Сакавіцкі нумар часопіса “Мастацтва” цалкам прысвечаны дзейнасці Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” – аднаго з найбуйнейшых і найбольш значных культурных цэнтраў Беларусі.

“Музей – гэта жывы арганізм, які злучае мінулае з сучаснасцю”, — сцвярджае дырэктар Дзмітрый Яшчанка. У інтэрв’ю Вользе Галубовіч ён дэманструе погляд на развіццё музея, дасягненні і планы на будучыню. Гэта гісторыя пра тое, як адна з найважнейшых культурных жамчужын краіны працягвае запальваць іскры цікавасці ў тысяч наведвальнікаў, спалучаючы мінулае і будучыню. У размове закранута гісторыя музея, рэстаўрацыйная дзейнасць, міжнароднае супрацоўніцтва. Не абышлі бокам паданні ды легенды замка.

Старонка за старонкай часопіс адкрывае загадкі музея-запаведніка. У прыватнасці, у артыкуле “Дойлід пры двары князя” Кацярына Дзенісенка распавядае пра тое, што звязвае Нясвіж з Рымам. Глыбокі аналіз і цікавыя факты з гісторыі ўзнікнення касцёла Божага цела, а таксама адказ на пытанне, чаму італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні лічыць гэты храм галоўнай працай у сваёй творчасці, знойдзеце ў адпаведным артыкуле.
Яшчэ адзін цікавы факт, які адсылае чытачоў да звестак пра найстаражытнейшыя кляштары Італіі. Распрацаваны метад радыевугляроднага датавання дазволіў вызначыць прыблізны год паходжання драўляных панэляў, што ўпрыгожваюць некаторыя з залаў палаца. А дакладней – час, калі гэтыя дрэвы былі спілаваныя. Навукоўцы сцвярджаюць: “каля тысячы гадоў”!

Старшы навуковы супрацоўнік Сяргей Чысцякоў распавядае, як адбывалася даследаванне і якім чынам драўляныя элементы нясвіжскага інтэр’еру могуць быць звязаны з паўднёвай краінай. Разам з тым аўтар задаецца шэрагам пытанняў, адказы на якія пакідае так бы мовіць паміж радкамі. Гэты і іншыя артыкулы — пра кансервацыю і рэстаўрацыю аб’ектаў — будуць цікавыя захавальнікам культурнай спадчыны: рэстаўратарам, музейшчыкам, гісторыкам.

А вось увагу аматараў мастацтва, безумоўна, прыцягнуць два іншыя артыкулы: “Нясвіж у малюнках Францішка Бруздовіча” Людмілы Жук і “Міхаіл Сеўрук. Дакрануцца да невядомага” Вольгі Шкрабінай. У абодвух мінуўшчына ўдала перасякаецца з сучаснасцю, паўстаюць даўно забытыя збудаванні і краявіды.

Традыцыйна на апошніх аркушах вы знойдзеце чарговую старонку нашага новага праекта “Музыка жаночага хараства”, які рэалізуецца разам з Нацыянальным мастацкім музеем і гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У сакавіку вы пачуеце карціну Іагана Шрэтэра “Партрэт Марыі і Катажыны Радзівіл: вера, памяць і надзея”.
Ірына СТАНКЕВІЧ