З выказваннем пра традыцыю, час і няспынны рух наперад прайшоў канцэрт “Заўсёды быць заўтра” Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі разам з Нацыянальным Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь.

Магутная энергетыка танца, захопленыя апладысменты, непадробныя эмоцыі напаўнялі вялікую залу Палаца Рэспублікі. За відовішчнасцю — 40 гадоў творчай дзейнасці мастацкага кіраўніка калектыву, народнага артыста Беларусі, мэтра беларускай харэаграфіі Валянціна Дудкевіча, увасобленыя ў сотнях пастановак — ад камерных нумароў да маштабных харэаграфічных палотнаў, мюзіклаў, балетаў, тэматычных праграм і сюіт. Але справа не ў колькасці.
Важней — аўтарскі погляд і здольнасць бачыць у гісторыі і фальклоры жывы змест. Складаная, шматслойная спадчына — ад старажытных плямёнаў да больш позніх культурных і сацыяльных пластоў — становіцца матэрыялам для харэаграфічнага асэнсавання. Менавіта ў такую цэласную драматургію і трапляе глядач: ад вытокаў да сучаснасці, ад народнай асновы да сцэнічнай формы, ад традыцыі да эксперыменту.
ЗВАРОТ ДА КАРАНЁЎ

“Крывічы”, “Люцічы”, “Весначуха”… Нумары змяняюць адзін аднаго, але ўспрымаюцца як цэ- ласнае палатно, у якім адчуваецца дыханне гісторыі. Праз пластыку і рытм паступова праступаюць сэнсы мінулага. Сам балетмайстар называе такі падыход “мазаічнай рэканструкцыяй” — калі з асобных дэталяў складваецца агульная карціна эпохі. Зварот да ранняй гісторыі невыпадковы: тэрыторыя сучаснай Беларусі складвалася як зона ўзаемадзеяння розных культур.
Так, у кампазіцыі “Люцічы” ўвасабляецца ваяўнічы дух племені, якое, паводле даследчыкаў, было звязана з культам ваўка — знакам сілы, мужнасці і дваістай чалавечай прыроды. Гэты вобраз становіцца ключом да разумення іх светаўспрымання: адсюль уяўленні пра ваўкалакаў, мянушкі кшталту “Волат”, што ўзнікалі ў суседніх плямёнаў.
Адгалоскі такой культурнай традыцыі захаваліся нават у назвах геаграфічных мясцін (напрыклад, Ваўкавыск). Праз асобныя матывы, вобразы, сімвалы аднаўляецца ўяўленне пра тое, якімі былі нашы продкі, як жылі, адчувалі, рухаліся.
З АРЫЕНТАЦЫЯЙ НА ГЛЕДАЧА

Вернасць караням у працы Валянціна Дудкевіча спалучаецца з дакладным разуменнем цяперашняга часу і запытаў публікі. Арыентацыя на гледача, найперш маладога, становіцца адным з ключавых прынцыпаў. Таму аўтэнтычны фальклор трансфармуецца: у сучасных рытмах, у элементах этнафолку і этнароку, у больш дынамічнай драматургіі.
Віртуозныя трукі, дакладнасць выканання, азарт — усё падпарадкавана адной задачы: трымаць залу ў пастаянным напружанні, не дазваляючы страціць увагу ні на хвіліну. Бо недастаткова проста захаваць спадчыну — важна зрабіць яе часткай культурнага дыялогу.
У гэтым кантэксце харэаграфічнае палатно “Майстар” на музыку Ігара Карнелюка гучыць як выразны мастацкі маніфест. Тут традыцыя паўстае не як завершаная форма, а як рух — адкрыты да змен і новых інтэрпрэтацый.
СІНТЭЗ МАСТАЦТВАЎ

Асновай кожнай пастаноўкі ансамбля заўсёды быў і ёсць музычны матэрыял — у гэты вечар ён набыў асаблівае гучанне. Упершыню калектыў выступіў у суправаджэнні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова. Жывое адзінства руху і гуку надала дзеянню размах і экспрэсію. Асобныя эпізоды дапаўняе вакал: танцавальны нумар “Ульяніца” выконваецца пад спеў лаўрэата Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Маладзечна — 2024” Алесі Адамчык.
У праграму арганічна ўключаюцца і выступленні вядомых беларускіх артыстаў — Ірыны Дарафеевай, Анатоля Ярмоленкі, гурта “Чысты голас” ды іншых. Такія калабарацыі выводзяць ансамбль за межы танцавальнага жанру, нараджаючы паўнавартасны сінтэз мастацтваў.
ГАЛОЎНЫ ПРЫНЦЫП

“Заўсёды быць заўтра” — прынцып, па якім жыве калектыў. Імкненне быць арыенцірам, адчуваць дыханне часу і размаўляць з гледачом на адной мове вызначае сённяшні творчы кірунак ансамбля. У гэтым — сутнасць і галоўнае ўражанне ад убачанага.
Ганна КАЛІНІНА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА