Кіраўнік з сэрцам мастака

Апублiкавана: 11 красавiка 2026 Стужка Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: РУДАК Антон

Нацыянальны мастацкі музей прадстаўляе выставу “Юрый Карачун. Да 95-годдзя з дня нараджэння”.

 

ШТРЫХІ БІЯГРАФІІ

Будучы заслужаны дзеяч мастацтваў нарадзіўся ў 1931 годзе ў Мінску. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў з сям’ёй у эвакуацыі ў Паўладары Казахскай ССР, на радзіму вярнуўся ў 1947-м. А ў 1952-м атрымаў дыплом Мінскага мастацкага вучылішча імя А.К. Глебава, дзе вучыўся ў такіх вядомых мастакоў, як Галіна Ізергіна і Віталь Цвірка, пасля чаго працаваў выкладчыкам малявання і чарчэння ў мінскай сярэдняй школе № 26.

У 1965-м скончыў вячэрняе аддзяленне факультэта афармлення кнігі Маскоўскага паліграфічнага інстытута, атрымаўшы спецыяльнасць мастака-графіка. Дыпломную работу пад назвай “Мастацкае афармленне кнігі вершаў Петруся Броўкі «А дні ідуць…»” абараніў пад кіраўніцтвам мастакоў Андрэя Ганчарова і Валерыяна Жыцянёва.

Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, паліграфічным дызайне, з 1964 па 1969 год быў мастацкім рэдактарам выдавецтва “Ураджай”, з 1972 па 1977-ы — рэдактарам мастацка-экспертнай камісіі па выяўленчым мастацтве, загадчыкам рэдакцыі Дзярж- камітэта БССР па друку і загадчыкам аддзела рэкламы і прамграфікі Гандлёва-прамысловай палаты, а таксама працаваў у аддзеле выяўленчага мастацтва і аховы помнікаў Міністэрства культуры БССР.

Адначасова з прамысловай графікай займаўся мастацкім афармленнем кніг, неаднаразова атрымліваючы медалі і дыпломы ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў, быў узнагароджаны бронзавым медалём Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР.

 

ПЕРЫЯД РОСКВІТУ

У 1977 годзе Юрый Карачун зрабіўся дырэктарам Дзяржаўнага мастацкага музея, змяніўшы на гэтай пасадзе легендарную Алену Аладаву, якая сама выбрала яго сваім пераемнікам, і працаваў на гэтым месцы дваццаць гадоў, да канца жыцця.

На 1970—1980-я прыпаў пік выставачнай дзейнасці музея, калекцыя беларускага сучаснага жывапісу і графікі з яго фондаў з поспехам выстаўлялася ў краінах сацыялістычнай садружнасці. Мінчукі, у сваю чаргу, займелі магчымасць пабачыць творы з замежных скарбніц.

Калекцыя расла, з 1970 па 1990-ы папоўнілася амаль дзесяццю тысячамі твораў. Музейным прадметам было ўжо цесна ў старым памяшканні 1957 года пабудовы. Залы на першым паверсе даводзілася прыстасоўваць пад сховішчы, ахвяруючы экспазіцыяй сучаснага беларускага мастацтва. Праз недахоп плошчаў музей вымушаны быў паказваць толькі малую частку сваёй калекцыі.

Дбаннем Юрыя Карачуна адбывалася пашырэнне прасторы за кошт узвядзення ў 1993-м прыбудовы да асноўнага будынка і далучэння будынка па вуліцы Кірава, 25, дзе размясціліся лекторый, аддзелы і службы музея. У 1989 годзе тут былі адкрытыя рэстаўрацыйныя майстэрні з вялікім штатам адмыслоўцаў і сектарам фізіка-хімічных даследаванняў, а ў 1994-м быў створаны музейны архіў.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі з 1993 года ўстанова атрымала высокі статус Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, зрабіўшыся буйным навуковым, культурным і асветніцкім цэнтрам з уласнай багатай навуковай бібліятэкай.

 

НА ВАРЦЕ СПАДЧЫНЫ

Менавіта падчас кіраўніцтва Юрыя Карачуна, які сабраў значную калекцыю сучаснага беларускага мастацтва, кіраваная ім установа ператварылася ў вялікі музейны комплекс з філіяламі па ўсёй Беларусі, такімі як Мазырская раённая карцінная галерэя ў Гурынах, Музей народнага мастацтва ў Раўбічах, Музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, сядзібны дом XIX стагоддзя ў Лошыцы, архітэктурны комплекс XVI—XVIII стагоддзяў у Гальшанах на Ашмяншчыне і замак XV—XX стагоддзяў у Міры.

Як старшыня беларускага аддзела міжнароднай асацыяцыі музеяў ICOM, Юрый Карачун багата зрабіў для аховы помнікаў беларускай даўніны, арганізаваў планамерную рэстаўрацыю Мірскага замка, сам працаваў над яго экспазіцыяй і ўсё зрабіў для набыцця ім статусу філіяла музея.

Акрамя таго, быў навуковым кансультантам “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі” і аўтарам манаграфіі, прысвечанай жыццю і творчасці народнага мастака БССР Яўгена Зайцава, а таксама складальнікам альбомаў, прысвечаных Музею В.К. Бялыніцкага-Бірулі і вобразам Янкі Купалы і Якуба Коласа ў творчасці мастакоў.

На выставе прадстаўленыя два дзясяткі работ Юрыя Карачуна з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, сярод якіх пейзажныя замалёўкі і ўражанні з замежных паездак, а таксама кнігі з асабістай калекцыі мастака, перададзеныя ў дар установе яго сынам.

Экспазіцыя працягнецца да 12 красавіка.

Антон РУДАК. Фота аўтара, Уладзіміра ШЛАПАКА
і з сайта "Беларускі саюз дызайнераў"