Сто гадоў у сценах Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л.П. Александроўскай гучыць музыка. За сваю векавую гісторыю школа выхавала цэлую плеяду знакамітых музыкантаў, кампазітараў і педагогаў – тых, чые імёны сёння гучаць на акадэмічных сцэнах і эстрадных пляцоўках краіны.

У ГОНАР АЛЕКСАНДРОЎСКАЙ
Летапіс школы пачаўся ў лютым 1926 года, калі Пастановай Народнага камісарыята адукацыі БССР у сетку навучальных устаноў была ўведзена Мінская музычная школа. З той далёкай зімы і па сёння яе гісторыя непарыўна пераплецена з лёсамі беларускага нацыянальнага мастацтва, а сама яна стала жывым увасабленнем яго развіцця і росквіту.
Ля вытокаў стаяў першы дырэктар — вядомы віяланчэліст, яркі дзеяч культуры Барыс Фідлон, які заклаў трывалы падмурак для будучых творчых перамог.

Знакавая падзея адбылася ў 1945-м: у гонар 25-годдзя творчай дзейнасці выдатнай опернай спявачкі і рэжысёра Ларысы Александроўскай Мінскай музычнай школе №1 было прысвоена яе імя. Яно стала не проста назвай, а высокім арыенцірам і духоўным захавальнікам ўстановы. Ларыса Пампееўна Александроўская — адна з першых спявачак беларускай прафесійнай опернай сцэны, уладарка ўнікальнага голасу і рэдкага сцэнічнага таленту. У 1940-м яна была ўдастоена ганаровага звання “Народная артыстка СССР”, стаўшы сапраўднай легендай яшчэ пры жыцці. Ларыса Пампееўна заўсёды з асаблівай цеплынёй ставілася да юных музыкантаў. Яна любіла выступаць разам са школьнымі калектывамі — хорам і ансамблем скрыпачоў, перадавала маладым талентам не толькі сакрэты майстэрства, але і сваю бязмежную любоў да мастацтва.
З часам у школе змяняліся кіраўнікі, і кожны пакінуў непаўторны след у яе гісторыі. Амаль 40 гадоў аддаў установе Ізраіль Герман. Працавалі на пасадзе дырэктара і іншыя выбітныя музыканты — Юрый Каратаеў, Ігар Дземчанка, Уладзімір Гуртатоўскі, Сяргей Перапеча, Аляксей Снітко. Цяпер эстафету трымае малады і таленавіты калектыў прафесіяналаў, на чале якога стаіць Ала Майстар.
Сёння таксама на базе школы дзейнічае гарадское метадычнае аб’яднанне па музычна-тэарэтычных дысцыплінах, якое служаць творчай лабараторыяй для настаўнікаў музыкі ўсёй сталіцы.

ІХ ВЕДАЕ КРАІНА
За сваю векавую гісторыю школа выхавала не адно пакаленне адораных музыкантаў. Паказальна, што з часу заснавання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі заахвочваннямі былі адзначаны 33 яе вучні, а таксама ўзорны хор “Тоніка”.
Сярод знакамітых выпускнікоў — цымбалісткi, чые пальцы далікатна абуджаюць срэбны голас інструмента, заслужаная артыстка БССР Таццяна Сцяпанава і віцэ-старшыня Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў, дацэнт кафедры струнных народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Рыма Падайніцына.
Сцены школы памятаюць кампазітараў, якім наканавана было стаць голасам беларускай музыкі. Народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі, чые мелодыі палюбілі мільёны, Уладзімір Дарохін, Аляксандр Друкт, Ларыса Мурашка, Ганна Казлова — кожны з іх дадаў сваю непаўторную ноту ў партытуру айчыннага мастацтва.
Вядучыя прафесары Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, сярод якіх Уладзімір Няхаенка і Барыс Спектар таксама згадваюць родную школу з цеплынёй і ўдзячнасцю, перадаючы студэнтам веды, атрыманыя ад сваіх настаўнікаў.
І, вядома, нельга не сказаць пра тых, хто сёння збірае вялікія канцэртныя залы і гучыць з экранаў тэлевізараў: Мiкiта Пятроў, Наталля Котава-Громава, Таццяна Лях, Вольга Калеснікава. Іх творчасць любяць тысячы, і іх поспехі бяруць вытокі менавіта тут, за партамі першай музычнай школы. Кожны з іх працягвае традыцыі, закладзеныя ў роднай школе, несучы высокае мастацтва ў свет.
НА ВЯЛІКАЙ СЦЭНЕ
Стагоддзе Дзіцячая музычная школа мастацтваў №1 імя Ларысы Александроўскай адзначыла значнымі падзеямі. Адна з такіх адбылася 11 сакавіка на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Вучні выступілі ў суправаджэнні Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь. За дырыжорскім пультам — заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Яўген Бушкоў. Разам яны падарылі гледачам захапляльнае падарожжа скрозь эпохі: ад вытанчанага барока да заваднога джазу.

Юныя салісты, ансамблісты і харавыя калектывы скарылі зал сваім майстэрствам. Фартэпіяна і віяланчэль, марымба і мандаліна — гучанне разнастайных інструментаў злівалася ў цэлы сусвет. Але галоўнае нават не тэхніка. У гэты вечар дзеці не проста ігралі і спявалі — яны расказвалі гісторыі на сваёй, асаблівай мове.

“Мова музыкі пазбаўлена грубасці, і праз гэта яна з’яўляецца цалкам унікальнай”, — заўважыў са сцэны маэстра Яўген Бушкоў.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля сотні маладых выканаўцаў, а ўдзячных слухачоў было амаль пяцьсот. Праграма ўключыла ў сябе канцэрты, санаты і ўверцюры. Сярод найбольш вядомых твораў — канцэрт для фартэпіяна з аркестрам фа мінор Іагана Себасцьяна Баха (саліравала Таісія Маскалёва), канцэрт ля мінор для скрыпкі з аркестрам (рэдакцыя для ксiлафона) у выкананні Дзяніса Драмава і, вядома, знаёмая кожнаму беларусу песня Ігара Лучанка “Жураўлі на Палессе ляцяць”, якую пранікліва праспяваў Раман Бендзятовіч.
Лепшыя вучні і творчыя калектывы ДМШМ №1 падарылі гледачам па-сапраўднаму незабыўны вечар. Вечар, напоўнены любоўю да музыкі і шчырай адкрытасцю мастацтву.
Дар’я АРХІПКОВА. Фота з архіва ўстановы