Усе мы любім вынік — яркую карцінку, гучную захапляльную прэм’еру. Але які шлях праходзіць мастацтва да сустрэчы з гледачом? У новай рубрыцы “Закуліссе” прыўзнімаем заслону таямніцы.

Амаль стагоддзе жыве сцэна, якая стала сэрцам Віцебска. Тут, дзе гісторыя пераплятаецца з сучаснасцю і выразна гучыць беларускае слова, нараджаецца сапраўднае чараўніцтва. Зазірнём за кулісы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і ўбачым, як ствараецца цуд.

Аляксандр Замкоўскі, вядучы рэдактар Коласаўскага тэатра:
— Наша ўстанова адкрылася 21 лістапада 1926 года. Сёлета святкуем векавы юбілей. Гэта неверагодная, знакавая дата не толькі для нас, але і для ўсяго тэатральнага мастацтва Беларусі. Чым тэатр унікальны? Тым, што ён адзін мае статус “нацыянальны”, аднак працуе не ў сталіцы. Мы заслужылі высокае прызнанне сваёй творчасцю — творчасцю артыстаў, рэжысёраў, майстроў-пастаноўшчыкаў, кампазітараў — і стараемся з годнасцю яе несці і падтрымліваць.

Усю гісторыю галоўныя тут — артысты. Калектыў заўжды вылучаўся яркімі акцёрскімі вобразамі, незвычайнымі асобамі, якія кожным спектаклем, кожным выхадам на сцэну заслугоўваюць для беларускага мастацтва высокае званне.

Таццяна Ліхачова, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, актрыса Коласаўскага тэатра:
— Са мной аднойчы такое здарылася... Дом — тэатр, тэатр — дом. І вось збіраюся я на спектакль. Муж ляжыць на канапе, глядзіць на мяне, пытае: “Куды ты?” Адказваю: “Куды-куды, у тэатр”. Прыйшла, пераадзелася, загрыміравалася. Думаю: дзе людзі, каб мне прычоску зрабіць? Я на сцэну — пуста! Нервуюся. Тут сустракаю нейкага чалавека. “Прабачце, вы не ведаеце, што здарылася? Чаму сцэна пустая, дзе ўсе?” А ён: “Дык выхадны сёння”. Я стаяла хвіліны дзве. Потым у грымёрцы села — і рагачу, і плачу. І смешна, і крыўдна. Вярнулася дадому, муж пытае: “Ты не магла мне сказаць?” І я яму: “А ты не мог мне сказаць, што гэта выхадны?” Такая я была.

Сёння трупа маладзее. Старэйшыя артысты перадаюць веды, навыкі і прафесіяналізм новаму пакаленню. І ў гэтай пераемнасці — радасць тэатра. Усе людзі, якія тут служаць, адчуваюць сябе неабходнымі. Яны годна нясуць высокае званне коласаўца.

Памяць і слава тэатра замерлі ўздоўж калідораў. На сценах — партрэты легендаў і сённяшніх зорак трупы. Побач — скарбніца ўзнагарод: дыпломы, статуэткі, кубкі.

Рэпетыцыя спектакля "Несцерка".

У той час як глядач засяроджаны на сцэне, за кулісамі — сваё жыццё.

Там непрыкметна падтрымліваюць спектакль: кожны трос, кожны прамень святла павінен працаваць у зладжаным рытме прэм’еры.

У грымёрцы. Люстэркі памятаюць усё: першы выхад і сорак пяты паклон, смех, слёзы.

Люстэрка, пэндзаль, парык.

Грымёры ствараюць новы вобраз, і ў гэтым дзеянні схавана тэатральная метафізіка — сціранне аднаго "я" і нараджэнне іншага.

У рэквізітарскай шчыруюць над ілюзіяй рэальнасці. Тут няма дробязей: згублены гузік здольны адмяніць выхад, а правільна падабраная ваза — выратаваць пастаноўку.

На падмостках жыццё гучыць, за кулісамі — дыхае. Тут хаваецца тое, што нельга сфатаграфаваць, але можна адчуць.

Коласаўскі тэатр — не проста будынак. Гэта сям’я, дзе ўжо 100 гадоў вераць у цуд і рупяцца аб яго стварэнні. І пакуль свецяць сафіты, рыпяць тросы і аловак грымёра выводзіць новы вобраз — храм Мельпамены жыве. Бо за прыгожай заслонай пануе шчырая душа, якая гаворыць з публікай на поўны голас.
Ангеліна САРОКА. Фота аўтара
і Уладзіміра ШЛАПАКА