Традыцыя выканання кадрылі на Гродзеншчыне нядаўна атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Адну з формаў гэтага народнага танца, зафіксаваных у рэгіёне, — грабаўскую кадрылю Зэльвенскага раёна — сёння паспяхова захоўвае і папулярызуе ўзорны ансамбль “Зальвяначка”.

З РАЗУМЕННЕМ І ПАВАГАЙ
“Зальвяначка” пачала свой шлях у 2008-м на базе Зэльвенскай дзіцячай школы мастацтваў як звычайны танцавальны гурт. Крок за крокам ён набываў уласнае аблічча, фарміраваў склад, шукаў адметную мастацкую інтанацыю. Сама назва адсылае да мясцовасці і да ракі Зальвянкі. У сувязі з роднай зямлёй — і вытокі творчай канцэпцыі. Педагогі харэаграфічнага аддзялення ДШМ перакананы: калі на Зэльвеншчыне жыве народны танец, ён павінен быць прадстаўлены і на сцэне — выверана, асэнсавана, з павагай да традыцыі.
Кіраўнік ансамбля Іна Германовіч прыехала ў гэты край у 2003-м як малады спецыяліст.
— Пачынала выкладчыкам: працавала з дзецьмі, — згадвае яна. — Потым быў дэкрэтны водпуск. А пасля вяртання мне прапанавалі ўзначаліць калектыў. І з 2015 года жыву гэтай справай.
Побач з Інай Уладзіміраўнай — каманда аднадумцаў: Цімафей Жукоўскі і Ірына Вежнавец. Усе разам яны фарміруюць творчую атмасферу, у якой, паводле слоў дзяцей, адчуваеш сябе “як у сям’і”.
НОСЬБІТ ТРАДЫЦЫІ
“Зальвяначка” працуе ў розных пластычных напрамках: у рэпертуары арганічна спалучаюцца народная, стылізаваная, сучасная і эстрадная харэаграфія. Асаблівае месца належыць фальклору — ансамбль даследуе яго глыбока, з увагай да дэталей.

— Свядома звяртаемся да фальклорнай асновы, — падкрэслівае кіраўніца. — Важна дакрануцца да гісторыі матэрыялу, зразумець, адкуль ён, у чым унутраная логіка, як нараджаўся.
Сапраўдная візітоўка — грабаўская кадрыля, аўтэнтычны танец Зэльвенскага раёна, адноўлены і ўведзены ў сцэнічную практыку.
— Для нас гэта не проста рэканструкцыя. Нельга выканаць і забыць. Гэта жывая форма, якая існуе ў руху, захоўваецца ў рэпертуары і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Падобныя сістэмныя намаганні і сталі падставай для прызнання кадрылі элементам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны.
І ў такім выпадку “Зальвяначка” — носьбіт традыцыі. Выразнасць выступленням дорыць і супрацоўніцтва з народным ансамблем народных інструментаў “Калаж”: сцэнічнае дзеянне разгортваецца пад жывы гук.
КОЖНЫ МАЕ ЗНАЧЭННЕ
Пастаноўка танца — заўсёды шлях ад нечаканай задумы да яркага нумара. У “Зальвяначцы” такі працэс не падпарадкоўваецца строгім схемам. — Ідэя можа з’явіцца ў любую хвіліну, — кажа Іна Германовіч.
— Часам гэта прыродны вобраз, рух, нават дробязь — падзенне ліста. А часам — слова, верш, музыка, якія раптам зачапілі. Так, адзін з канцэртных блокаў на ваенную тэму нарадзіўся пасля праслухоўвання аўтарскай балады настаўніка школы.
З уражання вырасла цэласная сцэнічная кампазіцыя, якая атрымала добрыя водгукі гледачоў.
— Важна адчуць, што матэрыял табе блізкі, што праз яго можна гаварыць, — тлумачыць педагог. — І толькі тады пастаноўка танца пачынаецца сапраўды.
Тэрміны падрыхтоўкі заўжды розныя і залежаць ад узросту ўдзельнікаў: малодшым трэба больш часу, старэйшым — больш дакладнай, амаль ювелірнай працы з нюансамі. Але ў любым выпадку гэта сумесны творчы шлях, дзе ўнёсак кожнага мае значэнне.

У ВЯЛІКАЙ СЯМ’І
Сёння ў ансамблі больш за сотню юных артыстаў. Ва ўсіх трох узроставых групах складваецца ўласная культура ўзаемадзеяння — з дапамогай, адказнасцю і натуральнай пераемнасцю. Пасля заканчэння школы многія выхаванцы падтрымліваюць сувязь з калектывам: вяртаюцца ў залу, працягваюць танцаваць.

— Ёсць у нас, як я іх называю, “фанаты харэаграфіі”, — усміхаецца Іна Уладзіміраўна. — Яны ўжо выпускнікі, але ўсё роўна прыходзяць, займаюцца. І гэта, напэўна, самае каштоўнае.
Асобная старонка ў жыцці ансамбля — падарожжы. “Зальвяначка” рэгулярна ўдзельнічае ў конкурсах рознага ўзроўню. Дзякуючы Цімафею Жукоўскаму, які бярэ на сябе арганізацыйныя пытанні, вандроўкі не абмяжоўваюцца толькі выступленнямі.
— Цімафей Пятровіч так будуе кожную паездку, што яны становяцца для дзяцей сапраўдным адкрыццём, — адзначае суразмоўніца. — Экскурсіі, сустрэчы, новыя знаёмствы — выхаванцы вельмі чакаюць гэтых момантаў. І менавіта ў дарозе асабліва добра ўспрымаецца ўнутраная атмасфера калектыву: многае трымаецца на даверы, гумары, на ўменні слухаць. Думаю, таму і ўзнікае адчуванне, быццам ты ў вялікай сям’і.
НА МОВЕ ЧАСУ
“Зальвяначка” жыве ў пастаянным руху: канцэрты, фестывалі, падрыхтоўка новых праграм. Тут не бывае паўзы — нават на канікулах выканаўцы выступаюць, удзельнічаюць у раённых мерапрыемствах. Намаганні прыносяць прызнанне: ансамбль здабыў званне “ўзорны” (2021), Грамату Міністэрства культуры за шматгадовую плённую працу па папулярызацыі нацыянальнай культуры (2024). Аднак, як падкрэслівае Іна Германовіч, галоўнае не статус, а змест.

— Вядома, важна трымаць узровень, развівацца і не губляць сябе. Але ўсё пачынаецца з педагога. Калі яму самому цікава, ён здолее захапіць і вучняў. Тады з’яўляецца жаданне, матывацыя. Мы і сваіх дзяцей уцягваем у працэс: мая дачка таксама танцавала ў калектыве, сын Цімафея Пятровіча — з маленства разам з намі. Гэта натуральная пераемнасць.
Не спыняцца, захоўваць сувязь з каранямі і разам з тым адкрывацца новаму — вось чым жыве “Зальвяначка”. Тут танец — мова часу, якую вучацца адчуваць і разумець. І гэтая мова не змаўкае. З году ў год яна працягвае гучаць упэўнена і натхнёна.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву