З місіяй захоўваць і перадаваць

Нацыянальны каларыт, яркае самабытнае выкананне, шчырасць і душэўнасць — усё гэта амаль 40 гадоў дорыць слухачам ансамбль песні і танца “Медуніца” Магілёўскай абласной філармоніі. Кожным выступленнем заслужаны калектыў нагадвае: народная песня жыве, застаецца запатрабаванай і знаходзіць новае гучанне.

 

У РОЗНЫХ ФАРБАХ

Гісторыя “Медуніцы” пачалася ў часы, калі на магілёўскім заводзе “Хімвалакно” актыўна развівалася цэхавая мастацкая самадзейнасць. Пасля працоўнага дня людзі збіраліся разам, каб спяваць, рыхтаваць канцэртныя нумары і выступаць на святах. З таленавітых выканаўцаў паступова фарміраваўся хор. Аднак яго было складана вывозіць на гастролі і ладзіць канцэрты. Таму пачалі ўзнікаць меншыя, мабільныя ансамблі. Менавіта з ліку такіх у 1987-м заслужаны дзеяч мастацтваў Валянціна Кандрацьева адабрала найлепшых салістаў і стварыла новы творчы калектыў, які з часам стаў адным з вядомых носьбітаў беларускай народнай песеннай традыцыі.

У 2015-м ансамбль быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, а ў 2019-м атрымаў званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”. Назва нарадзілася з простага, без асаблівага філасофскага падтэксту.

— Валянціна Іванаўна родам з Асіповіцкага раёна, з вёскі Вайнілава. У тых мясцінах расце шмат медуніцы, а гэта вельмі прыгожая кветка, якая можа мець некалькі колераў адначасова. Вось і “Медуніца”, як і сама расліна, аб’ядноўвае розныя фарбы і галасы беларускай культуры, — расказвае цяперашні кіраўнік Арцём Лобараў.

 

ПРАЦЯГ ТРАДЫЦЫЙ

Сам Арцём Сяргеевіч прыйшоў у калектыў яшчэ студэнтам Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

— У 2008 годзе мой выкладчык вакалу Анатоль Біскуп параіў схадзіць на праслухоўванне да Валянціны Іванаўны. Прыйшоў, праспяваў — і яна запрасіла мяне на рэпетыцыю “Медуніцы”. З таго часу ансамбль стаў важнай часткай жыцця маладога выканаўцы.

Пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў спявак атрымаў размеркаванне менавіта сюды. У красавіку 2025 года Валянціна Кандрацьева пайшла на заслужаны адпачынак, і калектыў узначаліў яе вучань.

— Падчас працы з Валянцінай Іванаўнай шмат слухаў яе парады, вучыўся ў старэйшых калег, назіраў. Мне было вельмі цікава ўсё гэта. Таму добра ведаў ансамбль: рэпертуар і тую філасофію, якую заснавальніца несла больш за 30 гадоў. Перада мной стаяла задача не ламаць традыцыю, а працягваць яе, адаптуючы да сучаснасці, — тлумачыць Арцём Лобараў.

 

МАЛАДОСЦЬ І ВОПЫТ

Сёння ў “Медуніцы” 25 выканаўцаў: вакалісты, танцоры і інструментальная група.

— У вакальным складзе сем чалавек: шэсць дзяўчат і адзін хлопец. Іх узрост ад 20 да 40 гадоў, усе маюць прафесійную музычную адукацыю. У красавіку чакаем яшчэ аднаго спевака пасля дэмабілізацыі з тэрміновай службы ў арміі, — адзначае Арцём Лобараў.

Харэаграфічная частка — шэсць пар маладых танцораў, пераважна ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў. А вось інструментальная група — кантрабас, цымбалы, баян, скрыпка і флейта — сапраўдны “залаты фонд” ансамбля. Гэта музыканты, якія стаялі каля вытокаў калектыву. Хтосьці ўжо на пенсіі, хтосьці працягвае працаваць. Так у “Медуніцы” натуральна спалучаюцца маладосць і вопыт — і менавіта гэта, па словах Арцёма Лобарава, стварае асаблівую атмасферу.

 

ДАНЕСЦІ СЭНС

У аснове рэпертуару — пераважна беларускія народныя песні.

— У нас вялікая нотная база: апрацоўкі Дрынеўскага, Сіроты, Захлеўнага і іншых вядомых фалькларыстаў. Таксама спрабуем ствараць аўтарскія кампазіцыі, шукаем новыя формы, — адзначае кіраўнік.

Пры гэтым ансамбль імкнецца зрабіць народную музыку бліжэйшай сучаснаму чалавеку.

— Пакідаем пазнавальнасць беларускай песні, але ў аранжыроўках выкарыстоўваем сучасныя рытмы і гучанне. Нам важна, каб яе слухала і моладзь.

 Асаблівае месца ў праграмах займаюць вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі: на сцэне ўсё рухаецца — і вакалісты, і танцоры. Гэта робіць выступленне больш жывым і дынамічным. Падрыхтоўка адбываецца паэтапна: спачатку кожная група працуе асобна, а пасля ўсе збіраюцца разам. Але галоўнае не толькі дакладнасць выканання.

— Песню нельга проста праспяваць па нотах. Яе трэба пражыць, адчуць. Калі праз сябе не прапусціш — не зможаш данесці сэнс слухачу. Калі падчас канцэрта людзі пачынаюць падпяваць разам з намі — значыць, мы працуем недарма, — упэўнены Арцём Лобараў.

 

ПОГЛЯД НАПЕРАД

За гады існавання ансамбль прадстаўляў беларускую культуру ў многіх краінах: Францыі, Італіі, Казахстане, Кітаі, В’етнаме… Сярод апошніх творчых падзей — абноўленая сольная праграма “Песні ад сэрца”, канцэрт “Беларусь — мая песня” ў рамках выставы дасягненняў “Мая Беларусь”, святочная праграма да Масленіцы. Наперадзе выступленні да Дня Перамогі і Дня Незалежнасці.

Акрамя таго, калектыў рыхтуецца да юбілею.

— Хочам запрасіць былых удзельнікаў, успомніць розныя старонкі дзейнасці. У нас вельмі вялікі архіў. Мы ўжо старыя відэакасеты канцэртаў алічбавалі, — расказвае суразмоўца.

Сярод ідэй — таксама стварэнне невялікага музейнага кутка “Медуніцы”.

— Плануем сабраць фотаздымкі, граматы, узнагароды, газетныя артыкулы і зрабіць невялікую экспазіцыю, каб гісторыя ансамбля жыла і перадавалася далей. І пакуль у рэпетыцыйнай зале гучаць галасы і гукі інструментаў, “Медуніца” працягвае сваю галоўную місію — захоўваць і несці беларускую народную песню ў будучыню.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва ансамбля