“Захаванне і папулярызацыя культурнай спадчыны на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў” — адна з галоўных тэм, што абмеркавалі ўдзельнікі міжнароднага круглага стала ў Мінску.

Мерапрыемства па абмене досведам у галіне культурнага супрацоўніцтва з удзелам базавых арганізацый разгарнулася 16—17 красавіка. Сустрэча была арганізаваная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным гісторыкакультурным музеем-запаведнікам “Нясвіж” пры падтрымцы Выканаўчага камітэта СНД да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, які адзначаецца 18 красавіка.

ШЫРОКАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА
У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі Выканаўчага камітэта СНД, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Казахстан, Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі, базавых арганізацый дзяржаў — удзельніц СНД у сферы адукацыі, музыкі, кінематографа, тэатральнай, музейнай і бібліятэчнай справы, захавання спадчыны, моладзевай палітыкі, турызму.
У рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў створана больш за сотню базавых арганізацый дзяржаў — удзельніц у розных галінах і напрамках супрацоўніцтва. Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” — адзіная ўстанова ў Беларусі, якая мае статус базавай арганізацыі ў сферы культуры. У Садружнасці Незалежных Дзяржаў пытаннямі культуры займаецца Савет па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц. Рашэнне аб наданні музею-запаведніку “Нясвіж” статусу базавай арганізацыі па пытаннях музейнай справы было прынята 21 лістапада 2014 года Саветам кіраўнікоў урадаў СНД у Ашхабадзе. Згодна з Палажэннем аб базавай арганізацыі, гэты статус зацверджаны ў мэтах навуковага, арганізацыйнага, вучэбна-метадычнага забеспячэння, павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у галіне музейнай справы і захавання нацыянальнага культурнага набытку дзяржаў — удзельніц СНД.
МАРАЛЬНАЯ ПРЫШЧЭПКА
Ключавой падзеяй стаў міжнародны круглы стол, прымеркаваны да 35-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Пасяджэнне, якое разгарнулася 16 красавіка на базе Выканаўчага камітэта СНД у Мінску, было прысвечанае тэме “Побач з сучаснасцю — мінулае. Захаванне і папулярызацыя сусветнай культурнай спадчыны на прасторы СНД”. Былі разгледжаны пытанні далейшага супрацоўніцтва ў гэтым напрамку базавых арганізацый дзяржаў — удзельніц СНД у сферы культуры, моладзевай палітыкі і турызму.

Першы намеснік генеральнага сакратара СНД Ігар Петрышэнка ў сваім відэазвароце да ўдзельнікаў круглага стала адзначыў, што важна зрабіць багатую культурную спадчыну краін Садружнасці запатрабаванай і даступнай для шырокага кола людзей, а перш за ўсё для моладзі. Уключэнне маладых людзей у працэсы вывучэння, захавання і прамоцыі культурнай спадчыны — гэта свайго роду маральная прышчэпка і залог таго, што культурны залаты фонд будзе перададзены будучым пакаленням. Толькі аб’ядноўваючы намаганні, мы можам эфектыўна адказваць сучасным выклікам, такім як глабалізацыя, разбурэнне традыцыйных каштоўнасцей або ўздзеянне штучнага інтэлекту на культуру.
Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што адным з яркіх прыкладаў супрацоўніцтва краін СНД з’яўляецца Міждзяржаўная праграма “Культурныя сталіцы Садружнасці”, у наступным годзе гэтага высокага статусу ўдастоіцца беларускае Маладзечна.
Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач у сваім вітальным слове адзначыў, што ў рамках СНД ствараюцца ўмовы для захавання і развіцця культурных асаблівасцей кожнага народа, а дачыненні паміж краінамі будуюцца на духоўнай еднасці, заснаванай на павазе да самабытнасці і актыўным узаемадзеянні па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей і абмене досведам.
У 2024 годзе ў Папярэдні спіс ЮНЕСКА ўключаная расійска-беларуская транснацыянальная намінацыя “Мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны: Брэсцкая крэпасць і Мамаеў курган”, сёлета плануецца падача заяўкі на папярэднюю ацэнку.
Таксама ў 2024-м у Сакратарыят Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА накіраваная намінацыя “Культура беларускай дуды” для ўключэння ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, вызначаны тэрмін разгляду дасье — 2027-ы.
А ў сакавіку 2026 года накіравана намінацыйнае дасье “Стравы з таркаванай бульбы — традыцыі прыгатавання і спажывання ў Беларусі”.
ЗНАЁМСТВА З РАЗМАІТАСЦЮ
У рамках мерапрыемства была разгорнута выставачная экспазіцыя “Спадчына, якая аб’ядноўвае пакаленні: Беларусь у спісах ЮНЕСКА”, прысвечаная беларускім аб’ектам матэрыяльнай і элементам нематэрыяльнай спадчыны, уключаным у спісы ЮНЕСКА. Нацыянальнае агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь прэзентавала інфармацыйны стэнд з матэрыяламі турыстычных маршрутаў і аб’ ектаў Рэспублікі Беларусь, якія адлюстроўваюць багатую культурную спадчыну краіны.

А культурная спадчына дзяржаў — удзельніц СНД была прадстаўленая ў фармаце кніжнай выставы, арганізаванай Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь. Таксама можна было азнаёміцца з фотапраектам аб дзейнасці Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.
У БАЗАВАЙ АРГАНІЗАЦЫІ
17 красавіка ўдзельнікі мерапрыемства ўжо пабачылі яго аб’екты на свае вочы і правялі тут чарговае пасяджэнне круглага стала на тэму ролі базавых арганізацый дзяржаў — удзельніц СНД ва ўмацаванні ўзаемадзеяння профільных устаноў на прасторы Садружнасці. Між іншага, абмяркоўваліся практыка і перспектывы трансгранічных намінацый у Спіс сусветнай спадчыны, пытанні работы з моладдзю, навукова-метадычнага суправаджэння валанцёрства, лічбавага развіцця і рэалізацыі праектаў на аснове штучнага інтэлекту.

Удзельнікі з беларускага боку прысвяцілі свае даклады дзейнасці айчынных аб’ектаў ЮНЕСКА ў Міры і Нясвіжы.
А прадстаўнікі Азербайджана, Кыргызстана, Расіі, Узбекістана, між іншага, распавялі аб перспектывах захавання такіх знакавых помнікаў, як Выстава дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве і цытадэль Аміра Цімура ў Самаркандзе, а таксама спадчыне такіх культурных цэнтраў, як Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных і Усерасійскі дзяржаўны ўніверсітэт кінематаграфіі імя С.А. Герасімава.
Антон РУДАК. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА
і Тэлеграм-канала Niasvizh_museum