Масленікавы — знакамітая дынастыя беларускіх мастакоў, якія ўслаўляюць прыгажосць нашай прыроды. Заснавальнікам лічыцца Павел Васільевіч, народны мастак Беларусі. Яго сын Уладзімір — жывапісец, загадчык кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Унукі Павел, мастак, і Аляксей, дызайнер, па бацькоўскім прыкладзе займаюцца выкладчыцкай дзейнасцю. Паспяхова вучыцца на мастацкім факультэце БДАМ праўнучка Паўла Васільевіча Кацярына Масленікава.
ДЗЕД

Павел Васільевіч Масленікаў
— Самы першы мой успамін пра бацьку датычыць глыбокага дзяцінства, — распачынае аповед Уладзімір Масленікаў.
Мы сядзім з ім ва ўтульным кабінеце кафедры жывапісу і графікі Акадэміі мастацтваў. Тут пануе пах фарбы, алею і драўніны, паўсюль развешаны і расстаўлены гатовыя карціны, накіды, эскізы.
— Наша сям’я тады жыла на Чычэрына, бацька працаваў у Тэатры оперы і балета мастаком-пастаноўшчыкам. І я ўжо ў чатыры гады гаварыў, што буду мастаком і шафёрам.

Уладзімір Паўлавіч Масленікаў
Уладзімір Паўлавіч усміхаецца і тлумачыць: выбар абумоўлены прафесіямі бацькі і роднага дзядзькі, які быў кіроўцам. Маленькі Вова планаваў палову дня працаваць у тэатры мастаком, а пасля — перавозіць намаляваныя карціны. Лёс распарадзіўся інакш.

— Бацька браў мяне на эцюды з самага маленства, — згадвае суразмоўца. — Мы садзіліся ў старэнькі “Масквіч” і ехалі на прыроду: ён маляваў, а я балындаўся побач. Памятаю, неяк увесну падчас такога выезду я праваліўся ў ваду і набраў поўныя боцікі. Тата мяне разуў, пераапрануў і пасадзіў у машыну — а я чакаў, пакуль ён не скончыў працу.
Уладзімір Паўлавіч успамінае бацьку як надзвычай творчага і захопленага сваёй працай чалавека. Кажа, ён літаральна жыў мастацтвам:
— Іншым разам падавалася, што на першым месцы ў яго стаяла менавіта творчасць. Бывала, прыйдзе дадому на абед — і з парога крычыць гучным голасам: “Ніна, налівай хутчэй боршч, я ўжо сыходжу!” У гэтым ён быў увесь.
СЫН

Дзяцінства, праведзенае поплеч з таленавітым бацькам — мастаком і настаўнікам, — не магло не накласці адбітак на светаўспрыманне і самаідэнтыфікацыю сына. Як і тата, Уладзімір Паўлавіч прысвяціў сябе творчасці.

— Ці ведаеце, наколькі цяжка быць сынам вялікага майстра? — запытвае ён. — Кожны імкнецца параўнаць цябе з ім, твае работы — з яго работамі. Магчыма, з гэтай прычыны я стараўся напачатку не выстаўляць свае пейзажы, хаця вельмі люблю гэты жанр. Каб не быць ценем бацькі, рабіў партрэты, нацюрморты.
Добрым стымулам стала рэпліка, кінутая няўзнак Масленікавым-старэйшым: “Хлопцы (мастакі-паплечнікі Паўла Васільевіча. — аўт.) кажуць, маўляў, карціны твайго сына вылучаюцца сярод іншых…”
— Заўважце: не ён сам мяне пахваліў, а быццам словамі сяброў, — звяртае ўвагу суразмоўца. — Ён быў надта скупы на ўхваленні. Аднак адабрэнне я ўмеў чытаць у татавых вачах. Як, дарэчы, і крытыку.

Па звычцы, што выпрацавалася з дзяцінства, Уладзімір Паўлавіч выязджае на прыроду на эцюды. Любіць паўночныя куткі Беларусі, пачынаючы з Лагойшчыны з яе непаўторнымі краявідамі, лясамі і пагоркамі — і далей на Віцебшчыну. Даспадобы яму Браслаўшчына, Глыбоччына, ваколіцы старажытнага Полацка, а яшчэ — Магілёўшчына.
— Памятаю, едзем з татам праз Лагойск, у краме купім мясцовы хлеб “цаглінку” і кольцы каўбасы і рушым у бок Зембіна — там такая прыгажосць! Бярозкі — нібы маладыя ў шлюбных сукенках!

На палотнах Уладзіміра Масленікава пазнаюцца асобныя мясціны.

Але ёсць і кампазіцыйныя пейзажы, якія абагульняюць прыгажосць беларускай прыроды…
УНУКІ
— Калі параўноўваю сябе з татам, то здаецца, як бацька я для сваіх сыноў больш уважлівы і клапатлівы, — заўважае Уладзімір Паўлавіч.
Іх у яго два: Павел і Аляксей. І абодва пайшлі па слядах старэйшых Масленікавых: Павел прысвяціў сваё жыццё жывапісу, Аляксей стаў дызайнерам.

Павел Уладзіміравіч Масленікаў
— Хацеў бы я ім сваёй долі? — перапытвае мастак. — Нават не ведаю. Спецыяльна нейкім прыёмам я іх не вучыў, не змушаў да творчасці. Але таксама, як я некалі побач з бацькам, і мае сыны з дзяцінства бавілі час разам са мной у майстэрні.
Спачатку, каб заняць гарэзаў, бацька даваў ім у рукі фарбы, прычым — адразу алейныя. Павел з задавальненнем пэцкаў далонькамі па кардоне і такім чынам перадаваў свой настрой ды эмоцыі.
— Так цікава было назіраць за ім! Павел вельмі любіў змешваць фарбы. І адразу па колерах, якія ён выкарыстоўваў, станавіўся зразумелым яго ўнутраны стан, — успамінае Уладзімір Паўлавіч. — Яму і дагэтуль цікавы каларыт, эмацыйнае ўздзеянне колеру.

Мастацтвазнаўцы сцвярджаюць, што Павел Масленікаў шукаў свой стыль праз сінтэз экспрэсіўнай эцюднай манеры аркуша, характэрнай для яго дзеда, і строгасці кампазіцыі, прапрацоўкі дэталяў, уласцівых карцінам бацькі. На яго карцінах шмат святла, зыбкіх і паветраных абрысаў: вада нібы рухаецца, а вецер калыша верхавіны дрэў.
Цяпер Павел Уладзіміравіч — выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва.
Аляксей менш часу бавіў у майстэрні. Ён, па словах бацькі, больш схільны да дакладных навук: пэўна, у маці пайшоў… Тым не менш і на яго характары пакінула адбітак прыхільнасць да творчасці: ён, прыроджаны матэматык, у выпускным класе раптам вырашыў, што пойдзе ў творчае ВНУ. Без першаснай адукацыі менш чым за год падрыхтаваўся да іспыту — і здаў яго на выдатна! Аляксей Уладзіміравіч дызайнер, выкладае адпаведную дысцыпліну сталічным студэнтам.
СЯМ’Я
— Ведаеце, ва ўсёй нашай вялікай і творчай сям’і толькі мая жонка, Таццяна Мікалаеўна, не звязана з мастацтвам, — з усмешкай гаворыць Уладзімір Паўлавіч.
— Яна — інжынер!
На пытанне, як такое здарылася, паціскае плячыма: “Павінен жа хтосьці быць рэалістам! Летуценнікаў сярод Масленікавых зашмат!..”
І пачынае пералічваць. Сястра Вера, якой ужо, на жаль, няма сярод жывых, — доктар мастацтвазнаўства, прафесар, доўгі час працавала ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Таццяна, жонка Паўла, — мастак, дызайнер, кніжны ілюстратар, педагог.
— Кожны з нас паміж паняццямі “сям’я” і “творчасць”, думаю, можа паставіць знак роўнасці. Бо гэта два самыя важныя складнікі жыцця.

Яно і зразумела: дзяцінства і маладосць як самога Уладзіміра Паўлавіча, так і Веры Паўлаўны прайшло сярод фарбаў і мальбертаў, у падарожжах па вялікім Савецкім Саюзе, падчас якіх галава сям’і мог спыніць аўтамабіль на ўзбочыне і пачаць занатоўваць убачаную прыгажосць. Пакуль сонца не села і не зніклі доўгія цені або пакуль прыцемкі не ператварыліся ў глыбокую ноч.

— Тата з мамай любілі Гурзуф, мы часта ездзілі туды, — расказвае мастак. — У бацькі шмат замалёвак крымскіх краявідаў. І я ўпадабаў гэты край — аб’ездзілі ў свой час, лічы, увесь паўвостраў!.. Ну і, зразумела, родную Беларусь.
ВЫСТАВЫ

Як і старэйшы Масленікаў, Уладзімір Паўлавіч, а потым і Павел Уладзіміравіч з паездак прывозілі эцюды, накіды, эскізы да будучых прац.
— А тут сыны арганізавалі агульную выставу — такі “Сямейны альбом”.
Чаму назвалі яе так? Як і ў выпадку з фотакарткамі, што беражліва захоўваюцца ў альбомах і нагадваюць пра асобныя дні, гадзіны, перыяды жыцця, так і карціны нагадваюць сваім аўтарам пра пэўныя часы.
— Перабіраў неяк малюнкі і знайшоў адзін, які вярнуў маладосць… А вось, гляньце, гэта я намаляваў матулю. Веры, ды і маме тады не вельмі спадабалася мая работа — маўляў, занадта па-хатняму яна выглядае. І халат не такі прыгожы, і інтэр’ер нібы сялянскі… А цяпер гляджу на гэты партрэт — і здаецца, нічога даражэйшага ў мяне няма!
У “Сямейным альбоме” — партрэты сыноў, жонкі, сястры, сяброў. Але не толькі. Туды заканамерна трапілі пейзажы, якія сваімі колерамі і глыбінёй вяртаюць мастакоў у іншы час, нагадваюць пра перажытыя пачуцці…
Выставы трох Масленікавых — Паўла, Уладзіміра і Паўла-малодшага — перыядычна ладзяцца на розных сталічных пляцоўках. Варта наведаць іх, каб на свае вочы пабачыць майстэрства мэтраў.
ПРАЎНУЧКА
Яшчэ ў пачатку нашай размовы Уладзімір Паўлавіч звярнуў увагу на тое, як складана быць нашчадкам знакамітага бацькі: ты павінен літаральна прадзірацца праз стэрэатыпы і часам непахвальныя меркаванні.
— Уявіце, як няпроста нашай Кацечцы: у яе не толькі бацька — мастак, але яшчэ дзед і прадзед. Якая адказнасць і які цяжар ляжыць на дзявочых плечуках!
Кацярына Масленікава — дачка Паўла Уладзіміравіча — прыхільнасць да выяўленчай творчасці адчула ў дзяцінстве. Аднак стаць мастачкай не марыла. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, усё ж падала дакументы ў гімназію-каледж мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Вытрымала іспыты і была залічана. Потым з дыпломам аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі накіравалася ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, і цяпер яна — першакурсніца.
Як і некалі дзед, дзяўчына не любіць, калі яе параўноўваюць са знакамітымі родзічамі. Напэўна, таму выбрала дыяметральна процілеглы кірунак у мастацтве — авангардызм. На папрокі, што ў гэтым напрамку нямала вычварнасці і бясплодных прэтэнзій, парыруе: і ў рэалізме хапае халтурных і бяздарных твораў. Як і бацька, юная мастачка вялікую ўвагу надае каляровай гаме.
— Нягледзячы на пяшчотную дзедаўскую любоў да яе і іншых унукаў, я для іх не апякун у мастацтве і не выкладчык, — тлумачыць Уладзімір Паўлавіч. — Усё, чаго Каця дасягнула і што яшчэ дасягне, яна зрабіла самастойна. Гэта толькі яе праца, яе талент і яе здабытак. Так і трэба.
МЕСЦА СІЛЫ
Акрамя Кацярыны, у Масленікавасярэдняга яшчэ два ўнукі: Яраслаў і Вова. — Калі Павел сказаў, што малога назвалі Уладзімірам, я ўсхваляваўся, — расказвае шчаслівы дзядуля. — Значыць — любяць, паважаюць, цэняць. Такім чынам у нас у сям’і два Уладзіміры Паўлавічы Масленікавы.
Ці будзе малодшы мастаком або прысвеціць сябе іншаму — вырашаць яму самому. Пакуль Вову ўсяго восем гадоў, і галоўны выбар у яго наперадзе.

Па інтанацыях, з якімі Уладзімір Паўлавіч расказвае пра ўнукаў, жонку, сыноў, нявестак, становіцца зразумела: сямейны ачаг — тое, дзе творца чэрпае сілы і натхненне.
— Так, гэта маё жыццё, — пацвярджае жывапісец. — Як і майстэрня, дзе я магу зазірнуць у сябе, пабыць сам-насам з думкамі і марамі, дзе нараджаюцца не толькі палотны, але і рашэнні. Сілы на дае і акадэмія: сярод студэнтаў ты і сам нібы маладзееш. Побач з імі я адчуваю натхненне не толькі на творчасць, але і на новыя здзяйсненні і ўвогуле на жыццё.
Гэтыя складнікі, а яшчэ, напэўна, наш летнік і з’яўляюцца маімі “месцамі сілы”. Пазбаў мяне аднаго з іх — і ці застанецца што ад Уладзіміра Масленікава?..
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з сямейнага архіва МАСЛЕНІКАВЫХ