Адгарнуць старонкі мінулага

Важная дата, 105-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, — нагода зноў адкрыць для сябе яго свет. Перачытаць “Людзей на балоце” або цалкам “Палескую хроніку” — і адправіцца туды, дзе ўсё пачыналася…

 

МЕСЦА ПАМЯЦІ

Аграгарадок Глінішча Хойніцкага раёна знаходзіцца не навідавоку. Паселішча трэба адшукаць — прайсці праз цішыню сцежак, міма старых дамоў, удыхнуць водар лесу. І хоць за дзесяцігоддзі мясціны прыкметна змяніліся — меліярацыя перайначыла ландшафт, — тут захаваўся куток, дзе час нібы запавольвае свой бег. Гэта Дом-музей Івана Паўлавіча Мележа — аўтара, чые творы сталі сапраўднай энцыклапедыяй жыцця Беларускага Палесся.

Бацькоўская хата пісьменніка, на жаль, у 1970-м была прададзена. Аднак у раёне вырашылі: радзіма класіка павінна мець уласнае месца памяці пра яго. Таму ў Глінішчы пачалі ўзводзіць новы дом — сённяшні музей.

Праца доўжылася некалькі гадоў. Не проста стваралася экспазіцыя — аднаўлялася атмасфера часу. Збіралі рэчы, што належалі празаіку, шукалі прадметы побыту, характэрныя для палескіх хат пачатку ХХ стагоддзя.

І ў 1983-м установа ўпершыню адчыніла дзверы для наведвальнікаў. Цяпер яна ўваходзіць у склад раённага краязнаўчага музея і працягвае сустракаць аматараў беларускай літаратуры. Тут можна не толькі даведацца пра лёс і творчасць Івана Паўлавіча, але і адчуць дух эпохі, калі фарміраваўся талент майстра.

 

ЖЫВЫЯ АРТЭФАКТЫ

Экспазіцыя займае чатыры залы. З першых крокаў трапляеш у прастору мінулага: перад вачыма паўстае побыт палешукоў.

Калаўрот, маслабойка, ступа, драўляныя рэчы — усё, без чаго калісьці не абыходзіўся селянін. А вось і адзенне, якое насілі мясцовыя: сарочкі, спадніцы, фартухі, пінжакі, нагавіцы…

— Для маладых гасцей многія з гэтых прадметаў — сапраўдная тайна, — адзначае загадчыца Дома-музея Івана Мележа Любоў Рубан.

Яна працуе тут 13 гадоў, і невялікая глінішчанская хатка ўжо стала для руплівіцы амаль другім домам. Любоў Іванаўна — і экскурсавод, і вартаўнік, і чалавек, які штодзённа клапоціцца пра музейныя скарбы і парадак.

Пад аповеды загадчыцы непрыкметна пераходзім у наступную залу — больш асабістую і сямейную. З чорна-белых фотаздымкаў на стэндах глядзяць бацькі, дзяды і бабулі, браты і сёстры, аднакласнікі, настаўнікі літаратара.

У гэтых вобразах рысы не аднаго пакалення, якія адбіліся ў творах Мележа.

У трэцім пакоі — кабінет: стол, канапа, паліцы з выданнямі — усё нагадвае пра штодзённую працу Івана Паўлавіча. Асаблівую каштоўнасць маюць кнігі з кабінета ў сталічнай кватэры, сярод якіх і “Мінскі напрамак” з аўтарскімі праўкамі. Побач — друкаваная машынка, легендарны “Ундэрвуд”. Менавіта на ёй пісалася знакамітая “Палеская хроніка”.

Гартаючы старонкі, міжволі ўглядаешся ў почырк, нібы спрабуючы зразумець логіку выпраўленняў: дзе змянілася інтанацыя, чаму адно слова саступіла месца другому. У гэтых дробязях адчуваецца жывы рух думкі, сам працэс нараджэння тэксту. У апошняй зале сабраны асабістыя рэчы класіка: паліто, гарнітур, капялюш, кепка, партфель.

У вітрынах — дыпломы, дакументы, віншавальныя тэлеграмы, паштоўкі, а таксама выданні твораў на розных мовах. Побач — фотаздымкі з сябрамі-пісьменнікамі, кадры з міжнародных сустрэч і літаратурных падарожжаў — сведчанні таго, як шырока разгортвалася жыццё Мележа.

Ёсць тут і стары тэлефон — той, што калісьці стаяў у бацькоўскай хаце.

— Спрабавалі нават пазваніць, — усміхаецца Любоў Іванаўна. — Ён яшчэ жывы: я чую, што кажуць з іншага канца… А мяне — ужо не.

 

НІТКА ДА НІТКІ

Музейная калекцыя пастаянна папаўняецца новымі знаходкамі. Нярэдка экспанаты з’яўляюцца разам з наведвальнікамі, якія пераступаюць парог гэтай хаты.

— Збіраем гісторыю літаральна па крупінках. Бывае, пагутарыш з чалавекам — і ўжо на другі дзень ён вяртаецца з нечым важным: газетнымі выразкамі 1930-х, лістамі, сарочкамі, ручнікамі, — распавядае Любоў Рубан. — Асабліва каштоўныя сустрэчы з роднымі пісьменніка. Нядаўна, напрыклад, прыязджаў унук Мележа. Іван Семілетаў шмат успамінаў пра дзеда, і цяпер гэтыя жывыя дэталі я перадаю падчас экскурсій. Дзякуючы Івану Барысавічу ўдалося захаваць і лічбавы запіс голасу класіка, які знаходзіцца ў раённым краязнаўчым музеі.

 

У ДЫЯЛОГУ

Жыццё хаткі не абмяжоўваецца толькі экскурсіямі. Ладзяцца Мележаўскія чытанні, урокі літаратуры, семінары, творчыя конкурсы, збіраюцца бібліятэкары. Гэта прастора пастаяннага дыялогу — паміж пакаленнямі, паміж тэкстам і сённяшнім чалавекам.

— Вельмі падтрымлівае школа. Я ж сама калісьці там працавала, выкладала бе­ларускую і рускую мовы, таму дзеці зазіраюць ахвотна. Так, на дзень нараджэння Мележа завітваюць і кажуць: “Рабіце чай, Любоў Іванаўна, мы прынеслі цукеркі, торт — будзем адзначаць”, — дзеліцца цёплымі момантамі загадчыца.

Сучаснасць асцярожна ўваходзіць у гэты дом, не парушаючы атмасферы. Інтэрнэту тут па-ранейшаму няма, затое з’явіўся вялікі тэлевізар: на ім паказваюць дакументальныя фільмы, выступленні празаіка, архіўныя запісы, якія перадае раённы музей. Але робіць скарбніцу інтэрактыўнай не тэхніка.

— Дзецям складана слухаць доўга. Таму падчас сустрэчы змяняю рытм: не толькі расказваю, але і ўключаю іх у размову. Калі дазваляеш нешта патрымаць у руках, самім адкрыць нейкую схаваную дэталь — цікавасць узнікае адразу, — тлумачыць экскурсавод.

 

ДАРОГА ДА ВЯЛІКАГА

Дом-музей у Глінішчы наведваюць людзі з розных куткоў краіны.

— Апошнія гады ўсё часцей едуць сем’ямі, на сваіх машынах. І студэнты нярэдка завітваюць. Здараецца, у школе не хацелі чытаць, а ў асэнсаваным узросце вяртаюцца — і раптам адкрываюць для сябе Мележа па-іншаму, — заўважае Любоў Рубан.

Таксама дарога ў невялікую палескую вёску прыводзіць замежнікаў — у тым ліку дыпламатаў, мэраў, вядомых артыстаў. Быў на глінішчанскай зямлі і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. І ўсё ж самае важнае не статус наведвальнікаў і не геаграфія. Сюды прыязджаюць, каб адчуць месца — цішыню, прастору, паветра, дзе з маленькага пачыналася вялікае.

 

ДАНЕСЦІ КОЖНАМУ

Дом-музей Івана Мележа дае магчымасць на момант наблізіцца да вытокаў: убачыць, у якім асяроддзі рос будучы класік, дакрануцца да яго рэчаў, паслухаць гісторыі, якіх не знойдзеш у падручніках.

І калі пасля экскурсіі з’явіцца жаданне зноў адкрыць раман “Людзі на балоце”, значыць, вандроўка ў гэты куток была недарэмнай. Бо менавіта тут, на палескай зямлі, нарадзілася асоба, якая здолела ўзняць мясцовае да агульначалавечага — і праз лёс свайго краю распавесці тое, што блізка і зразумела кожнаму.

Ганна КАЛІНІНА. Фота аўтара