Праграму з такой назвай прадставіў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі 14 красавіка ў Палацы Рэспублікі.

Праз мову рухаў перад гледачом разгарнуліся этапы працоўнага шляху чалавека, які ўжо 40 гадоў вызначае жыццё калектыву…

Гаворка пра Валянціна Дудкевіча — мастацкага кіраўніка ансамбля, народнага артыста Беларусі, мэтра беларускай харэаграфіі.
— Дэвіз для ўсіх відаў творчасці адзін: нельга заставацца ў мінулым, — адзначае Валянцін Уладзіміравіч. — Памятаць яго неабходна, але трэба рухацца наперад. Усё змяняецца, тэмп паскараецца. І калі чалавек раптам кажа: “У мяне ўжо ўсё ёсць, я ўсяго дасягнуў”, — ён губляе здольнасць бачыць і адчуваць прыгожае.

Менавіта гэтая думка — стрыжань праграмы. Народная харэаграфія тут не музейны экспанат, а жывая матэрыя, якая дыхае ў рытме часу.
— Як калісьці з некалькіх інструментаў нараджаўся аркестр, так і танец няспынна ўзбагачаецца, набываючы новыя фарбы, інтанацыі і формы, — тлумачыць Валянцін Дудкевіч. — Гэта цэлы свет з рознымі напрамкамі. Спачатку творчыя знаходкі ўспрымаюцца як эпатаж, як нешта незвычайнае, нават чужое, але з цягам часу арганічна ўрастаюць у фальклор.

ЛЁС “ПРЫМУСІЎ”
Цяжка паверыць, але ў ансамбль Валянцін Уладзіміравіч прыйшоў… неахвотна.
— Памятаю свой першы дзень: я не проста сумняваўся — я адмаўляўся. На той момант працаваў галоўным рэжысёрам бюро спецыяльных мерапрыемстваў у філармоніі, меў справу з тысячамі людзей і, прызнаюся, стаміўся ад пастаяннай залежнасці — ад абставін, ад маштабу. Захацелася іншага: пісаць, заставацца сам-насам з чыстым аркушам і адказваць толькі перад сабой.
Але лёс “прымусіў”. І, здаецца, не памыліўся.
— Калі бяруся за нешта — гэтым жыву. Не ўмею адступаць і аддаюся цалкам. Кожны раз пачынаю так, нібы гэты мой першы крок. Усё нараджаецца з нуля: думка, вобраз, музыка.
Як пацвярджэнне — словы тых, хто назіраў шлях кіраўніка цягам дзесяцігоддзяў.
— Працую ў калектыве амаль ужо 42 гады, — расказвае рэпетытар па балеце Сяргей Смірноў. — Менавіта з прыходам Валянціна Уладзіміравіча ансамбль уздыхнуў на поўныя грудзі: пачаліся актыўныя гастролі, значна пашырылася іх геаграфія, абнавіўся рэпертуар, з’явіліся маштабныя праграмы, зроблена вельмі шмат.

І сёння калектыў знаходзіцца ў выдатнай форме.
У АДГАЛОСКАХ МІНУЎШЧЫНЫ
Адна з істотных рыс творчасці Валянціна Дудкевіча — імкненне асэнсаваць Беларусь як шматслойную, гістарычна насычаную прастору.
— Мы не аднародная нацыя. Ёсць культура сялянская, гарадская, арыстакратычная. Мы жылі ў розных дзяржавах, у розных эпохах. І ўсё гэта — наша гісторыя.

Кожная яго пастаноўка пранізана духам таго перыяду, да якога творца звяртаецца, — ад старажытных плямёнаў да больш позніх культурных і сацыяльных пластоў.
— Самае галоўнае — знайсці свайго артыста. Яны — мая крыніца натхнення. Часта ідэя нараджаецца менавіта тады, калі бачу чалавека, здольнага яе ўвасобіць. Далей — ужо сумесная праца.
Думаючы пра развіццё калектыву, Валянцін Уладзіміравіч асаблівую ўвагу надае пераемнасці — выхаванню моладзі, захаванню індывідуальнасці кожнага выканаўцы і адначасова фарміраванню агульнага мастацкага мыслення.
— Прыйдзе наступнае пакаленне — і будзе развіваць тое, што ўжо зроблена. Сёння ў нас сапраўды моцны склад. Сярод найлепшых выхаванцаў — Максім Кашэвіч, Ігар Міцкевіч… Апошні нядаўна быў адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры. І іх дасягненні радуюць нават больш, чым уласныя.
АДКРЫТЫЯ ДА ТВОРЧАСЦІ
Нягледзячы на выразны аўтарскі почырк, Валянцін Дудкевіч падкрэслівае:
— Ансамбль — не закрытая сістэма. Пастаянна штосьці дадаём, пераглядаем, шукаем. Канешне, без выпрацоўкі ўласнага стылю ніяк, але мы адкрытыя да творчасці.

Упершыню ансамбль выступіў разам з Нацыянальным Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова.
— Няпросты, але вельмі цікавы эксперымент. Нам хацелася зрабіць нешта сапраўды маштабнае. Працаваць пад аркестр — вялікае шчасце і сапраўдная раскоша.
Жывая музыка, паводле слоў харэографа, патрабуе іншага дыхання, іншай энергіі, і менавіта таму канцэрт стаў сапраўднай падзеяй.

НІ НАМЁКУ НА СПЫНЕННЕ
На пытанне пра сакрэт доўгай творчай дарогі Валянцін Уладзіміравіч адказвае з уласцівай яму іроніяй:
— Доўга жыву. У мяне яшчэ шмат даўгоў перад сабой — шмат чаго хочацца зрабіць. Таму нельга азірацца назад. Толькі наперад.

У планах — новыя мюзіклы, пастаноўкі, яшчэ не адкрытыя тэмы. І — ніводнага намёку на спыненне.
— “Пярэстае” — так адным словам можна апісаць маё жыццё. Як пёры ў птушкі, — адзначае мэтр. — Былі ўдачы, былі памылкі… але ніколі не было нудна.
Канцэрт “Заўсёды быць заўтра” — пункт адліку, з якога пачынаецца новы рух. І, магчыма, што ў гэты вечар глядач убачыў не толькі мінулае майстра, але і яго будучыню.

Тую, пра якую творца гаворыць:
— Ты ёсць тым, кім з’яўляешся сёння. І тым, кім станеш заўтра.
Ганна КАЛІНІНА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА