“Вялік святой нам дзень настаў”

Апублiкавана: 13 красавiка 2026 Стужка Традыцыі Гродна і вобласць Спадчына

Аўтар: Аўтары

Вялікдзень – свята веры, надзеі, перамогі жыцця над смерцю, ушанавання ўваскрэслага Хрыста. У народзе Уваскрэсенне Хрыстова святкуецца шырока і ярка. На Дзятлаўшчыне таксама захоўваецца адметная велікодная традыцыя, якой не адзін дзясятак гадоў.

 

Яе падтрымліваюць удзельніцы народнага фальклорнага гурта вёскі Погіры Жукоўшчынскага дома культуры, якім кіруе Тамара Ступак. Калектыву больш за сорак гадоў, і ён ніколі не здраджвае светлай традыцыі – штогод на Вялікдзень хадзіць “алыкаваць” па падворках, радаваць велікоднымі песнямі аднавяскоўцаў.

Раней на Вялікдзень па Погірах хадзіла па тры групы алыкоднікаў. Пачыналі святочныя візіты дзеці, затым на падворкі наведвалася моладзь, а пад вечар алыкавалі дарослыя.

Сярод спевакоў пераважалі мужчыны, былі скрыпка і гармонік. Калі ішлі з аднаго краю вёскі да другога, заходзячы на падворкі, спявалі выключна велікодныя песні, а ўжо калі вярталіся назад з поўнымі кошыкамі – любыя вясёлыя. Затым разам садзіліся за вялікі стол святкаваць і зноў спяваць.

І ў нашы часы ў гэты дзень над Погірамі лунаюць звонкія галасы. “Вялік святой нам дзень настаў” – чуе кожны гаспадар, на падворак да якога заходзяць алыкоднікі. “Паненачку” спяваюць маладым дзяўчатам, каб хутчэй замуж пайшлі, “Паніча” – хлопцам. Кожнае выступленне завяршаецца песняй “Падзякуем Госпаду Богу”, і гаспадары адорваюць алыкоднікаў святочнымі пачастункамі.

Ёсць у рэпертуары спявачак яшчэ і жартоўная песня – “Каб на вашай хаце лебяда расла” – для сквапных гаспадароў, якія нічога не хочуць пакласці ў велікодны кошык.

Але на памяці ўдзельніц гурта яе спяваць не даводзілася, бо аднавяскоўцы на свята іх чакаюць і сустракаюць выключна гасцінна.

Сёлета ўдзельніцы гурта аб’ядналіся з артыстамі Гезгалаўскага дома культуры і з песнямі і добрым настроем рушылі ў дарогу.

Пакуль прайшлі з аднаго канца Погіраў у другі, кошыкі напоўніліся фарбаванымі яйкамі і іншымі пачастункамі, а юныя таленты, якія ў гэты дзень далучыліся да прадстаўніц старэйшага пакалення, ужо адчувалі сябе больш упэўнена.

Будзем спадзявацца, што добрую народную традыцыю пяройме і захавае падрастаючае пакаленне дзятлаўчан, бо так хочацца, каб роднае-народнае не страчвалася, а жыло з намі яшчэ многія дзесяцігоддзі.

Марына ЛУКІЯНЕЦ, загадчык метадычнага аддзела Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці