У прафесіі — шчасце

На бялюткай тканіне за шыўком кладзецца шывок, ствараючы адмысловы ўзор. Ладна ідзе работа ў руках народнага майстра з Аршанскага Дома рамёстваў Галіны Кутузавай. У кожную нітачку, кожную пяцельку ўмеліца ўкладвае сваю душу, мудрасць і прыгажосць беларускай спадчыны.

 

ЗНАЙСЦІ СЯБЕ

Галіна Міхайлаўна нарадзілася ў Валгаградзе: па нацыянальнасці яна руская. Але сэрцам — беларуска. Большую частку жыцця правяла ў паўночным рэгіёне нашай краіны. Першай, хто вучыў гераіню тварыць рукамі, стала яе бабуля. Потым будучы народны майстар самастойна авалодвала шматлікімі відамі і тэхнікамі рамёстваў: вышыўкай ніткамі ручнікоў і адзення, ткацтвам паясоў на дошчачках і бёрдзе, рэканструкцыяй і шыццём народнага касцюма, вязаннем спіцамі і кручком, бісерапляценнем, макрамэ, керамікай... Але гэта — пазней. Калі ж настаў час выбіраць прафесію, дзяўчына пайшла ў Аршанскае педвучылішча. Аднак прага да мастацтва не пакідала, і Галіна Міхайлаўна з ахвотай наведвала заняткі ў Доме рамёстваў — хутчэй для душы.

— Тут я сустрэла народнага майстра Таццяну Шынкарову, кераміста, — распавядае Галіна Кутузава. — А разам з ёй — сваё прафесійнае шчасце. Дзякуючы Таццяне Васільеўне зразумела, што творчасць можа быць не толькі спосабам баўлення вольнага часу, але і годнай прафесіяй. Такім чынам, ужо ў 1999-м умеліца стала сябрам клуба народных майстроў пры Аршанскім Доме рамёстваў, а праз два гады прыйшла сюды кіраўніком гуртка па вышыўцы.

 

ЗАХАВАЦЬ СПАДЧЫНУ

Жанчыне бліжэйшая за ўсе віды мастацтва праца з тканінай. Галіна Міхайлаўна стварае з нуля і рэканструюе нацыянальныя строі, характэрныя для Аршаншчыны. А каб захаваць дакладнасць фасонаў, тэхнікі вышыўкі, узораў, вывучае гістарычную літаратуру, удзельнічае ў пошукавых этнаграфічных экспедыцыях.

— У нашым Доме рамёстваў рэчы ў большасці сваёй аўтэнтычныя, перададзеныя вясковымі бабулямі, — падкрэслівае майстар. — Па прыкладзе робім рэканструкцыі. Здараецца, да нас трапляе фрагмент ручніка, але якога памеру ён быў насамрэч — невядома. Таму адпаведны прадмет ствараем з сучасных матэрыялаў на аснове навуковых даследаванняў.

 

АДРАДЗІЦЬ І НАБЛІЗІЦЬ

Раней людзі былі ніжэйшыя і мелі танчэйшыя косткі. Па словах умеліцы, цяперашні чалавек наўрад ці змог бы ўмясціцца ў тагачаснае адзенне: не зашпіліліся б манжэты на кашулі, а каўнер ціснуў бы на шыю.

Каб падобнае ўбранне мог прымераць беларус ХХІ стагоддзя, Галіна Міхайлаўна робіць рэплікі — адраджае элементы касцюма па старых тэхналогіях. У справу ідуць тканіны, створаныя ўручную, ніткі і колеры, што адпавядаюць эпосе. Атрымліваюцца не дакладныя копіі строяў, бо ёсць відавочныя змяненні памераў, але максімальна блізкія да арыгінала.

— Існуе яшчэ такое паняцце, як стылізацыя, калі ў касцюме ўжываюцца асобныя элементы сапраўднага народнага ўбрання, — дадае Галіна Кутузава. — Падобныя мы шыем, напрыклад, для артыстаў. Сцэна патрабуе максімальнай колькасці рухаў, і адзенне павінна быць прыстасаваным да выступленняў. Тады і выкарыстоўваецца стылізацыя. Дарэчы, майстар падрыхтавала шэраг народных строяў для музычных калектываў і сольных выканаўцаў.

 

ДАЛУЧЫЦЬ І НАВУЧЫЦЬ

Працуе Галіна Міхайлаўна не адна, а з памочніцамі. Жанчына кіруе трыма гурткамі пры Доме рамёстваў: вышыўкі, ткацтва паясоў і стварэння народнага касцюма. Наведваюць іх пераважна дарослыя:

— Заняткі доўжацца больш за дзве гадзіны, — распавядае гераіня. — Не кожнае дзіця вытрымае. А вось на ткацтва малыя ходзяць з задавальненнем.

Да таго ж па традыцыі ў Доме рамёстваў рэгулярна праводзяцца майстар-класы. Можна паспрабаваць сябе ў пляценні паясоў на бёрдзе ці дошчачках альбо ў лепцы з гліны, вышыўцы, лозапляценні.

— І ахвочых шмат, — запэўнівае ўмеліца. — Іншым разам установа не можа ўсіх умясціць. Нават просім запісвацца загадзя.

 

РАСКАЗАЦЬ І ПАКАЗАЦЬ

З 2001 года Галіна Кутузава — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Актыўна ўдзельнічае ў гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных мерапрыемствах — кірмашах, выставах, фестывалях. Шматразова атрымлівала ўзнагароды.

Сярод апошніх самых значных — дыплом лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі “Віццё, пляценне і ткацтва паясоў” міжнароднага конкурсу майстроў традыцыйнага ткацтва “Палатняныя пераплёты — 2022”, дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі “Рэканструкцыя вырабленага ў тэхніцы вытокі артэфакта” абласнога свята-конкурсу майстроў вышыўкі і карункапляцення “Чароўная нітка — 2023”.

— У лютым удзельнічалі ў фестывалі “Смаленскія гулянні” ў Расіі, потым у мінскіх выставах “Калядныя ўзоры” і “Чароўны млын”, — пералічвае Галіна Міхайлаўна. — На месцы не сядзім, папулярызуем беларускую культуру.

Творы гераіні знаходзяцца ў асабістых калекцыях як у нашай краіне, так і за мяжой. А ў рамках акцыі “Майстры ХХІ стагоддзя” работы “Вадзянік” і “Русалка”, выкананыя ў тэхніцы вышыўкі ніткамі, прэзентаваны этнаграфічнаму музею “Млын” у Оршы.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіваў гераіні і Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці