Далей – болей!

Гэта гісторыя пра калектыў-сям'ю, дзе старэйшы падтрымлівае і накіроўвае малодшага, пануе атмасфера цяпла і ўтульнасці, а госці хочуць вяртацца зноў і зноў. Шматлікія чальцы — акцёры, рэжысёры, гукааператары, дэкаратары — карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам, бо збіралі свой дом па макулінках і працягваюць яго аздабляць таленавітымі знаходкамі.

Мінскі абласны драматычны тэатр 35 гадоў радуе сваімі спектаклямі гледачоў. Зазірнём за кулісы і даведаемся, у чым сакрэт творчага даўгалецця.

 

З ЧАГО ПАЧЫНАЛАСЯ...

Свае сцены Мінскі абласны драматычны тэатр займеў у 1991 годзе пасля рэканструкцыі. Трупа ўручную расчышчала смецце і разграбала завалы. Курыраваў працэс першы мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Мацкевіч. Шмат працы і душы было ўкладзена, каб стварыць дом, які стане культурным асяроддзем Маладзечна.

Цяпер, гуляючы па фае падчас антракту, можна ўбачыць гісторыю, захаваную на фатаграфіях.

Тут і сам Мікалай Пятровіч, які разважае над дызайнам інтэр’еру, і Алена Рахмангулава, будучая вядучая артыстка, што наводзіць парадак.

Усеагульнымі намаганнямі будынак быў рэканструяваны і ўжо ў 1994-м зрабіўся пляцоўкай для Рэспубліканскага фестывалю майстроў тэатральнага мастацтва “Маладзечанская сакавіца”.

Момант, які паклаў пачатак актыўнай дзейнасці.

З 2006 года трупа выходзіць на сусветны ўзровень. Першай спробай стаў IV Міжнародны фестываль монаспектакляў.

— З адной з такіх паездак звязаны мой самы запамінальны прафесійны ўспамін, — распавядае Сяргей Карзей, вядучы майстар сцэны. — На Міжнародным тэатральным фестывалі “Homo ludens”, дзе мы прадстаўлялі спектакль “Камедыя”, я быў узнагароджаны дыпломам за найлепшую мужчынскую ролю другога плана.

Сяргей Карзей

Артыст уганараваны нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” і двойчы Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта — у 2019 і 2023-м. Сяргей Фёдаравіч і сёння не перастае здзіўляць гледачоў сваім талентам — выдатна выконвае ролю ў пастаноўцы “Вежы Маладзечанскага замка”, якая перамагла ў намінацыі “Найлепшы спектакль тэатра драмы для малой сцэны” на VIII Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія” напрыканцы 2025-га.

Пазнаёміцца з гісторыяй драмтэатра дазваляе музей, размешчаны на другім паверсе. Тут пад шклом захоўваецца памяць пра значныя падзеі. Да прыкладу, на асобным пастаменце прадстаўлены дыплом вядучага майстра сцэны Алены Рахмангулавай, лаўрэата VII Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія” ў намінацыі “Найлепшая жаночая роля ў спектаклі тэатра драмы”:

— Гэта была пастаноўка “Валянціна”, дзе я грала ролю Ганны Добрых. Атрымаць такую ўзнагароду вельмі прыемна і ў той жа момант адказна, — кажа Алена Аляксандраўна.

Алена Рахмангулава

Наогул, па яе словах, тэатр патрабуе шмат намаганняў — лёгка хіба што выходзіць на паклон пад апладысменты, а ўсё астатняе — вельмі сур’ёзная праца. Спачатку шматгадзінныя рэпетыцыі і падрыхтоўка, потым само выступленне, дзе мала проста пастарацца: трэба пражыць сваю ролю.

— Пасля некаторых спектакляў доўга адыходжу фізічна і маральна, — прызналася вядучая актрыса. — Але яно таго вартае, асабліва калі бачыш захопленыя твары ў зале ці вочы, напоўненыя слязьмі. Я настолькі люблю сцэну, што ўсе перашкоды пераадольныя.

Для многіх супрацоўнікаў тэатр з’яўляецца другім домам. Некаторыя з самага яго заснавання і да гэтага часу праводзяць тут большую частку жыцця. Тут, у розных амплуа, праходзілі гады вядомых цяпер акцёраў і рэжысёраў. Аднойчы яны сабралі тэатр па цаглінцы, а пасля ўжо сам тэатр будаваў тых, хто быў яму адданы з самага нараджэння.

 

УСЕ ЗА АДНАГО!

Сёння ў трупе Мінскага абласнога драматычнага тэатра 19 акцёраў. Калектыў невялікі, але вельмі дружны.

— У нас сямейная атмасфера, — усміхаецца дырэктар Алена Сакалоўская. — І няхай нас не так шмат, але мы ўсе трымаемся разам і гатовы дапамагчы адно аднаму. Гэтыя сцены — наш дом.

Дырэктар не толькі навучае і падбадзёрвае калег, але і сама ўдзельнічае ў стварэнні спектакляў. Узімку маладзечанцы парадавалі дзяцей і бацькоў паказам прэм’еры навагодняй казкі “І ўсё ж ён існуе!”, аўтарам сцэнарыя якога з’яўляецца Алена Расціславаўна. Па водгуках гледачоў, пастаноўка стала найлепшай сярод навагодніх мерапрыемстваў горада.

Сам будынак мае прасторную глядзельную залу, памяшканне для дэкарацый, грымёрныя пакоі. Усе касцюмы для новых спектакляў распрацоўваюць і шыюць тут жа. Афішы і друкаваная прадукцыя таксама важныя дэталі — ва ўсё ўкладваюць душу.

Вельмі рады тут маладым спецыялістам. Сёлета творчы склад папоўнілі Вераніка Пальцава і Ганна Смольская. Дзяўчаты скончылі гімназію-каледж мастацтваў г. Маладзечна і выбралі Мінскі абласны драматычны тэатр у якасці месца размеркавання.

— Тут цікава і можна пераняць шмат досведу ў старэйшых калег. Заўсёды дапамогуць, усё растлумачаць і пакажуць, — распавядае Ганна. — Мы працуем нядаўна, але ўжо паспелі паўдзельнічаць у некаль­кіх пастаноўках.

Вераніка Пальцава падзялілася, што асабліва прыемна выступаць перад дзецьмі і атрымліваць іх апладысменты. Адным са спектакляў, што прыйшоўся даспадобы юным гледачам, сталі “Суперпрыгоды суперзайца”. Гэта гісторыя пра супрацьстаянне даўгавухага, Лісы і Ваўка. Тэатр працягвае натхняць і вучыць тых, хто даўно спазнаў кожную прыступку на сцэну, і тых, хто яшчэ толькі робіць свой першы нясмелы крок.

 

ТОЛЬКІ НАПЕРАД!

Любімы выраз гэтага калектыву: “Далей — болей!”.

Падчас нашай размовы акцёры нястомна рэпеціравалі, касцюмеры шылі ўборы, дэкаратары займаліся антуражам, а галоўны рэжысёр, Раман Цыркін, рупіўся над стварэннем сцэнарыя чарговага спектакля — усе дружна рыхтаваліся да чарговай прэм’еры.

Раман Цыркін

— Гледачам прапануем вясёлую камедыю з незвычайным сюжэтам і нечаканай развязкай, — падзяліўся рэжысёр. — Думаю, у наш напружаны час людзям будзе прыемна крыху выдыхнуць! Задзейнічаны як маладыя, так і больш дасведчаныя акцёры.

Увосень тут збіраюцца паставіць п’есу Андрэя Макаёнка “Зацюканы апостал”. Раман Цыркін называе яе “гісторыяй беларускага Гамлета”, падлетка, які не можа знайсці сябе і нястомна задае пытанні свету. “Хочацца рэалізаваць яе менавіта на беларускай мове”, — падкрэслівае рэжысёр. Затым запланавана прэм’ера п’есы “Восень”. Гэта кранальная гісторыя пра двух узроставых сёстраў, якія ўсведамляюць, як шмат страцілі, не камунікуючы адна з адной. І вось лёс іх зноў зводзіць, і жанчыны пачынаюць разважаць аб тым, як яны пражылі свой век.

У свае 35 Мінскі абласны драматычны тэатр дыхае на поўныя грудзі і не перастае здзіўляць. Як у далёкім 1991-м, так і цяпер, крок за крокам, дружны калектыў адкрывае новыя гарызонты і фармуе будучыню свайго творчага дома.

Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота аўтара і прадастаўленыя тэатрам