Узмацняючы сувязі, умацоўваючы майстэрства

Апублiкавана: 31 сакавiка 2026 Стужка Музыка Мінск Беларусь — Раcія

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Да Дня яднання Беларусі і Расіі быў прымеркаваны сольны канцэрт знанага піяніста Дзяніса Мацуева “Класіка і джаз”. Усе сродкі ад продажу квіткоў вырашана накіраваць на падтрымку юных талентаў. Адпаведны сертыфікат урачыста ўручылі Міністэрству культуры нашай краіны для далейшай перадачы ў Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

 

Старшыня Праўлення ААТ «Сбер Банк» Яўген Елісееў
уручыў Дзмітрыю Шляхціну грашовы сертыфікат

 

БЕЛАРУСКІЯ КАРАНІ?

Перад пачаткам канцэртнай праграмы гучала шмат слоў пра значнасць падзеі. Сапраўды, прыезд піяніста-віртуоза сусветнага ўзроўню, а тым больш такога, які апроч усяго яднае класіку з джазам, — вялікая з’ява ў мастацтве і грамадскім жыцці. Першы намеснік міністра культуры Беларусі Дзмітрый Шляхцін адзначыў: “Народы дзвюх краін павінны атрымліваць усё лепшае, што ёсць у іх культурах. І гэта будзе развіваць кожную з іх”.

Народны артыст Расіі Дзяніс Мацуеў падкрэсліў, што з Мінскам у яго “даўні раман”: тут заўжды атрымлівае вельмі цёплы прыём, сустракае шматлікіх сяброў, з якімі калісьці вучыўся. Вось і прыязджае сюды з задавальненнем, хаця апошнім разам выступаў тут гадоў пяць таму.

— Музыка — гэта тэрапія, — сказаў Дзяніс Леанідавіч. — Абмен энергіяй між сцэнай і залай. Таму асноўную частку канцэрта я склаў з тых твораў, якія звычайна выконваю на біс. Іх у мяне каля 200, з кожным нумарам звязана свая гісторыя. У гэтым сэнсе канцэрт шмат у чым — спантанная імправізацыя. Бо думка пра тое, што сыграць наступным, звычайна прыходзіць да мяне, калі саджуся на банкетку перад раялем на сцэне.

Насамрэч калі гэта і была імправізацыя, дык не спантанная, а добра падрыхтаваная. Пра тое сведчылі надрукаваныя праграмкі, дзе ў пераліку твораў дапускаліся гэткія “варыяцыйныя” змяненні. Цалкам лагічныя, бо вёў канцэрт, за выключэннем афіцыйнага ўступу, саліст самастойна, прадэманстраваўшы добрае валоданне яшчэ і жанрам сторытэлінгу — захапляльнага апавядання цікавых гісторый.

Слухаючы канцэрт, раптам падумалася: яднанне Беларусі і Расіі папраўдзе глыбокае. Бо Мацуеў, мяркуючы па прозвішчы, таксама крыху “беларус” — па меншай меры, на ўзроўні продкаў. Менавіта ў нашай мове ёсць словы “мацаць”, “умацоўваць”, “узмацняць”, якія і маглі ў даўнія часы стаць асновай мянушкі. Цікава і тое, што гэтыя словы маюць непасрэдныя адносіны да знакамітага музыканта: Мацуеў мацае клавішы раяля, вымушаючы іх то пранікнёна спяваць, то танчыць у шалёным віхры. Тым самым умацоўвае сваё майстэрства і ў выніку ўзмацняе фартэпіянныя дасягненні не толькі Расіі, але і свету.

 

МУЗЫЧНАЯ МОВА

Пераканаў у гэтым і цяперашні канцэрт, пабудаваны на самых, бадай, папулярных творах розных эпох, часам у нечаканай інтэрпрэтацыі. Першы блок утрымліваў еўрапейскую і рускую класіку, другі прысвячаўся джазу. Але і тут знайшлося месца для знакамітых класічных мелодый, што сталі асновай джазавых імправізацый.

У музыцы барока, прыклад якой — скрыпічная Чакона І.С. Баха ў транскрыпцыі Ф. Бузоні, піяніст падкрэсліваў папраўдзе палярныя кантрасты між бурлівай патэтыкай з доляй урачыстасці, дзе раяль ператвараўся ў магутны ар­ ган, і кранальна сцішанымі эпізодамі, што нагадвалі гучанне клавесіна. Фінал бетховенскай “Апасіянаты” літаральна змятаў усё на сваім шляху. “Арабеска” Шумана, прысвечаная жонцы Клары Вік, вылучалася непрадказальнай нервознасцю, уласцівай гэтаму кампазітару. Самы знакаміты Вальс Шапэна, неаднойчы ўвасоблены найлепшымі харэографамі свету, атрымаў яшчэ большую, чым звычайна, свабоду, гэткую вольную палётнасць.

Дзве прэлюдыі Рахманінава ўспрымаліся міні-цыклам, другая частка якога падкрэслівала задорна-танцавальную жанравую аснову. Настальгічна прагучала “Восеньская песня” Чайкоўскага. Кожная фраза была настолькі выразнай, што ў музычных гуках нібыта чуліся пранікнёныя звароты чалавечага голасу. Фінал Восьмай санаты Пракоф’ева засведчыў не столькі характэрную для кампазітара ўдарную трактоўку інструмента, колькі тыпова пракоф’еўскую энергію, мэтанакіраванасць.

 

ДЖАЗАВЫ БЛОК

Не менш разнастайным па стылі аказаўся джазавы блок. Да Мацуева далучыліся кантрабасіст і кампазітар Андрэй Іваноў і ўдарнік Давід Ткебучаеў — таксама музыканты экстра-класа, што дэманстравалі сваё майстэрства і ў чуйнай ансамблевай ігры, і ў віртуозных сольных імправізацыях. Мацуеў тут паўстаў не толькі выканаўцам, але і кампазітарам, у тым ліку сумесна з Івановым (п’еса Standarts ІІІ). Ігра на прыціснутых струнах кантрабаса асацыявалася з гітарай. А ля падстаўкі — з амаль скрыпічнымі флажалетамі. У Імправізацыі на тэмы Грыга з “Пер Гюнта”, таксама створанай “у дуэце”, адна мелодыя перацякала ў другую, потым у трэцюю і так да фіналу з яго д’ябальскімі скокамі “У пячоры Горнага караля”.

Вельмі ўразіла аўтарская Балада. Яе разгорнуты ўступ, падобны да марскіх прыліваў-адліваў, спалучаў атмасфернасць з элементамі музычнага імпрэсіянізму, што ўяўляецца адной з тэндэнцый сучаснай музыкі. Уласна баладная апавядальнасць мела розныя тэмбрава-эмацыйныя градацыі. У кантрабаса — па-мужчынску стрыманыя. У фартэпіяна — кульмінацыйна экспрэсіўныя.

А завяршыў вечарыну адзін з найбольш папулярных джазавых стандартаў — “Караван”.

Канцэрт атрымаў відавочны тэатральны ўхіл, забяспечаны арганізатарамі. Рэжысёр Галіна Галкоўская і галоўны мастак Любоў Сідзельнікава пагрузілі сцэну ў прыцемкі, упрыгожылі яе кандэлябрамі, а для джаза дадалі на падлогу нерухомыя праекцыі арнаменту, на заднік — колерамузыку. Атрымаўся гэткі “Мацуеў-спектакль”, дзе саліравала музыка.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва Вялікага тэатра