Узорны ансамбль беларускіх народных духавых інструментаў “Самагуды” пад кіраўніцтвам Сяргея Ярука сёлета адзначае 30-годдзе.

АД КЛАРНЕТА ДА ЖАЛЕЙКІ
Шлях Сяргея Ярука да музыкі быў няпросты. У дзяцінстве хлопец часта хварэў, і ўрач параіў умацаваць лёгкія з дапамогай плавання або ігры на духавых інструментах. Выбралі музыку. Сяргей паступіў у школу з музычным ухілам у Маладзечне, дзе асвоіў кларнет, а пасля 9-га класа працягнуў навучанне ў каледжы імя Агінскага.
Паваротны момант наступіў на чацвёртым курсе, калі юнак патрапіў на рэпетыцыю беларускіх народных духавых інструментаў ва Універсітэце культуры. Гучанне жалейкі і дуды ўразіла яго да глыбіні душы. Гэта стала апошняй кропкай: Сяргей цвёрда вырашыў паступаць у БДУКМ на спецыяльнасць “Беларускія народныя духавыя інструменты”. Гаворачы пра свой шлях, творца з цеплынёй успамінае пра настаўнікаў, якіх яму пашчасціла сустрэць:
— У вучылішчы гэта быў Дзмітрый Арцямёнак, ва ўніверсітэце — заслужаны артыст Беларусі, прафесар Аляксандр Крамко, — распавядае Сяргей Пятровіч. — А таксама Уладзімір Гром, Ігар Мангушаў, Канстанцін Трамбіцкі, Віктар Кульпін. Акрамя прафесіяналізму, запомнілася чалавечае стаўленне выкладчыкаў.
Па размеркаванні Сяргей Пятровіч пачаў працаваць у Лебедзеўскай школе мастацтваў у Маладзечанскім раёне, дзе і прайшлі наступныя сем гадоў творчасці. Сельская школа прымала ўсіх, хто гатовы плённа працаваць. Сярод яго вучняў — Аляксей Свірыда, які цяпер вучыцца ў Акадэміі музыкі і з’яўляецца артыстам Беларускага аркестра радыё і тэлебачання, Ксенія Шаўчук, Максім Рэгіно, Арцём Мальцаў і іншыя пераможцы разнастайных конкурсаў. У 2017-м калектыў з Лебедзева заваяваў гран-пры Абласнога конкурсу музычных школ, які праводзіцца раз на тры гады.

САМАБЫТНАЕ ГУЧАННЕ
Гісторыя “Самагудаў” пачалася ў 1996 годзе, калі таленавіты педагог Аляксандр Пашкевіч сабраў пад сваім крылом юных музыкантаў — вучняў дзіцячай музычнай школы. Першыя ўдзельнікі гралі на цымбалах і дудках, гармоніку і скрыпцы, флейце і ўдарных. Высокую адзнаку калектыў атрымаў ужо ў 2000-м, калі “Самагудам” было прысвоена ганаровае званне “ўзорны”. У 2018 годзе ля штурвала паўстаў Сяргей Ярук, які збіраў калектыў нанова. Аснову ансамбля склалі будучая жонка кіраўніка, яго пляменніца, лепшы сябар і тры вучні. Сёння ў “Самагудах” гучаць народныя духавыя інструменты — дуды і жалейкі, варганы, дудкі, а таксама ўдарныя, якія надаюць музыцы асаблівую рытмічную энергію.

Калектыў — жаданы госць на святах і фестывалях. Дыпламанты II ступені прэстыжнага абласнога фестывалю народнай музыкі “Грай, гармонік” у Нясвіжы, удзельнікі праваслаўнага балю “Стрэчанне” ў Палацы культуры Маладзечна, “Самагуды” выступаюць і на сталічных пляцоўках: у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода, фестываль памяці У.М. Грома “Грай, музыка, грай” у аграгарадку Крупіца Мінскага раёна.

Талент музыкантаў не раз адзначалі і тэлевізіёншчыкі. Ансамбль станавіўся героем сюжэтаў і праграм мясцовага тэлеканала МКТБ, а таксама рэспубліканскіх каналаў “Цэнтральны рэгіён” на СТБ і “Навіны цэнтральнага рэгіёна” на “Беларусь-1”.
НАПЕРАД З ПЕСНЯЙ!
Сёння ў ансамблі 14 удзельнікаў: 12 таленавітых вучняў, а таксама кіраўнік ансамбля і канцэртмайстар. Візітная картка — віртуознае выкананне беларускай музыкі на аўтэнтычных інструментах: дудцы, дудзе, жалейцы, акарыне, варгане і іншых.

Пераважная большасць “самагудаўцаў” з’яўляецца лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў. Гэта салісты Арсеній Жалубоўскі, Давід Дземеш, Ваня Рындзевіч, Лера Румянцава, Ваня Гамолка, Лера Крыўко, Каця Уладыка, а таксама канцэртмайстар Яўген Белавусаў, які вельмі дапамагае. Майстэрства музыкантаў адзначана на найвышэйшым узроўні. Ансамбль “Самагуды” — стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі 2023 года.

У партфоліа калектыву — дыпломы першай, другой і трэцяй ступені рэспубліканскага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” за 2022, 2024, 2025 гады, дыплом другой ступені Абласнога конкурсу ансамбляў 2023-га і мноства іншых узнагарод. Ансамбль рэгулярна ўпрыгожвае сваёй творчасцю свята “Дажынкі”, Маладзечанскія фестывалі і праграмы беларускага радыё і тэлебачання. Асаблівы гонар “Самагудаў” — унікальны склад дудароў.

Пры падтрымцы адміністрацыі школы мастацтваў для ансамбля былі набыты тры дуды, на якіх іграюць старэйшыя вучні і канцэртмайстар. Плюс да ўсяго кіраўнік сабраў сапраўдны мініаркестр з чатырох дуд — з’ява, якая не мае аналагаў у Беларусі сярод дзіцячых калектываў, а магчыма, і дарослых. Наперадзе — абласныя конкурсы, выступленні на гарадскіх мерапрыемствах і, вядома, праца з новымі вучнямі, якія прыйдуць на змену выпускнікам.
Ансамбль гучна жыве, развіваецца і даказвае, што беларуская народная музыка — гэта сучасна, глыбока і па-сапраўднаму таленавіта.
Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва калектыву