“Святар з фотаапаратам”: у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ладзіцца выстава, прысвечаная творчай спадчыне Паўла Валынцэвіча.

Яго можна лічыць адзіным прадстаўніком духавенства, імя якога ўвайшло ў гісторыю беларускай фатаграфіі першай паловы XX стагоддзя. Унікальная спадчына была адкрыта дзякуючы карпатлівай працы мінскіх калекцыянераў-рэстаўратараў, фатографаў, гісторыкаў, архівістаў і сваякоў святара. На выставе даступныя здымкі са збору, што цяпер належыць Спаса-Еўфрасіннеўскаму манастыру ў Полацку.
Нарадзіўся Павел Валынцэвіч у 1875 годзе ў Вялікай Бераставіцы ў беднай шматдзетнай сям’і дыякана мясцовага храма. Бацька, хоць і быў непісьменным, актыўна ўдзельнічаў у царкоўным жыцці і здолеў забяспечыць сыну добрую адукацыю.
У 1897-м Павел скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, пасля чаго ажаніўся з Верай, дачкой тутэйшага свяшчэнніка Дзмітрыя Някрасава. У яе па абедзвюх родавых лініях усе продкі-мужчыны служылі ў царкве. Калі малады семінарыст прасіў у дзяўчыны рукі, Вера адказала, што выйдзе за Паўла замуж, толькі калі ён стане святаром. У выніку закаханы юнак перавёўся з настаўніцкага на багаслоўскі факультэт і назаўжды звязаў лёс з рэлігіяй.

Свой сталы шлях распачаў псаломшчыкам пры храме ў Мастаўлянах на Беласточчыне, а праз два гады сям’я перабралася ў Касуту на Вілейшчыне, дзе айцец Павел служыў у Свята-Петра-Паўлаўскай царкве. Менавіта гэты будынак можна ўбачыць на яго першым фота, зробленым у 1900 годзе.
З 1902-га працаваў інспектарам царкоўна-прыходскіх школ Дзісенскага павета, а з 1904-га ўзначаліў прыход Свята-Мікалаеўскага храма ва Узмёнах на Мёршчыне, дзе нёс людзям веру 43 гады.
Сын Сяргей таксама, як бацька, скончыў Віленскую семінарыю, а пасля багаслоўскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. У 1930-м здабыў сан і ажаніўся з дачкой свяшчэнніка, атрымаўшы прыход у Сабакінцах (цяпер Першамайскае) на Шчучыншчыне. У 1934 годзе Сяргей Валынцэвіч удзельнічаў у працы камісіі па перакладзе вучэбнай царкоўнай літаратуры на беларускую мову, а ў 1946-м у Гродне кіраваў пастырска-багаслоўскімі курсамі.
Павел Валынцэвіч пасля 1947 года служыў настаяцелем у Крэве на Смаргоншчыне, пазней — у Сабакінцах, разам з сынам. У 1948-м здарыўся страшны пажар, які цалкам знішчыў вёску. Сям’я святароў ледзь паспела ўратавацца, але згарэла ўся маёмасць, у тым ліку кнігі, карціны і фота Паўла.

Аднак, на шчасце, крохкія шкляныя негатывы здымкаў ён пакінуў у знаёмых ва Узмёнах, дзякуючы чаму 180 гэтых адбіткаў цудам захаваліся да нашага часу, перажыўшы дзве сусветныя вайны.
З 1957-га служыў у Шарашове на Пружаншчыне, а апошнія гады правёў у сына ў Ваўкавыску, дзе і памёр у 1962-м.
Айцец Павел меў шырокае кола інтарэсаў і сабраў вялікую бібліятэку, да якой звярталіся таксама і прыхаджане. Пісаў абразы і карціны, захапляўся астраноміяй і прыродазнаўствам, гадаваў пчол, карыстаўся сонечным гадзіннікам і па ім выстаўляў час на кішэнным, вёў дзённік.
Але найбольшым захапленнем Паўла Валынцэвіча была менавіта фатаграфія. Ён здымаў усё навокал: сваякоў і знаёмых, важныя падзеі ў сям’і, уласны дом, сцэны з сялянскага і царкоўнага жыцця, незвычайныя прыродныя з’явы, мясціны, якія наведваў, храмы звонку і знутры.

Гэтаму чалавеку ўдалося стварыць візуальны летапіс заходнебеларускай правінцыі пачатку мінулага стагоддзя. Выгляд некаторых зніклых помнікаў архітэктуры і знішчаных ці перайначаных храмаў вядомы нам сёння толькі дзякуючы здымкам Паўла.
Па неардынарнасці асобы фатографа, колькасці і гістарычнай каштоўнасці кадраў, разнастайнасці сюжэтаў, незвычайнасці свайго лёсу і ступені захаванасці спадчына святара не мае аналагаў у Беларусі.
Павел Валынцэвіч амаль за 60 гадоў стварыў больш за тры сотні работ, і 80 з іх дэманструюцца ў экспазіцыі. Адметна, што ён падпісваў гэтыя карткі, пазначаючы месца і дату здымак, але толькі на адной пакінуў імя. Вось што ўрэшце і дазволіла даследчыкам высветліць аўтара ўсіх выяў.

Дапаўняюць праект фотатэхніка першай паловы мінулага стагоддзя, негатывы на бромажэлацінавых пласцінах, кнігі канца ХІХ стагоддзя па мастацтве фатаграфіі, а таксама адзенне, якое вышывалі жанчыны з сям’і Валынцэвічаў.
Выстава працуе да 5 красавіка.
Антон РУДАК. Фота аўтара і з экспазіцыі