Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка лічыцца адной з найлепшых на Міншчыне. І не дзіва: ва ўстановы сучаснае абсталяванне, тут ладзіцца багата праектаў, а калектыў перамагае ў абласных і рэспубліканскіх прафесійных спаборніцтвах.

ЧЫТАЧЫ І АЎТАРЫ
З 2019 года салігорцы бралі верх на рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” шэсць разоў.
— Галоўнае ў працы, — адзначае дырэктар Людміла Муравейка, — гэта кнігі і людзі. Бывае, што не толькі чалавек любіць кнігі, але і кнігі — яго, натхняючы на здзяйсненні, нават пераварочваючы лёс.

Такія людзі — чытачы і літаратары, з якімі існуе цесная сувязь. Прыкладам, у рамках сацыякультурнага праекта “Паспяховы альянс — бібліятэка і пісьменнік” ладзяцца сустрэчы з аўтарамі, паэтычна-музычныя імпрэзы.
— Сацыяльныя партнёры — буйныя беларускія выдавецтвы, — расказвае кіраўніца. — Пры іх падтрымцы мы правялі больш за 30 сустрэч-знаёмстваў. Дарэчы, сярод бібліятэк рэгіёна менавіта салігорская першай зрабіла на сваім сайце кабінет пісьменніка-земляка. Паміж установай і Фёдарам Гурыновічам заключана дамова, што дазваляе публікаваць яго кнігі ў электронным фармаце.
У межах абласнога конкурсу на найлепшы віртуальны музей рэсурс Салігорскай РЦБ заняў першае месца.

ДАСЛЕДАВАННЕ І ТВОРЧАСЦЬ
Сёння ў скарбніцы рэалізоўваецца два з паловай дзясяткі разнастайных праектаў. Яны прысвечаны вывучэнню роднага краю і захаванню гістарычнай праўды, даследчыцкай і творчай дзейнасці.
Краязнаўчая база дадзеных аб ветэранах і сведках Вялікай Айчыннай з гарадскога пасёлка Чырвоная Слабада Салігорскага раёна “Мы гэтай памяці адданыя” заклікае аднаўляць, вяртаць і зберагаць дакументальную памяць аб вайне і залучаць у важную справу маладое пакаленне. Праца ўганаравана дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў 2025 годзе.
Тэкстыльны арт-праект “Мяккая Радзіма” ўяўляе сабой вялікі пазл з каляровых фрагментаў — рэгіёнаў Беларусі, які ператвараецца ў інтэрактыўную дзею. Ужо больш за пяць гадоў ён здзіўляе і радуе. Таксама сярод яркіх ініцыятыў — “Хатка.by. #Салігоршчыны_маёй_карані”, “Зямля, дзе ўтульна сэрцу”, “Роднае слова — крыніца спрадвечная”.

— А яшчэ падлеткаў зацікавіў “Бэзавы код Салігорска”, — распавядае Людміла Адамаўна. — Для юнакоў і дзяўчат стала адкрыццём, што імёнамі выбітных асоб называюць не толькі вуліцы ці ўстановы, але і расліны. Так, удзельнікі адшукалі “Коржаў бэз” — жывую памяць пра чалавека, які любіў, абараняў Бацькаўшчыну і нават упрыгожваў яе. Гэта ўраджэнец Салігорскага раёна Герой Савецкага Саюза Васіль Корж. Яго імя носіць вуліца, дзе размешчана бібліятэка. Дарэчы, праект “Бэзавы код Салігорска” ў 2024-м быў адзначаны дыпломам І ступені на рэспубліканскім конкурсе.
СЯБРЫ І ПАРТНЁРЫ
Салігорцы маюць плённыя стасункі не толькі з беларускімі калегамі. Наладзіць кантакт са спецыялістамі з іншых краін дапамагла ініцыятыва Inter Library Post.
— Гэта паштовы іміджпраект: 24 лісты, высланыя на адрасы найбуйнейшых нацыянальных бібліятэк свету, — візітоўка нашай установы, — тлумачыць дырэктар. — Такім чынам мы пасябравалі з пасольствамі розных дзяржаў. Цёплыя адносіны склаліся з Кітайскім культурным цэнтрам у Мінску. У выніку адкрыты куток замежнай літаратуры “PROчитай мир”. Падтрымліваем сувязь з расіянамі.

ІНАВАЦЫІ І КАМФОРТ
— Багата чаго зроблена і для таго, каб наведвальнікі адчувалі сябе ў нашых залах камфортна, — расказвае Людміла Муравейка. — Новай сучаснай крэатыўнай прасторай стаў юнацкі абанемент РЦБ. А ў 2024-м прайшла поўная мадэрнізацыя гарадской бібліятэкі-філіяла № 2. Тут з’явіліся шматфункцыянальныя месцы для індывідуальнай і групавой працы. Лакацыя трансфармуецца пад мерапрыемствы любой тэматыкі — з гульнявой зоны ў кіназалу ці творчую лабараторыю. Цяпер хлопцы і дзяўчаты могуць паглыбіцца ў займальныя эксперыменты з дапамогай 3D-прынтара, паглядзець у электронны мікраскоп, спасцігнуць таямніцы планеты, выкарыстаўшы інтэрактыўны глобус.
АПАНТАНЫЯ І НАТХНЁНЫЯ
— Поспехаў было б цяжка дасягнуць, каб не калегі — апантаныя справай людзі, — прызнаецца Людміла Адамаўна. — Ва ўсіх 23 філіялах, што ўваходзяць у склад сістэмы, працуюць неабыякавыя і душэўныя бібліятэкары. Пра падначаленых дырэктар, здаецца, можа распавядаць гадзінамі: для любога, пачынаючы з тэхнічных работнікаў і заканчваючы сваім намеснікам, падбірае шмат добрых слоў. І кожны эпітэт пацвярджае бясспрэчным фактам.

— Лічу, што я — шчаслівы чалавек, бо знаходжуся ў асяродку цудоўных кніг і цікавых людзей, — падсумоўвае Людміла Муравейка.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы