Летапісец сталічнага асяроддзя. Так называюць Міколу Дучыца, па творах якога можна вывучаць гісторыю Мінска.

МАЙСТАР КРАЯВІДАЎ
Будучы вядомы жывапісец і графік нарадзіўся ў 1896 годзе ў Любчы на Навагрудчыне, у сям’і нашчадкаў перасяленца з Сербіі Самуэля Дучыца. Скончыў школу ў Троках, дзе браў першыя ўрокі жывапісу ў свайго дзядзькі-настаўніка, з 1910 па 1914-ы вучыўся ў Навагрудскім гарадскім вучылішчы, пазней — у рысавальнай школе Імператарскага таварыства заахвочвання мастацтваў у Петраградзе ў такіх прызнаных майстроў, як Аляксандр Бенуа, Мікалай Рэрых і Уладзімір Федаровіч.
На жаль, навучанне было перарвана Першай сусветнай вайной, і маладога мастака прызвалі ў войска. З прыходам савецкай улады ў шэрагах Чырвонай арміі ён браў удзел у паходзе на Варшаву, дзе трапіў у палон. І ў такіх складаных умовах, каб выжыць і пракарміцца, упершыню паспрабаваў зарабляць на жыццё маляваннем на заказ: пісаў акварэлі і вырабляў паштоўкі, аддаючы іх на продаж у мастацкі салон.

З 1921 года, калі ўсталявалася мяжа, якая, паводле Рыжскай мірнай дамовы, падзяліла Беларусь напалам, Мікола Дучыц асеў у Мінску, дзе выкладаў маляванне ў школах і на рабочых факультэтах. Ужо ў міжваенныя гады ён атрымаў вядомасць як адзін з пачынальнікаў нацыянальнай школы пейзажнага жывапісу і майстар краявідаў, у якіх адлюстраваў мноства помнікаў беларускага дойлідства, асаблівую ўвагу надаючы найбольш адметным будынкам беларускай сталіцы і стварыўшы ў сваіх работах яе адметны ды яркі вобраз. У 1933 годзе творца зрабіўся членам Саюза савецкіх мастакоў БССР, а ў 1938-м узначаліў яго праўленне.
РАТУЮЧЫ ПОМНІКІ
У гады Вялікай Айчыннай Мікола Дучыц жыў у акупаваным Мінску і багата прац прысвяціў адлюстраванню вобразаў беларускай сталіцы тых часоў, а потым і перыяду пасляваеннай адбудовы. Больш за тое, у ліхалецце ён шмат рабіў для ратавання помнікаў дойлідства і твораў мастацтва, разам са скульптарам Міхаілам Керзіным і мастакамі Пётрам Сергіевічам ды Анатолем Тычынам рупіўся над аднаўленнем абразоў і роспісаў касцёла Святых Сымона і Алены.
Адмыслоўцы сведчаць, што жывапісныя і графічныя творы Міколы Дучыца надзвычай зручна атрыбутаваць, бо ён нумараваў іх і заўжды памятаў дакладную колькасць. Таксама фіксаваў у подпісах даты, калі напісана тая ці іншая карціна, што ў выпадку з гарадскімі пейзажамі Мінска часоў Вялікай Айчыннай вайны дае магчымасць прасачыць, як змяняўся навакольны ландшафт і якія страты цярпела гарадская забудова.

ДАКЛАДНАСЦЬ ДЭТАЛЯЎ
Напрыклад, пейзаж “Руіны на Інтэрнацыянальнай вуліцы”, датаваны 16 жніўня 1944 года, дазваляе пабачыць, як выглядаў куток старога горада ў двары за архікафедральным касцёлам Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі неўзабаве пасля вызвалення Мінска ад гітлераўцаў. У перыяд ліхалецця мастак зафіксаваў многія мясціны, што ў выніку разбурэнняў і пасляваеннага аднаўлення назаўжды змянілі свой выгляд.

Ёсць пейзажы, на якіх яшчэ ў гады акупацыі Мікола Дучыц захаваў для гісторыі тагачасны выгляд свайго дома на Вакзальнай вуліцы, 3, дзе сёння раскінулася пляцоўка ля аднайменнай станцыі метрапалітэна, Лаўскай набярэжнай у раёне Зыбіцкай вуліцы, ад старой забудовы якой да нашых часоў не засталося і рэштак, альбо драўляных дамкоў у раёне Заслаўскай вуліцы, даўно заселенай шматпавяховікамі, ці колішняга фальварка Кальварышкі, на месцы якога нядаўна ўзведзены новы гмах Нацыянальнага гістарычнага музея.

Дакладнасць у дэталях і датах робіць выдатныя мастацкія творы Міколы Дучыца яшчэ і каштоўнымі крыніцамі па гісторыі Мінска і яго архітэктурнага аблічча, ператвараючы іх аўтара ў сапраўднага летапісца сталічнага асяроддзя, які любіў і адчуваў свой горад, што даўно зрабіўся родным, хоць цягам яго жыцця і зазнаў значныя змены ў выглядзе, месцамі да непазнавальнасці.

Памёр мастак у Мінску ў 1980-м, пахаваны на Чыжоўскіх могілках.
Антон РУДАК. Фота аўтара