Па тэатральных прыступках

Апублiкавана: 25 красавiка 2026 Стужка Тэатры не указан

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

 

У Мінску адзін за адным прайшлі два міжнародныя дзіцячыя тэатральныя фестывалі — “Крокі” і “Першая прыступка”.

ПАТРЫЁТЫКА І ДУХОЎНАСЦЬ

 

VIII Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум “Крокі” сабраў 13 спектакляў з Белгародчыны, Гомеля, Лепеля, Любані, Мазыра, Масквы, Мінска, Смаленска, Сочы.

— Адразу адзначу выдатную арганізацыю, — падзяліўся ўражаннямі старшыня журы Віталь Катавіцкі — акцёр, рэжысёр, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, старшыня экспертна-творчай камісіі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, старшыня рэспубліканскай экспертна-творчай камісіі Міністэрства культуры па тэатральным і цыркавым мастацтве. — Шмат намаганняў прыклала ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама. Відавочны вялікі энтузіязм, запал з боку сталічнай дзіцячай школы мастацтваў № 2. Яна выступае ініцыятарам фестывалю, а яе выпускнікі паспяхова заканчваюць профільныя ВНУ, рэалізоўваюцца ў прафесійных і студыйных калектывах. Раней я багата чуў пра “Крокі”, але прысутнічаў упершыню. Здзіўлены тым, як шмат спонсараў задзейнічана, якія добрыя падарункі ва ўсіх удзельнікаў. Гэта таксама немалаважна, бо матывуе на плённую працу. Былі цікавыя спектаклі, узрадаваў вельмі высокі ўзровень некаторых калектываў, на які пачнуць арыентавацца астатнія. Спадзяюся, дапамогуць і тыя заўвагі, што мы праводзілі з кіраўнікамі студый — тактоўна звяртаючы ўвагу на недахопы, выпраўленне якіх адкрые дарогу да далейшых перамог.

Гран-пры атрымала музычная фантазія “Аліса” ў пастаноўцы Анатоля Лагутэнкава з Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Там сышлося ўсё: добра падрыхтаваныя юныя артысты (дарэчы, у спектаклі іх амаль 30), жывыя спевы, танцы, моманты інтэрактыву, выдатныя касцюмы, дэкарацыі, цудоўна арганізаваная сцэнічная прастора, нечаканае адлюстраванне вобразаў. За найлепшае мастацкае рашэнне ўшанаваны спектакль “Сумная такса”. Ён дакладна выкананы па відэакантэнце, пластычным малюнку, адрозніваўся знешняй пастановачнай культурай. Прыемна, што адразу два творы даследавалі патрыятычную тэму, і было відаць: для дзяцей яна не чужак, а асэнсаваная розумам, перажытая сэрцам. Цікавая работа “Што ж такое мы...” раённага ДК Сочы, дзе на першым плане аказалася слова. За найлепшае рэжысёрскае рашэнне ўзнагароджаны эксперыментальны спектакль “Дзяўчынка з запалкамі” народнага тэатра-студыі “Акно” з сяла Таўрава Белгародскай вобласці Расіі. У гэтай пастаноўцы свая канцэпцыя. Дыялогі гераіні з гараджанамі тычыліся сямі смяротных грахоў, што выяўляліся праз маскі з кардону, рукі. Але дзяўчынка засталася вернай Богу. Складаная рэлігійная тэма, хрысціянскія каштоўнасці, што чырвонай ніткай праходзяць праз казкі Андэрсена, падносіліся без ціску. Пры ўсёй трагічнасці гісторыі сцвярджалася перамога дабра над злом. Фінал пакінуў адчуванне таго сонечнага праменьчыка, што асвятляе жыццё чалавечай душы. А ўвогуле, журы адзначыла ўсе калектывы — за тое лепшае, што было ў іх паказах.

 

ПАВЕТРА СУПРАЦЬ ШТАМПАЎ

 

VI адкрыты фестываль-конкурс тэатральнай творчасці “Першая прыступка” прайшоў у сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” пры падтрымцы ўзорнага тэатра-студыі “Сюрпрыз”. Сярод 11 спектакляў з Беларусі і Расіі гран-пры здабыла правінцыйная камедыя “Чэхаў. Дачнікі” з Мінска.

— Прыемнай нечаканасцю, — распавёў старшыня журы Яўген Іўковіч, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, — стаў для мяне ўзровень падрыхтоўкі хлопчыкаў і дзяўчынак. На дзіцячых фестывалях звычайна вясёла, бадзёра, аднак часцей не больш за тое. А тут я ўбачыў відавочны філасофскі складнік. Гэта быў разумны тэатр, юныя акцёры якога яшчэ і працавалі па-даросламу. Вялікая заслуга кіраўнікоў у тым, да якіх твораў, да якой тэматыкі яны звяртаюцца са сваімі калектывамі. Паказаныя спектаклі і забаўлялі, і настройвалі на абмеркаванне, асэнсаванне, мелі глыбокі падтэкст, аб’ёмнасць даследавання закранутых праблем, калі замест плоскасцевых выяў узнікае другі, трэці план. Я не проста назіраў, а суперажываў, думаў — і гэта вельмі важна. Калі такі ўплыў аказваецца на публіку, дык на шмат большы — на саміх удзельнікаў. Вядома, далёка не ўсе стануць прафесійнымі дзеячамі тэатра, але праз яго выхоўваецца чалавечая асоба, духоўныя і душэўныя памкненні. Разам са сваімі героямі дзеці таксама памыляюцца, выпраўляюцца, удасканальваюць сябе. Не менш істотная і магчымасць падрыхтоўкі да прафесіі. У наш Маладзёжны тэатр прыходзяць маладыя спецыялісты з розным узроўнем, і відаць, хто пачаў займацца яшчэ ў маленстве і пад кіраўніцтвам добрых выкладчыкаў. Найлягчэй выхаванцаў, што называецца, “выдрэсіраваць” — вынік будзе хуткі, адразу заўважны: усе ўсё робяць. Здаецца — дакладна, прафесійна. Аднак знікае непасрэднасць, шчырасць, замест таго — адчуванне заштампованасці. А дзецям трэба даваць паветра. Няхай яны атрымліваюць належную базу і спрабуюць увасабіць нешта самі. Тады зразумела, хто з іх нараджаны для прафесіі артыста — а хто з часам знойдзе сябе ў чымсьці іншым, але застанецца прыхільнікам тэатра, дасведчаным гледачом. І гэта таксама цудоўна!

 

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота з архіваў фестываляў