Ці ёсць душа ў гліны?

Ён абраў шлях першапраходца і сёння з'яўляецца адзіным прафесійным ганчаром у Гомельскай вобласці. Арцёма Ткачова, нядаўна ўдастоенага звання “Народны майстар Беларусі”, на самой справе можна лічыць захавальнікам культурнага кода нацыі. Умелец расказаў аб сакрэтах гліны, унікальнасці беларускіх спарышоў і аб тым, чаму заводскі штамп ніколі не заменіць цеплыню ручной работы.

 

 

ТВОРЧЫ ГЕН

Сакрэт прафесійнага поспеху нашага героя — у сям’і. Больш за дваццаць гадоў яго бацькі, Вольга і Ігар Ткачовы, працуюць у Стрэнькаўскім раённым цэнтры рамёстваў, займаючыся адраджэннем традыцый продкаў.

З дзяцінства хлопец рос у атмасферы творчасці, асвойваючы ткацтва, саломапляценне, а пазней і ганчарную справу. Пасля школы, як некалі і маці, паступіў у Бабруйскі дзяржаўны каледж імя А.Я. Ларына, выбраўшы спецыялізацыяй работу з глінай.

Потым працягнуў навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і атрымаў вышэйшую профільную адукацыю. Але ён памятае свой першы гліняны выраб у дзіцячым узросце:

— Зляпіў і распісаў кацянят. Атрымалася добра!

Галоўным аўтарытэтам на шляху станаўлення Арцём лічыць Тамару Іванаўну Васюк, сваю ўніверсітэцкую выкладчыцу. А настаўнікам менавіта па ганчарстве — народнага майстра Беларусі Юрыя Іванавіча Боўду.

 

САКРЭТЫ РАМЯСТВА

Праца з глінай патрабуе не толькі натхнення, але і строгага захавання тэхналагічнага працэсу. Сушка, абпал, падрыхтоўка матэрыялу — кожны этап істотны для выніку.

— Калі нешта не выконваць, гліна будзе трэскацца, — тлумачыць майстар.

Асаблівую ўвагу ён надае дробязям. Напрыклад, каб донца не лопнула, кожны рамеснік вынаходзіць свае “фішкі”. Важная і сама гліна. Арцём выкарыстоўвае некалькі відаў. Брэсцкая цэніцца за мінімальнае ўсаджванне пры сушцы. З Гараднінскай белай, якая дае вялікую ўсадку, трэба працаваць інакш.

— Яна не баіцца адкрытага агню, — дзеліцца вопытам майстар. — З яе раблю туркі. А з брэсцкай падобнае не атрымаецца. Таму неабходна ведаць, для чаго падыдзе той ці іншы матэрыял.

 

У ПОШУКАХ ФОРМЫ

У паўсядзённай працы майстра пераважаюць традыцыйныя беларускія спарышы (здвоеныя пасудзіны), якія цяпер карыстаюцца найбольшым попытам. Акрамя таго, душа Арцёма ляжыць да аўтарскіх, складаных вырабаў. Умелец займаецца сапраўднай рэканструкцыяй: шукае старажытныя ўзоры і прыстасоўвае іх да сучасных рэалій.

Галоўная цікавасць рамесніка — формы і спосабы дэкору.

— Спрабую знайсці нейкія даўнія рэчы і аднавіць, — кажа майстар, адзначаючы свае збаны, якія ўяўляюць сабой сумесь старадаўніх формаў.

 

УНІКАЛЬНАСЦЬ НАШАГА

На думку Арцёма, беларуская кераміка адрозніваецца ад украінскай і рускай сваёй прадуманасцю і эстэтычнасцю. Галоўны аргумент — традыцыйныя спарышы.

— Ніхто не здагадаўся злучыць два збаны на адну ручку. У Расіі, ва Украіне, у Еўропе іх рабілі асобна, а ў Беларусі падумалі: навошта паасобку пасудзіны цягаць, калі можна разам? — разважае ён.

Філасофія “прыгажосць плюс зручнасць” прасочваецца і ў іншых прадметах побыту. Майстар праводзіць паралель з лыжкамі і куфрамі: беларуская лыжка “прымае форму рота”, яна даўгаватая, а вечкі беларускіх куфраў рабілі круглымі, з вялікай колькасцю ўпрыгожанняў, каб прадмет быў не проста функцыянальным, але і цешыў вока.

 

ГЛЕДЗЯЧЫ Ў БУДУЧЫНЮ

Стаўленне да масавай вытворчасці ў народнага майстра дваістае. З аднаго боку, ён разумее, што тыражаванне сувенірнай прадукцыі дазваляе знаёміць большую колькасць людзей з глінянай культурай. З іншага — выразна падзяляе заводскую штампоўку і ручную працу.

— Калі гэтым займаецца завод, то ўжо таго цяпла і душы не будзе ў вырабах, — упэўнены Арцём.

Ён схіляецца да таго, каб захоўваць ручную вытворчасць для сапраўдных аматараў і прасоўваць нашу, беларускую кераміку. Гледзячы ў будучыню, Арцём Ткачоў ставіць перад сабой маштабныя задачы. Ён плануе развіваць рамяство і аднаўляць страчаныя тэхналогіі, але галоўная мэта — выхаваць вучняў.

— Каб хтосьці з іх абраў сабе кераміку ў якасці прафесіі, каб на мне не спынілася традыцыйнае мастацтва, а, наадварот, пайшло ўгору, — марыць майстар.

Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва героя