Год беларускай жанчыны невыпадкова прыпаў на юбілей народнай артысткі Беларусі, салісткі Вялікага тэатра оперы і балета Ніны Шарубінай. Яе творчы шлях — прыклад прафесійнай адказнасці, вытрыманасці, дысцыпліны, унутранай культуры і сумленнасці, што фарміруюць сапраўдную жаночую мудрасць.

НАТХНЁНАЯ
Усё пачалося далёка ад тэатральных куліс — у вёсцы з паэтычнай назвай Калінавая, на беразе Дняпра, у Магілёўскай вобласці. Тады ў думках дзяўчынкі не было нават намёку на оперу. Існаваў іншы свет — пласцінкі, прайгравальнік, галасы тагачасных эстрадных зорак. Музыка жыла натуральна, без разліку на прафесію і амбіцыі — як радасць, як штодзённая патрэба.
Калі пры сярэдняй школе адкрылася музычная — з новымі інструментамі, аркестрамі, хорам, — дзяўчына ўспрыняла гэта як сапраўдны цуд. Упершыню дакрануўшыся да клавіш, Ніна стала марыць пра фартэпіяна.
Але жыццё адразу паставіла свае межы: інструмент быў недасягальнай раскошай для вясковай сям’і. Так у руках апынуўся баян — не выбраны сэрцам, але неабходны. Затое хор стаў прасторай сапраўднага захаплення.
— Маёй настаўніцай была Таццяна Кузіна, якая адначасова выкладала і ў Магілёўскім музычным вучылішчы на харавым аддзяленні. Яна стала для мяне сапраўдным аўтарытэтам. Дзякуючы ёй я марыла пра працу з калектывам, пра жывы гукавы арганізм, дзе важны кожны ўдзельнік. Таму і вырашыла паступаць на харавое дырыжыраванне, — згадвае Ніна Уладзіміраўна.
Пасля школы, на здзіўленне педагогаў, — музычнае вучылішча. Залаты медаль і выбар сярэдняй спецыяльнай адукацыі ім здаваліся несупастаўнымі. Але для нашай гераіні гэтае рашэнне было свядомым.
Паваротным момантам стаў прыезд у Магілёў Людмілы Браілоўскай. Менавіта яна першай заўважыла ў Ніне Шарубінай вакальны патэнцыял. Адкрыўся новы гарызонт — акадэмічны вакал. І разам з ім — цяжкі, але непазбежны выбар…
— Заўсёды добра спявала эстраду. Падчас вучобы ўдзель- нічала ў праектах, конкурсах, канцэртах. Але пасля адной паездкі голас раптам знік. Тады Людміла Яўгенаўна сказала: “Ты павінна расставіць прыярытэты. Або сур’ёзна займаешся акадэмічным спевам, або рызыкуеш застацца без голасу. На двух крэслах не ўседзіш”. Думала ўсяго хвіліну, — успамінае Ніна Шарубіна.

МЭТАНАКІРАВАНАЯ
Выбар на карысць акадэмічнага вакалу быў зроблены хутка, а вось шлях да яго ўвасаблення расцягнуўся на гады. Чатыры з іх — спробы паступлення ў Маскоўскую кансерваторыю, адмовы, расчараванні, паступовае вычэрпванне маральных сіл. Сёння народная артыстка ўспрымае гэта без крыўды, як неабходны этап, што прывёў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю.
— Ранняя вясна. Я ішла праз стадыён у Магілёве — насустрач дырэктар музычнага вучылішча Леанід Іваноў. “Ну не атрымалася — і што? На Маскве свет клінам сышоўся? Паступай у Мінск”, — адчытаў ён мяне. І ўсё адразу стала на свае месцы. Цяпер, калі аналізую, разумею: нічога выпадковага ў мяне не было. Кожны крок — нібыта пад знакам лёсу, — усміхаецца спявачка.
У кансерваторыю яна прыйшла ў 26 гадоў — ужо з багатым прафесійным багажом.
— Усё ў маім жыцці з невялікім спазненнем. Пасля вучылішча я добрасумленна адпрацавала тры гады ў вясковых установах. І цяпер шчыра не разумею, чаму студэнты так баяцца ехаць на перыферыю. Там жа столькі магчымасцей: і жыллё, і падтрымка, і, галоўнае, каласальны досвед, — адзначае Ніна Уладзіміраўна.

ПРАЦАВІТАЯ
Тэма “позняга старту” для Ніны Шарубінай не праблема, а перавага. Творца перакананая: вакал — мастацтва, якое не цярпіць спешкі. Голас, як і асоба, павінен саспець. Магчыма, менавіта таму шлях у Вялікі тэатр не быў імгненным. Шматлікія праслухоўванні, гады чакання, сумневы — і разам з тым устойлівае ўнутранае перакананне: яе месца менавіта тут. Гэтае адчуванне спраўдзілася ў 2002-м.
— Я ніколі не сядзела склаўшы рукі: заўсёды была ў руху, выступала. Менавіта падчас аднаго праслухоўвання, калі дапамагала тэнару, мой голас пачуў дырыжор Мікалай Калядка. Ён расказаў пра мяне Маргарыце Ізворскай-Елізар’евай, якая тады была мастацкім кіраўніком. З таго моманту лічу гэтых людзей сваімі хроснымі бацькамі ў опернай кар’еры, — кажа гераіня.
Замест звыклага пробнага выступлення ёй даверылі адразу спектакль. Для тэатра — рызыка, для яе — выпрабаванне і шанц. У 39 гадоў яна ўвайшла ў трупу ўжо не як “перспектыўная”, а як сфармаваная спявачка з выразным драматычным голасам і жыццёвай вытрыманасцю.

З гадамі Ніна Шарубіна дакладна зразумела: тэатр — арганізм складаны, магутны і часам небяспечны. Спявак — цэлы комплекс: устойлівая псіхіка, прафесійная вакальная падрыхтоўка, уменне працаваць у калектыве, захоўваючы межы і павагу да калег. Яна прынцыпова не прымае закулісных размоў, так званай калідорнай кафедры.
На думку Ніны Уладзіміраўны, прафесія пачынаецца з маўклівай дысцыпліны, унутранай культуры і сумленнасці — перад музыкай, сцэнай і тымі, хто побач.
АДКАЗНАЯ
Гэтую ж філасофію Ніна Шарубіна перанесла і ў педагагічную сферу, якой прысвяціла ўжо больш за два дзесяцігоддзі. Вопыт у Інстытуце культуры, затым кафедра сольных спеваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе працуе і сёння. Для яе прынцыпова важна падрыхтаваць чалавека да рэальнага прафесійнага асяроддзя, таму не мае выпадковых студэнтаў: кожны прыходзіць з разуменнем, што наперадзе — штодзённая практыка, канкурэнцыя, адказнасць і ўменне трымаць сябе ў калектыве.

— Мая галоўная задача — каб малады выканаўца быў запатрабаваны. Каб ні ў аднаго хормайстра не ўзнікла сумненняў: дыяпазон ёсць, тэсітура трымаецца, гук роўны. Тады спевака бяруць з радасцю. Студэнт павінен давяраць педагогу і адчуваць сувязь. Мы, па сутнасці, як лекары: трэба паставіць дыягназ — і вылечыць. А значыць, яшчэ і “лекі” прызначыць. Шмат прыдумляю ўласных практыкаванняў і сама вучуся кожны год, — падкрэслівае суразмоўца.
Кансультацыі з навучальнымі ўстановамі, майстар-класы, курсы і рэкамендацыі — яе педагагічная місія не абмяжоўваецца адной кафедрай.
— Калі выкладчык — дзейны артыст, гэта асабліва адчуваецца ў навучанні: усё правяраецца праз асабісты досвед, без абстрактных схем і пустых слоў. Асабліва радуе, калі бачу вынік: маіх студэнтак ахвотна запрашаюць у прэстыжныя калектывы, яны становяцца лаўрэатамі аўтарытэтных конкурсаў. Тады разумееш, што ўсё не дарэмна, — прызнаецца Ніна Уладзіміраўна.
УТУЛЬНАЯ
Важнае месца ў жыцці артысткі заўсёды займалі блізкія. Сям’я ніколі не была перашкодай для кар’еры — наадварот, той апорай, без якой немагчыма захаваць унутраную цэласнасць.

— Вельмі рада, што стала маці. Бо што такое кар’ера? Вось я ўжо 24 сезоны ў тэатры — яны праляцелі, як два гады. Калі ты адзін — ні мужа, ні дзіцяці, — што з гэтай кар’ерай рабіць? Таму заўсёды кажу выхаванцам: ні ў якім разе нельга ахвяраваць самым важным. Чалавек не павінен заставацца самотным. Сямейнае жыццё можа скласціся па-рознаму, але дзіця — гэта шчасце. Я паспела многае: і харавое дырыжыраванне, і вакал, і гастрольныя канцэрты, і тэатр. Але трымае заўсёды сям’я, — тлумачыць Ніна Шарубіна.
Сямейныя традыцыі? Абавязкова! Напрыклад, перад Вялікаднем у доме гатуюць каўбасу.
— Сын і муж займаюцца мясам, я — ніткамі. Цяпер і нявестка далучылася. Без гэтай каўбасы ў нас не праходзіць ніводны год, — смяецца спявачка. Час для сябе — таксама неабходны складнік поспеху. Са стомленасцю і прыкметамі выгарання дапамагае справіцца спакойны рытм паўсядзённасці, сустрэчы з сябрамі, гутаркі без спешкі, абмен пазітыўнай энергіяй.
— Усім кажу, асабліва калегам: не скупіцеся на добрыя словы. Яны нічога не каштуюць, але вельмі шмат значаць. І заўсёды задаюць настрой.
МУДРАЯ
Калі гаворка заходзіць пра галоўныя чалавечыя якасці, Ніна Шарубіна без ваганняў называе мудрасць — тую, што не крычыць і не павучае, а тонка адчувае меру. Яна згадвае маці — простую вясковую жанчыну, для якой гэтая мудрасць была натуральнай, як дыханне. Магчыма, менавіта адтуль — уменне маўчаць, калі словы лішнія, і гаварыць толькі па сутнасці. Гэтая ж унутраная мера вызначае і яе стаўленне да мастацтва. Яго сэнс — у здольнасці кранаць чалавека, выводзіць з абыякавасці.

— Калі пасля спектакля глядач выходзіць іншым: са слязамі, мурашкамі, камяком у горле — значыць, місія выканана. Самае галоўнае, каб душа адгукнулася. Вось у чым задача артыста: лячыць душы, — падсумоўвае гераіня.
Голас Ніны Шарубінай не спяшаўся. Ён нараджаўся паступова. З працавітасці і вытрыманасці, з умення чакаць і не зламацца, з павагі да прафесіі і адказнасці перад слухачом. У ім спляліся дысцыпліна і спачуванне, сцэнічная сіла і ўнутраная сціпласць, жаночая далікатнасць і цвёрдасць характару. І менавіта гэтая рэдкая суцэльнасць робіць яе прысутнасць значнай усюды: у творчасці, у навучанні, у сям’і.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні