Да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, які адзначаецца 2 красавіка, мы сустрэліся з кіраўніком прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Анатоліем Маркевічам.

— Анатолій Мечыслававіч, раскажыце пра культурныя праекты, рэалізаваныя ў 2025-м. Якія прадоўжацца і ці ёсць новыя задумы?
— Год быў вельмі насычаным, разнапланавым, разнажанравым: па лініі Саюзнай дзяржавы праведзена шмат мерапрыемстваў. Лічбы, паверце, уражваюць. Больш за 40 мерапрыемстваў прайшло толькі ў сферах культуры, моладзевай палітыкі, адукацыі. Накіравана і асвоена каля 2 мільярдаў расійскіх рублёў.
Але галоўнае — якасць. Мы заўсёды глядзім на аўдыторыю, аналізуем, наколькі яна адгукаецца на тое, што адбываецца на сцэне, на пляцоўцы.

Калі казаць пра тэматыку, то лейтматывам 2025-га стала захаванне гістарычнай памяці, культурнай спадчыны. Чырвонай ніткай прайшла тэма 80-годдзя Вялікай Перамогі. Прыемна адзначыць: нашы вядучыя ўстановы культуры прэзентавалі грандыёзныя праекты, якія выклікалі жывую рэакцыю ў расійскай аўдыторыі.
— Аб якіх ініцыятывах гаворка?
— Прыкладам, наш Вялікі тэатр прадставіў унікальную пастаноўку “Патэтычны дзённік памяці”. Ведаем, наколькі гэтая работа зацікавіла беларускіх гледачоў, таму і прапанавалі яе калегам.

У верасні на сцэне Крамлёўскага палаца адбыўся музычны спектакль “Кожны трэці”. Так мы паказалі ўвесь жах вайны, зверствы фашысцкай машыны, якая мела на мэце знішчэнне славянскага насельніцтва. Тут і боль, і трагедыя, і ў той жа час — мужнасць беларускага народа, які, пераадольваючы ўсе выпрабаванні, неймавернай цаной здабыў Вялікую Перамогу. Гэтыя праекты ўражваюць публіку.
— Як і мерапрыемствы ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”, рэспубліканскага свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”)… Акрамя таго, і ў Маскве, і ў Мінску паспяхова выступаў Беларуска-расійскі маладзёжны сімфанічны аркестр.
— Так. Калектыў, які складаецца з таленавітых музыкантаў абедзвюх краін, існуе з 2008 года. У дзейнасці былі невялікія перапынкі, але жыццё ў праект удыхнуў новы кіраўнік аркестра — народны артыст Расійскай Федэрацыі Юрый Башмет. Цяпер 90 юнакоў і дзяўчат паспяхова выступаюць і ў Расіі, і ў Беларусі — пераймаюць досвед у майстроў і, натхнёныя гэтым здабыткам, паказваюць віртуозную ігру на сцэне. Для маладых людзей важна патрапіць у аркестр і павучыцца ў маэстра.

Напэўна, двух канцэртаў у Маскве і аднаго ў Мінску недастаткова. Падчас грунтоўных рэпетыцый выканаўцы паспелі пасябраваць, стаць адзіным арганізмам, сям’ёй — і ўжо трэба развітвацца. Таму задумваемся над тым, каб выступленняў і ў Расійскай Федэрацыі, і ў Рэспубліцы Беларусь было больш.
— Можа, варта зладзіць канцэрты не толькі ў Мінску, але, прыкладам, і ў Брэсце, Віцебску…
— Вы маеце рацыю. Мы прапанавалі арганізаваць такую вечарыну ў Санкт-Пецярбургу. Цяпер гаворым і пра іншыя рэгіёны Расіі і, безумоўна, Беларусі. Планы ёсць, і, думаю, мы да гэтага прыйдзем. Любое мерапрыемства прадугледжвае фінансаванне — на 2026-ы бюджэт ужо звярстаны, але налета паспрабуем пашырыць геаграфію.
— У ліпені адбудзецца юбілейны XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. На ім традыцыйна ладзяць канцэрт Саюзнай дзяржавы. Ці гатова праграма? Варта чакаць нейкіх навацый?

— Дні Саюзнай дзяржавы ў рамках “Славянскага базару” заўсёды выклікаюць непадробную цікавасць у публікі. Імкнёмся праводзіць мерапрыемствы на самым высокім узроўні, запрашаючы найбольш вядомых і таленавітых артыстаў з Беларусі і Расіі. Гэты год не стане выключэннем. Мы рыхтуемся вельмі сур’ёзна, разглядаем варыянты канцэптуальных падыходаў. Як заўжды, не абмяжоўваемся адным днём.
Сёлета галоўны канцэрт будзе прысвечаны юбілеям, на якія 2026-ы багаты, — кампазітараў, акцёраў, музычных твораў… Тут і Уладзімір Мулявін, і Андрэй Міронаў, і Аляксандр Зацэпін, і Уладзімір Гасцюхін, а таксама песні “Волагда” і “Мой адрас — Савецкі Саюз”.
Гэта толькі невялікая частка задуманага. Хочам звярнуць увагу менавіта на заслужаных дзеячаў, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё мастацтва, на тых, хто з’яўляецца натхняльнікам культуры ў абедзвюх краінах. Сцэнарны план ужо ёсць, абмяркоўваецца. Упэўнены, сёлетні канцэрт, як і папярэднія, падорыць шмат станоўчых эмоцый шасцітысячнай зале віцебскага Летняга амфітэатра.

— І для юных гледачоў падрыхтавалі нешта ўнікальнае?
— Вядома! Традыцыйнае мерапрыемства “Саюзная дзяржава — дзецям” пройдзе ў канцэртнай зале “Віцебск” — будзе прэзентавана цыркавая праграма. Белдзяржцырк нароўні са звыклымі нумарамі забяспечыць тэатралізацыю, жывы гук, музыку, балет. Актыўны ўдзел прымуць і артысты з Расіі.
Да прыкладу — захапляльная праграма калектыву “Безносков”. Сэнс шоу ў тым, што хлопчык Ваня ўлетку прыязджае да бабулі ў вёску. Гаджэтаў, камп’ютара няма. Але бабуля ў мінулым — славутая артыстка цырка. Яна вучыць унука розным трукам. Праз некаторы час юнак захапляецца, хоча стаць падобным на бабулю і стварыць нешта новае.
Магчыма, такім прадстаўленнем мы падштурхнём кіраўнікоў у цыркавой сферы і дзяцей надаваць большае значэнне гэтаму мастацтву.
— Што яшчэ цікавага плануецца на фестывалі?
— Ёсць задума арганізаваць вялікі канцэрт джазавай музыкі, прытым задзейнічаць дзве пляцоўкі. Адна — у Віцебскай філармоніі, другая — у Здраўнёве, сядзібе Ільі Рэпіна.

Выдатнае месца. Летась наведвалі яго з нашымі калегамі. Вядома, усе засталіся пад глыбокім уражаннем: там вельмі прыгожая прырода, рака, раскідзістыя дрэвы — гатовая дэкарацыя!
Выступленне адбудзецца пад адкрытым небам. Лёгкі подыум, цудоўная музыка... Падобны падыход мы ўбачылі ў Татарстане на фестывалі джаза ў парку. Думаю, аматары такога мастацтва змогуць атрымаць асалоду.
— А што датычыцца свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), якое аб’ядноўвае дзеячаў культуры з розных рэгіёнаў Саюзнай дзяржавы? Пэўна, ужо абгаворваецца яго канцэпцыя?

— Сама назва кажа, што ў гэтае ўнікальнае месца з’язджаюцца сябры. Людзі жадаюць падзяліцца творчасцю і майстэрствам, паказаць, чым багаты іх край, як ён жыве, якімі звычаямі і дасягненнямі ганарыцца. Канцэртная праграма прадугледжвае кампіляцыю культурнай спадчыны. Сёлета хочам пашырыць пляцоўку для публікі — з Магілёўскім аблвыканкамам абмяркоўваем такую магчымасць.
Мерапрыемства будзе прысвечана адразу Году беларускай жанчыны ў нашай дзяржаве і Году яднання народаў Расійскай Федэрацыі ў суседняй. Чырвонай ніткай праз свята пройдзе ідэя сяброўства, узаемадзеяння паміж творчымі калектывамі, павагі да традыцый народаў, да жанчыны.
— Плануеце запрашаць артыстаў з рэгіёнаў?
— Так. Яны будуць прафесійныя, але, пэўна, менш вядомыя. І гэта не ў мінус, а толькі ў плюс: новыя твары, жанры, выкананне. Верагодна, зможам адкрыць зорачку, якая заззяе яшчэ ярчэй.
— Анатолій Мечыслававіч, 2 красавіка — свята, якое шырока адзначаецца ў абедзвюх краінах…

— Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі — дата, якая сімвалізуе інтэграцыю, сяброўства, добрыя адносіны паміж людзьмі, любоў да мастацтва, да зямлі, дзе мы жывём. Мерапрыемствы праходзяць у розных фарматах, на розных пляцоўках. У Беларусі імпрэзы ладзяцца ва ўсіх рэгіёнах.
Апагей свята — вялікая канцэртная праграма ў Палацы Рэспублікі. Там жа сёлета разгарнулася выстава, на якой былі прэзентаваны самыя галоўныя падзеі 2025 і 2026 гадоў у рамках Саюзнай дзяржавы. Мы імкнуліся паказаць, наколькі наша жыццё цікавае і разнапланавае.


— Дзякуй за размову. Са святам!
Ірына СТАНКЕВІЧ.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА, Святланы ЧЭКАЛАВАЙ і https://soyuz.by/