“Дзяўчаты” і лёсы

Апублiкавана: 04 красавiка 2026 Стужка Тэатры Мінск Тэатральная плошча

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры з’явіліся “Дзяўчаты” – мюзікл са спасылкай на 1960-я. Але цікавы ён не толькі для аматараў аднайменнай кінастужкі.

 

АД ФІЛЬМА ДА МЮЗІКЛА

Сцэнарый да таго фільма, што стаў класікай савецкага кіно, належаў Барысу Беднаму. Літаральна адразу пісьменнік стварыў аднайменную аповесць. Некаторыя сюжэтныя лініі ў ёй адрозніваюцца ад культавай стужкі, але “мантажны” прынцып драматургіі, уласцівы кінамастацтву, захаваўся: дзеянне ўвесь час пераскоквае з адной лакацыі на другую, з адных герояў на іншых. Цяперашні мюзікл зроблены па фільме, у ім амаль цалкам пакінуты словы кінагерояў. Але ніяк не скарыстаны песні Аляксандры Пахмутавай, што пасля выхаду на экраны набылі вялізную папулярнасць і зажылі самастойна. Таму знакаміты “Стары клён” згаданы хіба ў вершаваным радку аднаго з музычных нумароў (лібрэта Яўгена Мураўёва), якіх у спектаклі вельмі многа.

Дарэчы, запатрабаванасць самой тэмы прывяла да з’яўлення ў Маскве яшчэ аднаго мюзікла з той жа назвай і паводле той жа кінастужкі. Але спектакль там — прынцыпова іншы па сюжэце і музыцы. Калізіі перанесены ў сучаснасць. Музычная частка створана метадам падбору вядомых хітоў з акцэнтаваннем рок-н-ролу.

Мюзікл, што ідзе ў нас, напісаны Ягорам Шашыным, вядомым сваімі песнямі і тэатральнай музыкай. Расійскі кампазітар абапіраўся не на цытаванне, а на стылістыку той эпохі. І паспеў увасобіць сваіх “Дзяўчат” ужо тройчы — у Калінінградзе, Барнауле, Магнітагорску. Але для нашай версіі зрабіў новую аркестроўку.

Рэжысёрам і адначасова балетмайстрам выступіў заслужаны артыст Расіі Мікалай Андросаў. Яго творчыя працы атрымалі ў нас трывалую прапіску. У тым жа Музычным тэатры ён ставіў мюзіклы “Блакітная камея”, “Джэйн Эйр”, “Трыстан і Ізольда”, аперэту “Вясёлая ўдава”.

Кампазітар і рэжысёр у адзін голас сцвярджалі, што “Дзяўчаты” — стоадсоткавы мюзікл. Галоўны дырыжор тэатра Юрый Галяс быў не такім катэгарычным, заўважыўшы, што драматургія мюзікла спалучаецца тут са стылістыкай музычнай камедыі. Як на мой погляд, гэта ўсё ж менавіта музычная камедыя, толькі новага тыпу — з большай колькасцю спеўных нумароў і лейтматываў. Бо разгорнутыя сцэны, якія б рухалі дзеянне, а не спынялі яго тлумачэннем унутранага стану герояў, адсутнічаюць. Ды і настолькі шчаслівы фінал, дзе сваю палову знаходзіць абсалютна кожная гераіня (нават да Веры муж прыязджае!), больш уласцівы не мюзіклам, а вадэвілям, музкамедыям.

Сімвалічна, што наша пастаноўка ўзнікла ў Год беларускай жанчыны ды яшчэ акурат да свята 8 сакавіка. У цэнтры, што відавочна ўжо з назвы, — найперш жаночыя лёсы. Розныя, складаныя, але без чорна-белага падзелу на станоўчых і адмоўных персанажаў. Таму і ўвесь спектакль прасякнуты дабрынёй, выхоўвае чалавечую спагадлівасць.

 

АД ПРАЦЫ ДА КАХАННЯ

Вытворчая праблематыка заяўлена хіба ў сціслых харавых маршах, а на першым плане — тая псіхалагічная дэталізацыя, што раскрываецца праз песенную лейтматыўнасць (невыпадкова яна пра каханне), менавіта праз сольныя і ансамблевыя нумары.

Іх так многа, асабліва ў галоўнай гераіні, што ўзнікаюць дадатковыя тэмы, годныя роздуму. Дзетдомаўскае мінулае Тосі Кісліцынай (Ілона Казакевіч), пра якое ў фільме толькі згадваецца, тут падкрэслена асобнай арыяй пра маці, чые парады і падтрымка былі б такімі неабходнымі. Становіцца зразумела, чаму адну з суседак па інтэрнаце гераіня называе не па імені, як астатніх, а мамай Верай (Лідзія Кузьміцкая).

Дуэт Надзі (Кацярына Дзегцярова) і Ксан Ксаныча (Віктар Цыркуновіч) пераконвае, што іх пачуцці “па разліку” перараслі ў магчымасць сапраўднага кахання.

Анфіса (Маргарыта Александровіч) настолькі сцішана-пранікнёна спявае “Бірузовы пярсцёнак”, што набывае трагічнае аблічча. І вымушае задумацца, чаму дзявочая прыгажосць часта становіцца не перавагай, а страшнай кармай.

Разам з тым увесь спектакль — услаўленне прыгажосці, якую можна і трэба заўважаць паўсюль. Спрыяе гэтаму праца мастака-пастаноўшчыка Ільі Падкапаева, а яму ўвогуле ўласцівая прага да эстэтычна вывераных дробязяў. Мастацкія ўмоўнасці мяжуюць з нанова запатрабаванай сёння рэалістычнасцю. Сярод шматлікага рэквізіту — безліч побытавых рэчаў, а не іх муляжоў. Нават есці-смакаваць героі могуць і “паветра”, шчодра накладзенае ў міскі-талеркі, і сапраўдную грэчку, рэальны батон з варэннем.

На ідэю не ўсеагульнай калектывізацыі “пад адзін грэбень”, а наадварот, індывідуалізацыі ўсіх і кожнага скіраваны сцэнічныя строі, ва ўсіх розныя. Праз гэта мы бачым не звыкла безасабовую тэатральную “масоўку”, а жывыя чалавечыя характары, якімі надзелены не адно салісты, а ўсе ўдзельнікі — кожны са сваёй разыначкай.

Імклівы тэмпарытм дасягаецца не толькі праз мантажную драматургію і добрую дырыжорскую энергетыку, што перадаецца ў аркестр і на сцэну, але і праз хуткія змены сцэнаграфіі. Наяўнасць суперзавесы са зменлівымі відэапраекцыямі, часткова зробленымі з дапамогай штучнага інтэлекту, дапамагае імгненна змяняць “карцінку”, а разам з ёй — месца дзеяння.

А якая харызма ў артыстаў! Перад намі паўстаюць не абыякавыя чалавечыя “цені”, падпарадкаваныя бяздумна выконваць усё, што ім загадалі, а ўдумлівыя і апантаныя людзі, якім падабаецца, што яны робяць. Сяргей Суцько (Ілья Каўрыгін), Ганна Юрынок (Каця), Уладзімір Аўчук (Сашка), Аляксандр Асіпец (Камендант), Дзмітрый Маціеўскі (Філя), Валянцін Крыўчык (Вадзім Пятровіч), Уладзімір Свібовіч (Васіль), Ірына Заянчкоўская (Настаўніца) — усе на сваім месцы. А ёсць жа яшчэ адзін акцёрскі склад!

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА