, вакале, дзе ўдзельнікі, незалежна ад нацыі і спецыяльнасці, сустракаліся, абменьваліся культурным кодам, увасобленым, напрыклад, у традыцыйных танцах і песнях. Заняткі дазволілі больш плённа паразважаць аб т ы м , што такое птушка. Пастаўленыя педагогамі задачы былі настолькі нестандартнымі, асаблівымі і пры гэтым дасягальнымі, што ўдзельнікі дзяліліся ўражаннямі і па-за межамі класа.

Магчымасць творчага абмену паглыблялі і прамежкавыя штодзённыя паказы, на якіх каманды прэзентавалі адна адной, педагогам і знакамітаму рэжысёру вынікі сваёй працы — падрыхтаваныя ўрыўкі. Гэта спрыяла бясконцаму пошуку, бо з першай сустрэчы і да апошніх рэпетыцый групы з розных краін пераасэнсоўвалі, змянялі, скарачалі тэкставыя і сцэнічныя версіі фрагментаў. Кожны аддаваў гэтаму час, сілы і любоў да справы.

 

АДЗІНСТВА РОЗНАСЦІ

Менавіта любоў у яе самым шырокім разуменні стала чырвонай ніткай, што прайшла праз усе этапы і падзеі Міжнароднай тэатральнай акустычнай школы. Майстар-класы, творчыя пошукі каманд, унутраныя паказы, абмеркаванні, рэпетыцыі на вялікай сцэне пад кіраўніцтвам Віктара Рыжакова, нават вольныя хвіліны былі прасякнуты самымі цёплымі, пачуццямі адно да аднаго, да тэатра, да нацыянальных асаблівасцей краін СНД.

Любоў літаральна іскрылася і ў фінале цяперашняга праекта, калі на сцэне РТБД пяць аб’яднаных адной тэмай тэкстаў на розных мовах склаліся ў эскіз спектакля. Удзельнікі з Таджыкістана і Туркменістана прэзентавалі ўрыўкі ў стылістыцы народных эпасаў. З Малдовы — прадставілі ў гратэскным гучанні экзістэнцыянальна-інфернальную “Небыль — фантазію на адным ўздыху”. Калектыў з Расіі стварыў музычную споведзь-разважанне, дзе птушка сімвалізуе адзіноту і разгубленасць, з якімі сутыкаецца амаль што кожны малады чалавек. А беларусы, якія адкрывалі паказ, узнялі актуальную тэму генацыду: спалучылі звесткі пра аўтара юрыдычнага тэрміна “генацыд” — сусветна вядомага Рафаэля Лемкіна родам з Гродзеншчыны — з казкай Уладзіміра Караткевіча “Лебядзіны скіт”.

У адзінае цэлае фрагменты спляталіся праз жывую музыку, тэатральныя шумы, фізічнае дзеянне, бесперапыннае знаходжанне ўсіх удзельнікаў на сцэне. Замацаваў гэту сувязь і спакойны, медытатыўны голас Саідо Шарапава. Гэты пісьменнік і драматург з Таджыкістана агучваў амаль усе пераклады на рускую мову. І тыя нібы “крычалі”: пры ўсёй рознасці нацыянальных традыцый заўсёды ёсць тое, што дапаможа не проста зрабіць незразумелае зразумелым, а паяднаць гэтыя зусім непадобныя паміж сабой рэчы. Усе яны будуць заставацца ўнікальнымі, адзінымі ў сваім родзе, аднак пры гэтым стануць зразумелымі, “роднымі” для кожнага.

Яўгенія БАЧЫЛА. Фота з архіва тэатра