Механізм творчага росту

Апублiкавана: 26 красавiка 2026 Стужка Харэаграфія Мінск Фестывалі

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

V Рэспубліканскі харэаграфічны конкурс “Дэнс-кангрэс” зноў сабраў маладых выканаўцаў і балетмайстраў з усёй краіны, каб адказаць на пытанні: куды рухаецца сучасная беларуская харэаграфія і хто будзе вызначаць яе заўтра.

 

Форум, арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, праходзіў з 23 па 25 красавіка. На адкрыцці прагучаў прывітальны адрас міністра культуры Рэспублікі Беларусь Марата Маркава. Натхнёныя словы задалі тон усяму, што пасля адбывалася на сцэне і па-за ёй: “З году ў год конкурс не толькі захоўвае, але і прымнажае свае традыцыі, дорыць сустрэчы з харэаграфічным мастацтвам і адкрывае новыя імёны. Для маладых талентаў гэта магчымасць атрымаць бясцэнны творчы досвед і заявіць пра сябе. Нязменнымі застаюцца галоўныя каштоўнасці праекта — падтрымка адоранай моладзі, высокі прафесійны ўзровень і папулярызацыя лепшых узораў нацыянальнай і сучаснай культуры. Упэўнены, што і сёлета конкурс адкрые імёны, якімі будзе ганарыцца Беларусь…”

Тры дні прайшлі на адным дыханні — у шчыльным рытме рэпетыцый, выступленняў і творчых сустрэч. Пераможцы вызначаны ва ўсіх намінацыях у кожнай узроставай катэгорыі. Галоўную ўзнагароду — гран-пры — атрымаў ансамбль народнага танца “Крокі” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Спецыяльны прыз “Перспектыва” журы прысудзіла Елізавеце Мамонавай (удзельніца заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, народнага харэаграфічнага ансамбля “Алеся” Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў), а найлепшай балетмайстарскай працай названа пастаноўка Юліі Ролевай (заснавальнік і мастацкі кіраўнік RDC Roleva Dance Center).

Рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская падсумоўвае вынікі без апоры на лічбы — гаворка найперш пра якасці і ўнутраную дынаміку, без якіх немагчымы творчы працэс: — З кожным годам арганізоўваць конкурс, з аднаго боку, прасцей: працуе назапашаны вопыт, ёсць рэпутацыя. Але з другога — значна складаней, бо ўзровень удзельнікаў пастаянна расце. Асабліва каштоўна, што танцавальнае асяроддзе развіваецца не толькі ў сталіцы: дастойныя калектывы ёсць у раённых цэнтрах, у аграгарадках. “Дэнс-кангрэс” — не пра адну ўдалую пастаноўку. Тут трэба ўмець раскрыцца ў розных формах.

 

ГАЛОЎНАЕ — ІНДЫВІДУАЛЬНАСЦЬ

Сёлета ў журы сабралася выключна мужчынская кампанія — дэталь заўважная, але істотней тое, што ў іх ацэнках і каментарыях выразна прагучалі асноўныя прафесійныя арыенціры і заўвагі, якія акрэслілі патрабаванні да сучаснай харэаграфіі.

— Сёння лёгка згубіць галоўнае — індывідуальнасць, — адзначае старшыня журы, народны артыст Беларусі, майстар айчыннай балетнай сцэны Юрый Траян. — Новыя імёны з’яўляюцца штогод, але сапраўдны ўласны почырк застаецца рэдкасцю, якую важна своечасова заўважыць і падтрымаць. Не трэба гнацца за модай: як толькі з’яўляецца нейкі рух ці звязка, яны імгненна пачынаюць тыражавацца. Шукайце сваё! Гэта складана, аднак інакш немагчыма. Прафесійная адказнасць пачынаецца ўжо з задумы: выбар тэмы, музыкі, назвы патрабуе адпаведнасці ўзроўню, які заяўляецца. Важна не толькі абазначыць думку, але і давесці яе да канца — праз дакладна выбудаваны пачатак і асэнсаваны фінал.

Тэму сцэнічнай адказнасці працягвае рэжысёр, дацэнт кафедры рэжысуры БДУКМ Аляксандр Вавілаў, звяртаючы ўвагу ўжо на ўнутраны стан выканаўцы.

— Перш за ўсё — словы ўдзячнасці педагогам: менавіта яны дапамагаюць юным талентам выходзіць на сцэну і ззяць. Сучасная харэаграфія шукае новую мову, спрабуе гаварыць пра складаныя рэчы — і не заўсёды гэта адразу зразумела. І ўсё ж менавіта ў такіх пошуках — будучыня. Сцэнічнае жыццё пачынаецца не ў момант выхаду, а за кулісамі. Калі вы ўваходзіце ў ролю яшчэ да таго, як вас убачылі, — тады ўзнікае давер з першай секунды. Нараджаецца тое самае чараўніцтва, якое трымае ўвагу і не адпускае.

 

РАЗВІЦЦЁ ПРАЗ ДЫЯЛОГ

Міжнародны склад журы надаў конкурсу дадатковую перспектыву.

— Я прыйшоў у сучасны танец праз Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску IFMC, і ўсё, што потым рабіў у Пецярбургу, вырасла менавіта адтуль, — тлумачыць дырэктар Цэнтра развіцця праектаў сучаснай харэаграфіі і танцавальнай кампаніі “Канон дэнс” Вадзім Каспараў. — Таму сёння для мяне прынцыпова важна, каб супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй у сферы танцавальнага мастацтва толькі ўзмацнялася. У нас ёсць магчымасць узаемна ўзбагачаць адно аднаго — у ідэях, у арганізацыі, у творчым падыходзе. За апошнія гады я ўжо прывозіў на сваю радзіму беларускія праекты і бачу, што гэта мае працяг. Тут, на конкурсе, ёсць выканаўцы, за якімі хочацца сачыць далей, запрашаць іх на іншыя пляцоўкі. Бо там, дзе ёсць жывы дыялог, заўсёды з’яўляецца развіццё.

Калі ж прафесійныя кантакты перарастаюць у доўгатэрміновыя сувязі, з’яўляецца тое асаблівае асяроддзе, пра якое гаворыць харэограф, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Гедымінас Таранда — практычна нязменны госць танцавальнага форуму:

— Заўсёды з радасцю прыязджаю ў Беларусь. І перадусім — дзеля людзей. Менавіта яны ствараюць атмасферу, якая захоўваецца гадамі. За гэтыя тры дні нібыта аднаўляецца ўнутраны рэсурс — з’яўляецца імпульс рухацца далей. Танец — гэта заўсёды пра пачуццё: пра радасць ці пра боль. І калі яно сапраўднае, яно адразу счытваецца — узнікае поўнае супадзенне з выканаўцам. У такія моманты ўсё астатняе адыходзіць на другі план. Узровень конкурсу вельмі высокі. Беларускім артыстам ёсць што паказваць на міжнародных сцэнах.

 

ЗАЎВАЖЫЦЬ І ПАДТРЫМАЦЬ

“Дэнс-кангрэс” — механізм творчага росту, які пачынае працаваць адразу. Лаўрэаты атрымліваюць магчымасць паступлення без экзаменаў у профільныя навучальныя ўстановы і могуць разлічваць на прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Але, бадай, самае істотнае — іншае: тут заўважаюць і даюць шанц праявіць сябе. Адсюль запрашэнні ў буйныя праекты і на вялікія сцэны. Прыклад таму — Фёдар Міхаленка, студэнт БДУКМ і пераможца мінулага года ў намінацыі “Дуэт”, які сёлета адкрываў конкурс.

— “Дэнс-кангрэс” стаў для мяне пунктам адліку ў прафесіі. Пасля перамогі пачалі паступаць запрашэнні на дзяржаўныя мерапрыемствы — Прэзідэнцкі баль, “Міс Беларусь”, канцэрты ў Палацы Рэспублікі… Гэта вялікая адказнасць. Таму ўсім, хто толькі пачынае, я б параіў не губляць магчымасць: выступаць, шукаць сябе, працаваць і не баяцца.

Конкурс скончыўся. Але танец не завяршаецца разам з апошнімі апладысментамі. Ён працягваецца ў тых, хто робіць першыя крокі на сцэну і паслядоўна ператварае спробу ў жыццёвы шлях.

Ганна КАЛІНІНА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА