Гісторыі адзіная нітка

Апублiкавана: 13 красавiка 2026 Стужка Музеі Мінск Беларусь — Раcія

Аўтар: Аўтары

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры пашырае геаграфію супрацоўніцтва. Так, маштабны выставачны праект “Адзіная нітка гісторыі” падрыхтаваны на аснове фондаў гэтай установы ў Калінінградскім абласным музеі бурштыну. Экспазіцыя, прымеркаваная да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, адкрылася 13 сакавіка.

 

З Калінінградчынай у нашай краіны гістарычна трывалыя сувязі. Гэтая зямля згуртавала брацкія народы — актыўна развіваецца супрацоўніцтва ва ўсіх важных сферах: гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай. Сёлета Калінінградская вобласць святкуе 80-годдзе. Дзякуючы перасяленцам лёс расійскага рэгіёна знітаваны з Беларуссю. З абяскроўленых вёсак людзі ехалі на захад Расіі, спадзеючыся здабыць новы дом. Тут і сёння захоўваецца ўплыў нашых традыцый.

 

ЖЫВЫ СІМВАЛ

Літаратурна-мастацкая экспазіцыя складаецца з шасці раздзелаў — па колькасці абласцей Беларусі. У цэнтры кожнага — ручнікі адпаведнага рэгіёна, біяграфічныя матэрыялы пра пісьменнікаў, якія паходзяць адтуль, і іх працы, а таксама паэтычныя радкі аб роднай зямлі і яе адметнасцях.

— Асаблівае месца адведзена беларускаму ручніку — галоўнаму сімвалу сувязі часоў і пакаленняў. Яго вобраз неаднаразова апяваўся ў творах айчынных аўтараў і стаў важным мастацкім сімвалам у нашай матэрыяльнай і духоўнай культуры, — адзначыла на адкрыцці куратар выставы, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова.

Беларускае народнае ткацтва — адно з самых старажытных рамёстваў, якое на працягу стагоддзяў было неад’емнай часткай побыту. Менавіта ў гэтай традыцыі заключаецца сіла нашай культуры і яе здольнасць да адраджэння. Сёння беларускае ткацтва — не проста напамін з мінулага, а жывы сімвал нацыянальнай ідэнтычнасці.

 

УНІКАЛЬНЫЯ РЭЧЫ

У межах праекта прадэманстраваны матэрыялы з архіваў вядомых творцаў.

Мінскую вобласць прадстаўляе самы малады класік айчыннай літаратуры Максім Багдановіч, Брэсцкую — “палеская ластаўка” Яўгенія Янішчыц, Віцебскую — народны пісьменнік Пятрусь Броўка, Магілёўскую — Аркадзь Куляшоў, народны паэт, аўтар тэксту легендарнай песні “Алеся”, што ўвайшла ў залаты фонд “Песняроў”, Гродзенскую — адна з заснавальніц новай беларускай літаратуры Алаіза Пашкевіч (Цётка), Гомельскую — юбіляр 2026 года народны пісьменнік Іван Шамякін. Даступная і тэматычная фотазона, дзе паказаны аўтэнтычныя касцюмы.

Сярод экспанатаў — і асабістыя рэчы майстроў слова з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Гэта ручнік сям’і Максіма Багдановіча, які належаў сваякам з боку бацькі паэта — этнографа Адама Ягоравіча Багдановіча. Можна таксама ўбачыць ўнікальную каляровую посцілку, вытканую маці Яўгеніі Янішчыц, ручнік з малой радзімы Петруся Броўкі — вёскі Пуцілкавічы — і яго драўляную шкатулку з саламянай інкрустацыяй. А яшчэ — традыцыйны беларускі пояс Івана Шамякіна, 105-годдзе якога адзначаецца сёлета.

 

АДМЕТНЫ ЭЛЕМЕНТ

Прэзентаваны і неглюбскія ручнікі.

Яны адрозніваюцца складанай паліхромнай гамай (да 25 адценняў) і багатымі арнаментамі, якіх налічваецца больш за 120 (некаторыя ўзыходзяць да тысячагадовых звычаяў). Тэхніка, дзе ткацтва вядзецца са сподняга боку, забяспечвае непаўторнасць кожнага вырабу. Дарэчы, 9 снежня 2025 года Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны на 20-й сесіі ў Нью-Дэлі ўключыў неглюбскую тэкстыльную традыцыю Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

 

САПРАЎДНАЕ І АДВЕЧНАЕ

Нягледзячы на тое, што часы саламяных дахаў і натуральнай гаспадаркі даўно і незваротна мінулі, душа беларуса трывала караніцца ў нацыянальных традыцыях і сёння.

Наталля КАЛЯДЧЫК.
Фота з архіва Калінінградскага абласнога музея бурштыну