Даўняя мара

14-гадовая Лізавета Цупрык з Брэста — двойчы лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі — прадставіць Беларусь на XXIV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск”. Яркая і адказная роля для юнай артысткі — даўняя мара, здзяйсненне якой — не столькі цуд, колькі заканамерны вынік настойлівасці і самаадданай працы.

 

— Лізавета, з чаго пачалася ваша творчая гісторыя?

— З танцаў! У два гады былі выступленні з наіўнымі і мілымі групавымі пастаноўкамі, а ў чатыры — першыя песенькі. Паспела паспрабаваць сябе і ў фігурным катанні, дзіцячую тэлеперадачу вяла… І ў рэшце рэшт асталявалася ў свеце музыкі! Пацешна, але менавіта да вакалу прыйшла спантанна: выйграла конкурс малюнкаў і атрымала ўрок у падарунак.

— Як складваўся шлях да перамогі ў нацыянальным адборы на “Славянскі базар у Віцебску”?

— Пяць разоў трапляла на абласны этап, тройчы — у фінал. Нягледзячы на няўдалыя спробы, ідэя паўдзельнічаць не адпускала… Цяпер, можна сказаць, заскочыла ў апошні вагон! Бо 14 гадоў — гранічны ўзрост на спаборніцтве.

— Распавядзіце, калі ласка, як з’явілася праграма, ацэненая самымі высокімі баламі.

— Распрацоўвалі яе разам з педагогам Вольгай Драздовай і ўсёй камандай эстраднай студыі StudioPlay. Бацькі таксама падключыліся! Рэпертуар, візуальнае суправаджэнне выступленняў, касцюмы, танальнасць і іншыя нюансы выканання — усе рашэнні нараджаліся ў пастаянным дыялогу і дзякуючы агульнаму натхненню. Апошнія крокі, каб з пункту гледжання тэхнікі вакал гучаў правільна і чыста, рабілі ў Брэсцкім цэнтры маладзёжнай творчасці з настаўнікам Аляксандрам Панасюком.

— Што вы спявалі?

— Over the Rainbow з дзіцячага мюзікла “Чараўнік краіны Оз” і кампазіцыю “Мой дом”, напісаную заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Валерыем Шматам. Праца прысвечана Радзіме і дому як сімвалу самага дарагога і блізкага. Гэта ўнікальны твор з цікавымі блюзавымі матывамі, які моцна выдзяляецца на фоне іншых эстрадных песень. Такое рэпертуарнае рашэнне добра раскрывае мяне з розных бакоў: у першай кампазіцыі паказваю сябе больш далікатнай, мяккай, летуценнай, а ў другой — валявой і энергічнай.

— Калі атрымлівалі запаветны дыплом, якія былі эмоцыі?

— Неверагодная лёгкасць! Быццам гара з плячэй звалілася. І слёзы шчасця нахлынулі ўмомант… Бо я столькі разоў спрабавала! У глыбіні душы вельмі жадала ўзяць верх, хаця і старалася не зацыклівацца на адзнаках і прызах.

— А ці прадчувалі трыумф?

— Не люблю ставіць сябе ў пазіцыю “ўсё ці нічога”, а ў выпадку з творчымі спаборніцтвамі — “альбо перамога, альбо паражэнне”. Таму і не разважаю ніколі пра магчымыя вынікі і сцэнарыі. У мяне нават лайфхак ёсць, каб абстрагавацца ад такіх думак! Рашаю ў галаве ўраўненні і задачкі. Гэты рытуал са мной з дзяцінства.

— Да конкурсу ёсць час. Як настрой?

— Атрымліваю асалоду ад моманту, набіраюся пазітыву і натхнення. Усё абрамлена чаканнем дня, калі аддам фестывальнай сцэне ўсю сябе, да апошняй іскры.

— Хваляванне не адольвае? Усё ж размах пляцоўкі ўражальны…

— Адчуваю толькі прыемнае трапятанне ад хуткай сустрэчы з гледачом!

— Ці было ўвогуле такое, каб выхад на публіку палохаў?

— Мяне гадавалі сапраўдным байцом, і прыкладна да 11 гадоў выступленні на эмацыйным узроўні даваліся даволі лёгка. А вось потым голас пачаў мяняцца, з’явіўся страх, што памылюся, вазьму не тую ноту. Нават з псіхолагам працавала над гэтым. Дапамагло справіцца з няўпэўненасцю!

— Што выканаеце для гасцей грандыёзнага форуму?

— Адназначнага адказу пакуль няма. Спадзяюся прадставіць кампазіцыі, што прынеслі перамогу ў нацыянальным адборы. Яны цяпер здаюцца асаблівымі, шчаслівымі.

— Якія музычныя стылі вам да душы?

— Вельмі падабаецца джаз! Хочацца асвоіць яго ў перспектыве. У цэлым мне блізкія многія жанры і напрамкі, бо ў кожным можна раскрыць сябе з розных бакоў.

— Што яшчэ яркага, акрамя перамогі ў адборы, адбылося ў артыстычным жыцці апошнім часам?

— Грандыёзны канцэрт, прысвечаны 30-годдзю спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Выступала ў суправаджэнні легендарнага аркестра імя Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. Неверагодныя ўражанні! Асабліва парадавалі няпростыя для нас, спевакоў, рэжысёрскія рашэнні. Мне, напрыклад, трэба было спускацца з высокіх усходаў і паралельна выконваць складаныя вакалізы. Абажаю падобныя выклікі.

— А па-за сцэнай нечым захапляецеся?

— Так, але ўсе цікавасці — танцы, акцёрскае майстэрства, акадэмічнае веславанне ды плаванне — так ці інакш служаць маёй артыстычнай рэалізацыі.

— Што наконт планаў?

— Да 11-га класа застаюся ў школе. А што далей — хто ведае? Пакуль рана загадваць. Можа, нехта прапануе супрацоўніцтва. Новым сустрэчам і праектам заўсёды адкрыта! У будучыні жадаю прадставіць Беларусь на міжнародных фестывальных пляцоўках. Галоўнае — займацца любімай справай і атрымліваць асалоду ад кожнага выхаду на сцэну.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва гераіні