У Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстава, прысвечаная стагоддзю Сямёна Геруса.

Творчасць мастака, якога называлі “бацькам беларускай тыражнай графікі”, адыграла значную ролю ў гісторыі айчыннага мастацтва, з’яўляючыся сувязным звяном паміж даробкам даваенных майстроў-графікаў і работамі пакалення мастакоў, якія пачалі выстаўляцца ў 1960-я, у тым ліку ўзгадаваных ім самім.

Сямён Герус нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Кунічна на Навагрудчыне ў сялянскай сям’і. Ужо ў пачатковай школе яго любімым прадметам было маляванне, захапляла і гісторыя.
Прафесійную адукацыю будучы мастак атрымаў адразу пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўцаў, у Навагрудскім педвучылішчы, а пасля ў Дзяржаўным мастацкім інстытуце Літоўскай ССР у Вільнюсе, які скончыў у 1952-м. Творы з серыі каляровых аўталітаграфій “Вызваленне і аднаўленне”, што была яго дыпломнай работай, літаграфіі “Вільнюс. Дзень Перамогі” і “ГЭС «Дружба народаў»”, таксама можна пабачыць на выставе.

У 1953-м Сямён Герус пераехаў у Мінск, куды быў запрошаны на пасаду першага выкладчыка графічнага аддзялення на мастацкім факультэце Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, і прапрацаваў тут амаль 14 гадоў, навучаючы студэнтаў тэхнікам акватынты, афорту, дрэварыту, лінарыту, літаграфіі, сухой іголкі і іншым.
У эстампнай майстэрні, арганізаванай па ініцыятыве Сямёна Геруса, сфарміравалася цэлае пакаленне знакамітых беларускіх графікаў. Сваіх выхаванцаў ён заахвочваў звяртацца ў творчасці да гістарычнай тэматыкі, якую сам пачаў актыўна развіваць першым сярод беларускіх мастакоў пасляваенных гадоў. Вучнямі Сямёна Геруса былі такія прызнаныя майстры, як Людвіг Асецкі, Рыгор Віткоўскі, Арлен Кашкурэвіч, Наталля Паплаўская і многія іншыя.

Мастак рэгулярна прадстаўляў свае работы на рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выставах, займаўся папулярызацыяй беларускай графікі, актыўна ўдзельнічаў у культурным і грамадзянскім жыцці рэспублікі, у другой палове 1960-х займаў пасаду рэдактара мастацка-экспертнай калегіі Міністэрства культуры БССР. За свае дасягненні быў узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР, двума бронзавымі медалямі Выставы народных дасягненняў БССР, а таксама граматай Саюза савецкіх аб’яднанняў сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі.
Памёр Сямён Герус у Мінску ў 1998 годзе.
ПОСТАЦІ З ГІСТОРЫІ
Выдатнае валоданне разнастайнымі тэхнікамі эстампа — літаграфія, афорт, лінагравюра, — а таксама цікаўнасць да беларускага мінулага дазвалялі мастаку аднолькава паспяхова працаваць у пейзажным, партрэтным і гістарычным жанрах.

На выставе можна пабачыць як сцэны з вуліц Мінска розных гадоў, так і загарадныя краявіды, як трапныя партрэты выдатных творцаў ды навукоўцаў — сучаснікаў мастака, так і гістарычных асоб — паэтаў Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча, Алеся Бачылы, Петруся Броўкі, Генадзя Бураўкіна, Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка, празаіка Янкі Брыля, кампазітараў Генрыха Вагнера, Рыгора Пукста і Яўгена Цікоцкага, скульптараў Заіра Азгура і Андрэя Бембеля, мастака Валянціна Волкава і акадэміка-медыка Мікалая Саўчанкі.
Тэмы барацьбы беларускага народа за вызваленне і ўз’яднанне, трагедыі і гераізму часоў Вялікай Айчыннай вайны, блізкія мастаку як сведку гэтых падзей, які рос і сталеў у Заходняй Беларусі, знайшлі сваё адлюстраванне ў творах “Камера №17 у Гродзенскім астрозе. Месца зняволення Валянціна Таўлая” і “Месца смерці Веры Харужай”, а таксама ў серыях “Брэсцкая крэпасць” і “Мы — беларусы. 50 год БССР”.

Пасляваеннай адбудове краіны прысвечаныя серыя “Будаўнікі Мінска” і творы, што паказваюць будні рабочых Магілёва ды Салігорска.
ДОМА І Ў ГАСЦЯХ
Асобна варта адзначыць цэлы шэраг выдатных гарадскіх краявідаў Мінска, ад вобразаў старога, даваеннага горада да новага, адроджанага і ўзнятага з руін.

Гэтая частка экспазіцыі ўяўляе сабой маршрут па сталіцы 1950—1980-х — ад тлумнай Прывакзальнай плошчы да стадыёна “Дынама”, ад плошчы Леніна па шумным галоўным праспекце, мінаючы гаманлівы натоўп ля папулярнага кафэ “Вясна”, што на рагу з Камсамольскай вуліцай, да гарадскога сквера і Палаца прафсаюзаў на Цэнтральнай плошчы, ад Тэатра оперы і балета паўз дом-музей І з’езда РСДРП да плошчаў Перамогі ды Якуба Коласа, і далей, да новых мікрараёнаў, такіх як Усход і Зялёны Луг.

Многія з гэтых твораў выдатна адлюстроўваюць не толькі атмасферу і выгляд вуліц Мінска другой паловы мінулага стагоддзя, але і тагачасныя дызайн ды моду і вобразы жыхароў сталіцы.
Цікавасць на выставе выклікаюць замалёўкі з замежных паездак мастака і партрэты іншаземных гасцей, удзельнікаў знакамітага VI Міжнароднага фестывалю моладзі і студэнтаў, які адбыўся ў Маскве ў 1957 годзе.

Агулам у экспазіцыі прадстаўлена больш паўсотні твораў тыражнай і арыгінальнай графікі з фондаў музея, Беларускага саюза мастакоў і прыватных калекцый, эскізы ды замалёўкі, асабістыя фотаздымкі і дакументы Сямёна Геруса з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, а таксама арыгінал афішы яго персанальнай выставы, што прайшла ў 1987-м у Палацы мастацтваў.

Часовая экспазіцыя працягнецца да 29 сакавіка.
Антон РУДАК. Фота аўтара