Знайсці адказ на пытанне выправілася рэдакцыя газеты “Культура”.

Экскурсію па экспазіцыі для нас правёў Барыс Лазука, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі.

Музей, які яшчэ нядаўна насіў крыху іншую назву, налічвае амаль паўстагоддзя гісторыі, але да апошняга часу меў рэпутацыю “напаўсакрэтнага” і заставаўся малавядомым шырокай публіцы. Раней трапіць у экспазіцыйныя залы на вуліцы Сурганава было не так проста — на экскурсію запісвалі толькі ў складзе арганізаваных груп. Цяпер жа скарбніца выйшла ў публічную прастору і гатова прымаць гасцей так, як і любая падобная ўстанова.

НОВЫ ЭТАП
Пачаць варта з невялікага экскурсу ў мінуўшчыну. У 1977 годзе ў структуры Акадэміі навук БССР быў створаны Музей старажытнабеларускай культуры, а ўжо ў маі 1979-га, да 50-годдзя акадэміі, для наведвальнікаў адкрылася першая экспазіцыя. У яе рамках можна было пабачыць унікальныя калекцыі іканапісу, скульптуры, мастацкіх тканін і прадметаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У аснову калекцыі ляглі артэфакты, назапашаныя за многія гады супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы падчас экспедыцый па ўсёй Беларусі.
З 2001-га па рашэнні Савета Міністраў зборы музея маюць статус навуковага аб’екта, які складае нацыянальны здабытак. Цягам сваёй гісторыі скарбніца пастаянна папаўняецца, там ладзяцца тэматычныя выставы і разнастайныя іншыя мерапрыемствы.

У 2025 годзе завяршылася працяглая рэканструкцыя. У выніку экспазіцыя была цалкам абноўлена і абсталявана сучаснай тэхнікай, пасля чаго ўстанова атрымала афіцыйную назву — Навукова-даследчы музей беларускага мастацтва і культуры.
Сёння запаснікі налічваюць больш за 12,5 тысячы прадметаў. Гэта калекцыі помнікаў археалогіі, керамікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, этнаграфіі, жывапісу, скульптуры, мастацкага металу, мастацкіх і народных тканін, мастацкага шкла, а таксама навукова-дапаможны і эксперыментальнарэстаўрацыйны фонды.
Агульная плошча экспазіцыі — 600 квадратных метраў, і яшчэ столькі ж адведзена пад сховішчы.
ПРА ГІСТОРЫЮ МАСТАЦТВАЎ
Сёння музей — адна з цэнтральных культурных пляцовак краіны, прысвечаных зберажэнню і вывучэнню помнікаў беларускага мастацтва ды этнаграфіі. Ён адкрывае нацыянальную спадчыну як для знаўцаў, так і для шырокай аўдыторыі. Навуковае кіраўніцтва зборам, даследаваннем і развіццём музейных фондаў ажыццяўляе аддзел старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук.

Спецыялісты аддзела займаюцца атрыбуцыяй, рэстаўрацыяй, ладзяць экспедыцыі і адукацыйныя праекты. Калекцыі дэманструюць асноўныя вехі станаўлення айчынных культуры і мастацтва праз найбольш значныя прадметы ад каменнага веку да канца XX стагоддзя, даюць уяўленне аб штодзённасці і светапоглядзе нашых продкаў.

Галоўная мэта скарбніцы — фарміраванне эксперыментальнай базы для развіцця такіх галін гуманітарнай навукі, як гісторыя мастацтваў і рамёстваў, этнаграфія і эстэтыка.
ЯК ЖЫЛІ ПРОДКІ
Яшчэ ў вестыбюлі можна настроіцца на адпаведны лад: першае, што звяртае на сябе ўвагу, — вялізная люстра ў выглядзе традыцыйнага саламянага павука.
Таксама побач з уваходам — статуя Язэпа Драздовіча (аўтар Ігар Голубеў). Фігура “вечнага вандроўніка” тут невыпадковая. Будучы не толькі жывапісцам, графікам, скульптарам, майстрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і этнографам, археолагам, педагогам і пісьменнікам, ён, бадай, найлепш увасабляе повязь беларускіх творцаў з народнай мастацкай традыцыяй.

Экспазіцыю адкрывае раздзел археалогіі, дзе прадстаўлены знаходкі з раскопак гарадоў і старажытных стаянак, паселішчаў каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Гэтыя артэфакты дазваляюць уявіць, чым займаліся нашы далёкія продкі. Тут можна пабачыць інструмент, посуд, упрыгожанні, даспехі, адзенне і абутак, даўнюю кафлю.

Найбольш адметны з экспанатаў — вялізны човен XVI стагоддзя, падняты з дна Нёмана ў 2018-м.
СВЕТЛА, ЯК У ХРАМЕ
Раздзел этнаграфіі прэзентуе прылады працы і хатняе начынне ад гліняных збаноў да драўляных лыжак і куфраў, народныя касцюмы розных рэгіёнаў краіны канца XIX — пачатку XX стагоддзя, кафлю, выцінанку, ткацтва, кераміку, саломапляценне, маляваныя дываны і аўтэнтычныя музычныя інструменты.
Некаторыя з сабраных у музеі помнікаў этнаграфіі і народнага мастацтва былі ўратаваны падчас экспедыцый у чарнобыльскую зону адчужэння.

Частка экспазіцыі прысвечана прадметам побыту, адзенню і мэблі XVI — пачатку ХХ стагоддзя.
А ў раздзеле мастацтва можна пабачыць артэфакты з найбагацейшай у свеце калекцыі беларускіх іканапісу і скульптуры XVI—XIX стагоддзяў, уключаныя ў інсталяцыі ў выглядзе праваслаўнага іканастаса і каталіцкага алтара, слуцкія паясы, старадрукі і кніжную гравюру XVI—XVIII стагоддзяў, мастацкія вырабы з металу ды дрэва.

Важны экспанат — узноўленае на аснове гіпотэзы надмагілле XVII стагоддзя з арыгінальнымі мармуровымі фігурамі вялікага падканцлера літоўскага Паўла Сапегі і яго жонак, якое знаходзілася ў францысканскім касцёле Гальшанаў.
Са светлых зал скарбніцы, напоўненых творамі народнага мастацтва і памяццю пакаленняў, выходзіш, нібы з храма, глыбей адчуваючы повязь з продкамі. Спадзяёмся, музей, які гасцінна адчыніў дзверы новай экспазіцыі, будзе карыстацца ўсё большым попытам.
Антон РУДАК. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА