“Ідзём дарогай памяці”

Гэта назва праекта, уганараванага дыпломам ХХХІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За значны ўклад у работу з новым пакаленнем”. Чым адметная задума гарадской бібліятэкі № 1 Асіповічаў Магілёўскай вобласці?

 

УСЕ РАЗАМ

— Патрыятычнаму выхаванню моладзі калектыў заўсёды надаваў шмат увагі, — распавядае дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Асіповіцкага раёна Святлана Невясценка. — І вось у 2022-м — у Год гістарычнай памяці — узяліся за распрацоўку інфармацыйна-адукацыйнага праекта для патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў “Ідзём дарогай памяці”. Усё, што рабілася дагэтуль, сістэматызавалі. Паралельна нарадзіліся ідэі, якія былі бліскуча рэалізаваны.

Экскурсія ў музеі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў пры СШ № 3

З цягам часу да ініцыятывы далучыліся гарадскія школы № 2 і № 3, ДШМ № 2, ваенна-гістарычны клуб “Штык” і падлеткавы ваенна-патрыятычны клуб “Гарнізон”, вайсковая часць, грамадскія аб’яднанні. Разам вырашаць пытанні, праводзіць мерапрыемствы, ладзіць пошукі стала прасцей.

Алена Чарнецкая

Як лічыць загадчыца гарадской бібліятэкі № 1 Алена Чарнецкая, такі сімбіёз структур, людзей розных узростаў, жыццёвага досведу дазволіў больш паглыбіцца ў тэму. Расповеды пра жахі вайны ад тых, хто бачыў яе на свае вочы, вытрымаў акупацыю або прайшоў жарало Афганістана, здольныя выклікаць эмоцыі ў падлеткаў, як нішто іншае.

 

НА ЎЛАСНЫМ ПРЫКЛАДЗЕ

— Увогуле, патрыятызм — гэта тое пачуццё, якому нельга навучыць, седзячы ў кабінеце, — упэўнена Алена Сяргееўна. — Толькі на ўласным прыкладзе і толькі праз эмоцыі! Праз пошукавыя экспедыцыі, апытанне землякоў, якія перажылі Вялікую Айчынную, і запіс іх расказаў, добраўпарадкаванне месцаў пахавання ахвяр вайны, сустрэчы і агульныя праекты з воінамі-інтэрнацыяналістамі і сённяшнімі салдатамі тэрміновай службы, афіцэрамі.

Так былі сабраны і сістэматызаваны матэрыялы для стужкі часу “Асіповіцкі раён у гады Вялікай Айчыннай вайны”, выдадзены інфармацыйныя папкі-дасье “Афганістан. Гартаючы старонкі гісторыі”, “Людзі і завод — часам правераны на трываласць” (прысвечана заводу аўтамабільных агрэгатаў, самаму буйному прадпрыемству ў Асіповічах), “Мінулае і сучаснасць стальной магістралі” (па гісторыі развіцця чыгуначнай станцыі Асіповічы). Гэтыя здабыткі выкарыстоўваюцца на занятках па дапрызыўнай падрыхтоўцы ў школах, а таксама на мерапрыемствах, якія ладзяцца непасрэдна ў кніжнай скарбніцы.

Таццяна Чудакова

ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ

На падставе атрыманых звестак супрацоўнікі гарадской бібліятэкі склалі анкеты для чытачоў розных узростаў — пераважна сярэдняга школьнага. Першая — “Ці ведаеце вы сваю малую радзіму?” — павінна была вызначыць кірунак, па якім трэба ісці аўтарам праекта.

Рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанні пра час узнікнення Асіповічаў, сімволіку горада, пра славутасцей краю, а таксама ацаніць даступнасць інфармацыі і ўласныя веды.

Наталля Куксар праводзіць сустрэчу ўдзельнікаў праекта з афіцэрамі вайсковай часці

Пасля бібліятэкары зрабілі аналіз, адлюстравалі вынікі ў інфаграфіцы, выпусцілі брашуру — і працягнулі працу ў гэтым напрамку. Так, анкеты “Каго ты лічыш героем краіны?”, “Мае думкі пра армію”, “Ці трэба служыць у войску?” і іншыя дазволілі акрэсліць тэмы і фармат мерапрыемстваў.

Апошняе з апытанняў, “Патрыятычны праект вачыма яго ўдзельнікаў”, было арганізавана, каб атрымаць зваротную сувязь і ўпэўніцца ў эфектыўнасці дзейнасці. Рэспандэнтам прапанавалі паразважаць і даць азначэнне паняццю “патрыятызм”, ацаніць захады, прысвечаныя выхаванню любові да Радзімы, выказаць уласныя ідэі.

— Анкетаванне праводзілі не толькі сярод нашых сяброў, але і сярод іншых юных чытачоў, — дапаўняе Алена Сяргееўна. — І што цікава: пасля ў нас з’явіліся новыя наведвальнікі.

У ЛІЧБЕ, У СЭРЦЫ

— Над праектам “Ідзём дарогай памяці” шчыраваў, лічы, увесь творчы калектыў установы, — распавядае загадчыца бібліятэкі. — Кожны імкнуўся прыўнесці нешта адметнае, важнае для горада, карыснае для моладзі. Асабліва хочацца падзякаваць Наталлі Куксар, якая па сямейных абставінах была вымушана змяніць працу, але дагэтуль застаецца нашай памочніцай у грамадскай дзейнасці. Два гады, калі задума рэалізоўвалася, Наталля, як і іншыя нашы спецыялісты, імкнулася максімальна зацікавіць падлеткаў, уцягнуць іх у працэс, далучыць да значнай справы.

Падлеткі з кіраўніком ваенна-патрыятычнага клуба "Штык" Андрэем Торбіным

Праект цяпер алічбаваны і размешчаны на сайце — матэрыяламі карыстаюцца іншыя ўстановы культуры, агульнаадукацыйныя школы, ваенна-патрыятычныя клубы. І гэта — яшчэ адно сведчанне грунтоўнай працы апантаных прафесіяналаў, для якіх памяць, гонар, годнасць — не проста словы, сапраўдных патрыётаў, што праз кнігі, сустрэчы, на ўласным прыкладзе вучаць новае пакаленне галоўнаму — любові да роднага краю.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы