Марафон на клавішах раяля

Апублiкавана: 09 красавiка 2026 Стужка Музыка Мінск Конкурсы

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

VII Міжнародны конкурс піяністаў “Мінск-2026” урачыста завершыцца ўвечары 10 красавіка. Пераможцы атрымаюць узнагароды, выступяць падчас гала-канцэрта. А пакуль прыгадаем…

 

СТАРОНКІ ГІСТОРЫІ

Конкурс быў заснаваны ў 1996-м, сёлета яму спаўняецца 30 гадоў. Юбілейнае спаборніцтва стартавала ў першы красавіцкі дзень. Вельмі сімвалічна, бо напярэдадні, 29 сакавіка (а ў высакосны год — 28-га), адзначаецца Міжнародны дзень фартэпіяна, што прыпадае на 88-я суткі года — па колькасці клавішаў раяля. Таму адно свята плаўна мадулявала ў наступнае. І разгарнулася амаль на два тыдні.

А тое, што наш піяністычны “Мінск” ладзіцца раз на пяць гадоў, толькі дадае яму вагі і адчування эксклюзіўнасці. За часы існавання спаборніцтва адкрыла шмат музыкантаў, імёны якіх сёння асацыююцца з лепшымі дасягненнямі сучаснай фартэпіяннай школы — у тым ліку беларускай. Згадаем такіх айчынных зорак, як Андрэй Сікорскі, што стаў найлепшым на першым конкурсе “Мінск-1996”, Аляксандр Музыкантаў, перамога якога стала сапраўднай сенсацыяй у 2000-м і была напрарочана, як тады жартавалі, самім яго прозвішчам. Сярод далейшых лаўрэатаў і дыпламантаў — такія вядомыя цяпер айчынныя піяністы, як Андрэй Іваноў, Канстанцін Красніцкі, Улада Шацкая, Алена Навуменка (у замужжы — Мкртчан) і многія іншыя.

Папярэдні “Мінск-2021” дадаў новую традыцыю, якая захавалася і пашырылася сёлета. Гэта прамыя трансляцыі конкурсных праслухоўванняў. Цудоўна, калі выступленні ўдзельнікаў можна паглядзець не толькі ў нас, але і па ўсім свеце! Вядома, нішто не заменіць жывое выкананне, магчымасць прысутнічаць на ім і быць сведкам таго, як гукавая энергетыка, харызма музыкантаў вольна сягае са сцэны ў залу. Але падобныя трансляцыі здольныя прыцягнуць увагу і да самога конкурсу, і да краіны, дзе ён праводзіцца, і да тых музыкантаў, якія, магчыма, не заваююць вышэйшы п’едэстал, бо конкурс патрабуе ўніверсальнасці, вялікай фізічнай і псіхалагічнай вытрымкі, але здольныя скласці добрую выканальніцкую кар’еру ў пэўнай стылёвай галіне.

 

МАТЭМАТЫЧНЫЯ ПАДЛІКІ

На “Мінск-2026” было пададзена 104 заяўкі з дзевяці краін. У прыватнасці, гатоўнасць пазмагацца выявілі 57 маладых піяністаў з Расіі, 29 — з Беларусі, 11 — з Кітая, два — з Казахстана і па адным музыканце з Італіі, Паўдзённай Карэі, Узбекістана, Францыі, Японіі.

Паводле гістарычных звестак з сайта спраборніцтва, гэта самая вялікая колькасць заявак за ўсе гады існавання нашага конкурсу, што сведчыць пра яго запатрабаванасць і ўзрослую папулярнасць. Бо раней лічбы вар’іраваліся ў межах ад паўсотні да васьмі дзясяткаў. Максімум у 87 заявак назіраўся ў 2010-м. VII Міжнародны конкурс піяністаў “Мінск-2026” урачыста завершыцца ўвечары 10 красавіка. Пераможцы атрымаюць узнагароды, выступяць падчас гала-канцэрта. А пакуль прыгадаем…

Па ўмовах, у другі тур павінна была патрапіць не больш як палова з 56 канкурсантаў. На справе іх аказалася менш — 19. І толькі шасцёра піяністаў атрымалі магчымасць выступіць з аркестрам.

Што ні кажыце, вельмі строгае журы! У яго складзе — знаныя канцэртуючыя музыканты і педагогі не толькі Саюзнай дзяржавы, але і Казахстана, Узбекістана. Старшыня жу­ры, нязменны цягам усіх такіх конкурсаў, — народны артыст Беларусі, прафесар Ігар Алоўнікаў.

Колькасць патэнцыйных канкурсантаў абмяжоўваецца ўжо самімі ўмовамі ўдзелу. Справа не толькі ва ўзросце — ад 16 да 30 гадоў. Калі ў першым туры неабходна выканаць адзін з найскладанейшых эцюдаў Шапэна, гэта адразу ўсталёўвае вельмі высокую прафесійную планку, пераадолець якую могуць толькі добра падрыхтаваныя салісты. Таму папярэдні адбор па запісах, што часам практыкуецца на іншых спаборніцтвах, не патрабуецца.

Ды і конкурсная праграма трох тураў разлічана на некалькі гадзін ігры.

У першым — класіцысцкі твор, што становіцца добрым паказальнікам якасці гуку, стылёвай чысціні выканання. Жанр канцэртнага эцюда дэманструе тэхнічную аснашчанасць. Абавязковае ўключэнне беларускай музыкі (дарэчы, сёлета з надзвычай шырокім выбарам — ад ХІХ да ХХІ стагоддзяў) не толькі папулярызуе нашу багатую культуру, але і паказвае гатоўнасць замежных музыкантаў хутка пашырыць свой рэпертуар.

Другі тур — гэта паўнавартаснае сольнае аддзяленне, здольнае акцэнтаваць найлепшыя якасці выканаўцы, яго густ і логіку ў пабудове праграмы, у падыходзе да буйной формы. Нарэшце, фіналам становіцца выкананне аднаго з вядомых фартэпіянных канцэртаў з аркестрам. А гэта патрабуе не толькі лепшых сольных якасцей, але і ўмення знаходзіць баланс, узаемадзейнічаць з дырыжорам і аркестрам, якія бачылі на сваім вяку шмат сусветна знакамітых выканаўцаў абранага твора. Неабходны ўзровень тут задало адкрыццё конкурсу, калі Пяты фартэпіянны канцэрт Бетховена сыграў загадчык кафедрай нашай Акадэміі музыкі, прафесар, лаўрэат міжнародных конкурсаў, сябра журы Уладзімір Дулаў.

Вось імёны пераможцаў: першую прэмію атрымала наша Любоў Глазава, другую падзялілі беларус Аляксандр Данілаў і расіянін Дзмітрый Беразняк, трэцяя — у Ганны Валеевай з Расіі. Дыпламантамі сталі Аляксандра Дзедзік і Марк Рудзенка.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Аляксандра ГОРБАША, з Тэлеграм-канала
"Международный конкурс пианистов «Минск-2026»"