Выстава “Велікодныя матывы”

26 сакавіка ў мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці а 15-й гадзіне адбудзецца вернісаж адкрытай выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Велікодныя матывы».

 

Вялікдзень – адна з найважнейшых падзей года для хрысціян. Ідэяй праекта стала дэманстрацыя разнастайнасці велікодных атрыбутаў, якія маюць вялікае сімвалічнае і эстэтычнае значэнне.

 Выстава арганізавана Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур.

 – Экспазіцыя ўключае пісанкі, шкрабанкі і яйкі, а таксама велікодныя вербы («пальмы»), пано і дэкаратыўныя кампазіцыі з выявамі галоўных сімвалаў Вялікадня. Аматары народнага мастацтва змогуць убачыць роспіс, інкрустацыю саломкай і саломапляценне, выцінанку, вышыўку і маляванку, лозапляценне, тэкстыльную ляльку-мотанку і кераміку.

 На выставе дэманструюцца творы больш чым 70 майстроў з усіх абласцей краіны, у тым ліку два элементы – з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: «Традыцыя роспісу велікодных яек у г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці» і «Выраб велікодных вербаў (пальмаў)», – расказалі нашай рэдакцыі арганізатары.

 Пераемнасць традыцый будзе прадэманстравана творамі навучэнцаў Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага і Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

 Падчас працы выставы запланаваны тэматычныя майстар-класы і лекцыі, прысвечаныя велікодным традыцыям беларусаў.

 Выстава працуе з 26 сакавіка па 19 красавіка.

 Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці».

Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4.

Час працы: серада-нядзеля з 11:00 да 19:00.

Тэл. 8017 342 50 76.

kultura-info.by