Жыццё вядучага саліста Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, фіналіста тэлепраекта “Фактар.by” Шамхала Хачатурана насычана прэм’ерамі, гастролямі, творчымі сустрэчамі і апладысментамі. Аднак за кулісамі — ні ценю зорнасці: толькі штодзённая праца і дысцыпліна.

7.00. ЛЁС ВЫЗНАЧЫЎ
Цяжка паверыць, што ўладальнік яркага лірычнага тэнара да 18 гадоў наогул не займаўся вакалам.
— Мама прапаноўвала ісці ў музычную школу, але я адмовіўся. Глядзеў, як сястра пакутуе з сальфеджыа, як сябры ўцякаюць з заняткаў, і думаў: навошта мне гэта? — усміхаецца Шамхал.
Адкрыццё сябе адбылося ўжо падчас паступлення ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Юнак марыў пра драматычны тэатр, але лёс павярнуў у бок музычнага.
— На курсе быў самым “зялёным”: не ведаў нот, а трэба было вучыць партыі. Даводзілася разбірацца з нуля і працаваць у 10 разоў больш за іншых. Сёння разумею: здольнасць працаваць — гэта і ёсць талент.
Чатыры гады вучобы сталі марафонам: падручнікі пра вялікіх тэнараў, бясконцыя паходы ў тэатр, у навушніках — толькі класіка. Павароці, Дамінга, Карэрас — галасы, якія вучылі марыць. Дадаткова — індывідуальныя заняткі па сальфеджыа, каб дагнаць аднакурснікаў. І паступова прыйшло яснае адчуванне: яго шлях — музыка.
10.00. РУХАЛЬНАЯ СІЛА
Шамхал — лаўрэат шматлікіх конкурсаў, аднак у творчай біяграфіі ёсць этапы, якія вымяраюцца не колькасцю ўзнагарод, а вытрымкай і настойлівасцю. Менавіта гэтыя рысы і сталі галоўнай рухальнай сілай спевака.
— Успамінаю міжнародны конкурс маладых артыстаў аперэты і мюзікла імя народнага артыста СССР Уладзіміра Курачкіна ў Екацярынбургу. Удзельнічаў у ім тройчы: дзве спробы — без чаканага выніку, а трэцяя, у 2024-м, ужо з дыпломам лаўрэата, што стала пацвярджэннем: нельга апускаць рукі. Не атрымалася сёння — трэба вярнуцца заўтра, — кажа выканаўца.

Сімвалічна, што менавіта пасля адной з такіх спроб прыйшло запрашэнне ў Растоўскі музычны тэатр. Чатыры гады на яго сцэне сталі часам інтэнсіўнага прафесійнага сталення: дзясяткі роляў, оперы і аперэты, вядучыя партыі і імклівы вакальны рост.
— Гэта была сапраўдная школа жыцця. Апынуўся побач з вельмі моцнымі артыстамі і вучыўся ў іх кожны дзень.
13.00. БЫЦЬ УНІВЕРСАЛЬНЫМ
За яго плячыма — дзясяткі роляў: ад невялікіх эпізодаў да цэнтральных партый.
— Кожная нешта дала. Але я ўпэўнены: самае важнае яшчэ наперадзе.

Досвед сфармаваў і разуменне прафесіі.
— Сёння артысту трэба быць універсальным. Недастаткова толькі валодаць голасам. Патрэбныя акцёрская дакладнасць, пластычная свабода, уменне існаваць у рытме пастаноўкі і быць пераканаўчым у кожнай дэталі.
Опера для Шамхала — свет дыхання і вялікіх сэнсаў. Разважаючы пра будучыню жанру, ён гаворыць упэўнена:
— Чым больш у нашым жыцці тэхналогій і штучнага інтэлекту, тым мацней людзі будуць цягнуцца да жывога голасу. Да дыхання, якое гучыць тут і цяпер. Класіку можна адкрываць зноў і зноў — яна не старэе. Калі спектакль зроблены сумленна і з густам, у ім кожны раз знаходзіш новыя адценні.
16.00. ГАЛОЎНАЯ СЦЭНА
Асобны кірунак — тэлебачанне. Так, удзел у праекце “Фактар.by” даў тое, чаго не забяспечыць нават самы насычаны рэпертуар, — пазнавальнаць.
— Раней мяне ведала даволі вузкае кола людзей, пераважна тэатралы. Пасля эфіраў сталі вітаць на вуліцы, пісаць у сацыяльных сетках, пытацца пра бліжэйшыя спектаклі з маім удзелам.

Для артыста гэтае адчуванне зваротнай сувязі неверагодна важнае. Тэатр дае прафесію і глыбіню, тэлебачанне — шырокую аўдыторыю. Аднак спявак прызнаецца: галоўнай для яго застаецца тэатральная зала. Менавіта тут адбываецца тая штодзённая, амаль ювелірная праца, з якой і выкрышталізоўваецца роля. У класе з канцэртмайстрам ён крок за крокам разбірае музычны матэрыял: запісвае партыю на дыктафон, слухае сябе, шукае дакладнасць інтанацыі і фарбы гуку.
— Вобраз немагчыма ствараць сам-насам з сабой. Ён нараджаецца ў дыялогу — з партнёрамі і рэжысёрам. Усё адбываецца падчас рэпетыцыі. Тэатр — гэта жывы працэс, які ствараецца тут і цяпер.
18.00. КАШТОЎНАЕ ПА-ЗА КУЛІСАМІ
Сумясціць усё няпроста: рэпетыцыі, спектаклі, гастролі — у Беларусі і за мяжой. Творчы рытм патрабуе поўнай аддачы і амаль не пакідае паўзаў. Але самы важны час для артыста пачынаецца тады, калі застаецца па-за кулісамі — дома.

— У мяне маленькая дачка. Таму большую частку вольнага часу стараюся праводзіць з ёй. Менавіта яна мая галоўная падтрымка, мая муза. Калі яна з’явілася на свет, я свядома вырашыў: колькі б ні было працы, час для блізкіх павінен знаходзіцца заўсёды. Гэта сапраўды найкаштоўнейшае.

Шамхала натхняюць простыя рэчы: кіно, дарогі, спантанныя паездкі, звычайны сямейны вечар без святла рампы і грыму.
— Артыст не можа існаваць у вакууме. Мы нібыта пасудзіна: назапашваем уражанні, эмоцыі, жыццёвыя дробязі, каб потым ператварыць іх у энергію на сцэне.
22.00. НОВЫЯ ГАРЫЗОНТЫ
Мэтанакіраванасць, працаздольнасць, стрэсаўстойлівасць. Менавіта гэтыя якасці Шамхал лічыць галоўнымі для дасягнення выніку.
— Трэба абавязкова гарэць тым, што робіш. Многія гавораць пра “хачу”, “мару”, але не ўсе гатовыя штодзённа працаваць дзеля гэтага. Не гучнасць голасу і не колькасць дыпломаў вызначаюць шлях, а ўнутраная дысцыпліна і здольнасць не апускаць рукі.

Гэтая формула сёння вядзе яго і да новых творчых гарызонтаў. Паступова спявак уваходзіць у аўтарскую прастору — без гатовых схем і выразных арыенціраў.
— У тэатры я дакладна разумею сваю задачу. А калі гаворка пра ўласную музыку — гэта пакуль пошук, — прызнаецца суразмоўца.
Наперадзе — сольныя канцэрты, прэм’ера аўтарскай кампазіцыі, новыя сцэнічныя праекты. Бліжэйшы з іх адбудзецца ўжо 29 сакавіка ў Малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі: у канцэрце “Аперэта-гала” разам з салісткай Вялікага тэатра оперы і балета Марыяй Булда і піяністам Андрэем Тышко прагучаць знакамітыя старонкі жанру. І гэта, відаць, толькі чарговы крок. Бо для артыста, які перакананы, што талент — гэта працавітасць, сцэна заўсёды будзе стымулам для руху наперад.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва героя