Пад нябёсамі Радзімы

ПРАФЕСІЙНЫ ЛЁС

Народжаны ў 1940 годзе ў Слуцку, Уладзімір Баса­лыга займаўся ў мясцовай студыі выяўленчага мастацтва, у 1960-м скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава, а ў 1967- м — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе яго настаўнікамі былі Аляксандр Мазалёў і будучыя народныя мастакі Беларусі Гаўрыла Вашчанка ды Уладзімір Стальмашонак.

Працаваў у станковай і кніжнай графіцы ў тэхніцы афорта і літаграфіі, у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама вядомы як майстар экслібрыса.

З 1966 па 1971 год Уладзімір Басалыга — галоўны мастак Упраўлення мастацкай прамысловасці Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР, а з 1971 па 1980-ы — галоўны мастак Мастацкага фонду БССР. З 1989 па 1992 год — старшы выкладчык, а з 1992 па 1999-ы — дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 1999 годзе абраны намеснікам старшыні, а з 2001 па 2007-ы займаў пасаду старшыні Беларускага саюза мастакоў.

Быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, бронзавым медалём Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, шматлікімі граматамі і дыпломамі рэспубліканскіх ды ўсесаюзных конкурсаў мастацтва кнігі.

Памёр Уладзімір Басалыга ў 2020 годзе і пахаваны ў вёсцы Кухты на роднай Случчыне.

 

З УВАГАЙ ДА ТРАДЫЦЫЙ

Для творчасці графіка быў характэрны выразны ўплыў народнага мастацтва, а тэматыка яго работ цесна звязаная з вяртаннем гістарычнай памяці, нацыянальнай культурай і мовай, традыцыйным побытам і народнай архітэктурай, што добра відаць з назваў асноўных серый яго аўталітаграфій: “Помнікі дойлідства Беларусі”, “Мова наша родная”, “Радзіма мая дарагая”.

Як ілюстратар ён аздобіў больш за чатыры дзясяткі кніг беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку такіх класікаў, як Уладзімір Караткевіч і народныя паэты Беларусі Пятрусь Броўка і Максім Танк.

Цікава, што менавіта дзякуючы Уладзіміру Басалыгу былі вернутыя з забыцця імя і творчасць знакамітай сёння Алены Кіш ды высветленыя дэталі яе біяграфіі.

З дзяцінства знаёмы з маляванкамі ў вёсках Случчыны, мастак сабраў 13 такіх твораў, адрэстаўраваў і прадставіў на Першай рэспубліканскай выставе народных маляваных дываноў, якая адбылася ў сталічным Палацы мастацтва ў 1978 годзе. А пазней перадаў 11 з іх у фонды Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, паклаўшы пачатак калекцыі Музея беларускай маляванкі.

Варта адзначыць, што арнаментальныя рамкі са стылізаванымі кветкамі, якія Уладзмімір Басалыга выкарыстоўваў у сваіх работах, нагадваюць узоры на дыванах Алены Кіш і іншых майстроў маляванкі. І гэта яшчэ раз падкрэслівае повязь мастака з народнай традыцыяй не толькі паводле зместу твораў, але і паводле іх формы.

 

ВЯРТАННЕ ВОБРАЗАЎ

У архіве мастака — дзясяткі аўталітаграфій, афортаў і графічных аркушаў, выкананых каляровымі і вугальнымі алоўкамі, тушшу і пастэллю. Таксама мноства каляровых малюнкаў архітэктурных помнікаў, якія Уладзімір Басалыга рабіў адразу пасля падарожжаў па гістарычных мясцінах. Нехарактэрныя для стылю мастака і нязвыклыя для яго аматараў, яны дазваляюць больш глыбока зразумець творчыя пошукі перад пачаткам работы над шырока вядомымі літаграфіямі.

Серыя “Помнікі дойлідства Беларусі” была запачаткаваная напрыканцы 1970-х, у часы, калі востра стаяла пытанне ратавання і захавання беларускай гісторыка-архітэктурнай спадчыны. Побач з першымі спробамі рэстаўрацыі, многім выдатным аб’ектам дойлідства пагражалі заняпад і разбурэнне.

Работы серыі, ідэйным натхняльнікам з’яўлення якой, дарэчы, быў сябар аўтара, вядомы руплівец і знаўца старасветчыны Уладзімір Караткевіч, аздобленыя арнаментальнымі рамамі з пазначэннем месца і часу пабудовы таго ці іншага помніка, што робіць яе сапраўднай мастацкай энцыклапедыяй найлепшых узораў беларускай архітэктурнай спадчыны.

Аркушы з гэтай серыі неаднаразова тыражаваліся на паштоўках, плакатах, у кнігах і школьных падручніках, зрабіўшыся сапраўднай класікай беларускай школы графікі.

Серыя “Ахвяры духоўнага Чарнобыля” створана мастаком у апошнія гады жыцця і прысвечаная хрысціянскім святыням роднай Случчыны, знішчаным падчас шматлікіх войнаў і ў часы заняпаду ды пераследу рэлігійных традыцый. Вобразы даўно зніклых храмаў былі адноўленыя мастаком паводле старадаўніх выяў, а ў выпадку іх адсутнасці — паводле тэкставых апісанняў гэтых помнікаў у гістарычных крыніцах.

Антон РУДАК. Фота аўтара