Тэму “Год беларускай жанчыны: час новых магчымасцей і здзяйсненняў” абмеркавалі падчас відэаканферэнцыі ў прэс-клубе рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва”.

У студыі сустрэліся галоўны прававы інспектар працы Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Ала Ждановіч, уладальніца тытула “Жанчына года”, член Беларускага Саюза жанчын, генеральны дырэктар заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі” Ганна Сенькавец і дырэктар РВУ “Культура і мастацтва” Наталля Кузняцова.
Размова будавалася вакол Плана мерапрыемстваў да Года беларускай жанчыны, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 ад 1 студзеня 2026 года. Дакумент прадугледжвае работу па некалькіх асноўных кірунках: фарміраванне вобраза і медыяпадтрымка, здароўе і дабрабыт, прызнанне ўкладу і ўмацаванне сям’і, падтрымка прадпрымальніцтва і лідарства, сацыяльная і прававая абарона. Поўны запіс відэаканферэнцыі глядзіце на нашым ютуб-канале. У газетнай версіі — ключавыя тэзісы выказванняў удзельніц сустрэчы.
НАТХНЕННЕ І ТВОРЧАСЦЬ
Ганна Сенькавец:
— Вобраз жанчыны, маці, як цэнтральнай фігуры жыцця мы пазіцыянуем праз свае спектаклі. Як прыклад — новая пастаноўка маладой рэжысёркі Яўгеніі Гадун “Акадэмія свавольства”. Яна закранае праблему булінгу сярод падлеткаў. Хто, як не мы, жанчыны-маці, можам абараніць дзяцей ад гэтай з’явы? Якім чынам? Распавесці, у нашым выпадку праз спектакль, пра праблему, пра тое, што адчувае аб’ект здзекаў. Пасля прагляду “Акадэміі…” з залы гледачы выходзяць з мокрымі вачыма. А значыць, задача выканана. У Год беларускай жанчыны гэты і іншыя нашы спектаклі — галоўнае здзяйсненне. Яны насычаны матулінай клапатлівасцю, жаноцкай прыгажосцю і ўзнёсласцю. А напярэдадні журботнай даты 22 чэрвеня гледачы пабачаць прэм’еру адноўленага брэндавага спектакля нашага тэатра “Брэсцкая крэпасць”, у якім таксама чырвонай стужкай праходзіць роля жанчыны.
ПРАВАВАЯ АБАРОНА
Ганна Сенькавец:
— Жанчына — гэта не толькі захавальніца жыцця і крыніца натхнення для творцы, але яшчэ працаўніца, грамадскі дзеяч. Наша аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын” мае магчымасць пры ўдзеле вузкіх спецыялістаў падтрымаць суайчынніц, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, дапамагчы раскрыцца іх творчым здольнасцям ці ўмацавацца ў бізнес-сферы. А як кіраўнік хачу запэўніць, што ў тэатральным калектыве аказваецца ўсеагульная падтрымка жанчыне-маці. Гэта і прадастаўленне свабоднага дня з захаваннем заробку для тых, у каго двое і больш дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, і права на адпачынак у летні перыяд, іншыя заахвочванні.
Ала Ждановіч:
— Так, у многіх працоўных калектывах пэўныя дадатковыя правы жанчын замацаваны ў калектыўных дагаворах. У сваю чаргу, наш прафсаюз заключыў тарыфныя пагадненні з міністэрствамі культуры, інфармацыі, спорту і турызму, на аснове якіх распрацоўваюцца калектыўныя дагаворы. Яны з’яўляюцца ўнутраным лакальным актам і могуць паляпшаць умовы працы работнікаў.
Увогуле працоўныя правы жанчын, у тым ліку тых, хто гадуе дзяцей, замацаваны ў Працоўным кодэксе, іншых нарматыўных актах. Таму пры спрэчных сітуацыях варта звяртацца па дапамогу да прафсаюзных юрыстаў. Прыкладам, днямі ў нас было пытанне ад шматдзетнай маці, ці можа яна трапіць пад скарачэнне штатаў. Пераглядзеўшы нормы тарыфнага пагаднення, якія ляглі ў аснову калектыўнага дагавора, адказалі, што ў абавязках наймальніка захаваць працоўнае месца за шматдзетнай жанчынай. Дадам: прафсаюз мае магчымасць аказання не толькі прававой, але і матэрыяльнай дапамогі.
СЯМЕЙНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ
Ганна Сенькавец:
— Калі казаць пра работу, якую мы праводзім па-за межамі службовых абавязкаў, то яна накіраваная не толькі на падтрымку жанчын, але і папулярызацыю сямейных каштоўнасцей. Прыкладам, ладзім сустрэчы, кансультацыі з медыкамі, псіхолагамі, сацыёлагамі, спецыялістамі ў галіне сямейнага права. Магчымасці нашага аб’яднання ў аб’яўлены Прэзідэнтам Год беларускай жанчыны, безумоўна, пашырыліся, і мы маем намер іх выкарыстаць усе.
МЕДЫЯПАДТРЫМКА
Наталля Кузняцова:
— Наша ўстанова ў Год беларускай жанчыны сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем і гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі распачала інтэрактыўны праект “музыка жаночага хараства”. Ён злучае выявы візуальнага мастацтва з гучаннем інструментальнай музыкі, а традыцыйны фармат мастацкай рэпрадукцыі — з сучаснай інфасферай сацыяльных медыя. Пляцоўкай увасаблення ініцыятывы стаў часопіс “Мастацтва”. У Год беларускай жанчыны кожны яго нумар мы аздабляем шэдэўрамі жывапісу са збораў нацыянальнага мастацкага музея. Прыгажосць нашых жанчын, шчырых і адважных, выдатных у працы і ў творчасці, захаваная пэндзлем мастакоў, яшчэ ярчэй гучыць, падкрэсленая найлепшымі творамі класікаў музычнага мастацтва ў выкананні нашых таленавітых юных музыкантаў.
ДАРЭЧЫ
На старонках газеты “Культура” таксама працуе новы праект “У галоўнай ролі — жанчына”. Цыкл інтэрв’ю распавядае пра выдатных суайчынніц, раскрывае іх шматграннасць, падкрэслівае ролю і ўнёсак у развіццё нашай сферы і краіны. Годнае аздабленне для вобраза таленавітай працаўніцы, актыўнай грамадзянкі, руплівай гаспадыні і клапатлівай маці — “Партрэт у інтэр’еры”: фота гераінь упрыгожваць сёлета вокладкі выдання. Гэтыя кадры лягуць у аснову выставы, прэзентацыю якой мяркуем зладзіць на завяршэнне Года беларускай жанчыны.
Далучайцеся да ініцыятывы — распавядзіце пра сваіх славутых зямлячак! Самыя цікавыя і змястоўныя матэрыялы абавязкова надрукуем. Створым галерэю партрэтаў беларускай жанчыны разам! Допісы і фотаздымкі з пазнакай “У галоўнай ролі — жанчына” дасылайце на адрас kim@kultura-info.by
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзімра ШЛАПАКА