Менавіта так працуе Анастасія Шведава — пераможца Трыенале маладых мастакоў у намінацыі “Графіка”. У работах таленавітай дзяўчыны міфалагічныя матывы ўплятаюцца ў сучасную рэальнасць, выпадковасць становіцца часткай метаду, а матэрыяльнасць — свядомым творчым выбарам.

НАТУРАЛЬНЫ СТАН
Маляванне суправаджала Анастасію з дзяцінства — не было выразнага зыходнага пункта і адчування раптоўнага адкрыцця.
— Не скажу, калі зразумела, што мастацтва — маё, — прызнаецца дзяўчына. — Колькі сябе памятаю, пры кожнай магчымасці брала аловак у рукі, і з часам гэта стала натуральным станам. Вызначальны момант надышоў у дзявятым класе, калі наша гераіня паралельна заканчвала музычную і мастацкую школы.

Трэба было выбіраць паміж двума напрамкамі, адзін з якіх глыбока ўкаранёны ў сямейную традыцыю: маці і сястра Анастасіі — піяністкі, а яна сама вучылася ігры на скрыпцы.
— Вельмі люблю музыку, — распавядае творца, — але паступова адчула яе нематэрыяльнасць. Гук знікае, ён эфемерны. Мелодыю можна запісаць, але ў моманце яна ўсё роўна плыве і раствараецца. У гэтым і ёсць прыгажосць. Аднак мне важна, каб вынік працы заставаўся, быў бачны. Пэўна, жаданне пакінуць след і прывяло мяне да графікі.
Так унутраная патрэба перарасла ў свядомы крок: спачатку дзяўчына вучылася ў Гомельскім мастацкім каледжы, потым у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У БЕСПЕРАПЫННЫМ РУХУ
Візуальнае мысленне Анастасіі фарміравалася дзякуючы кнігам, у прыватнасці якасна ілюстраваным, ранняму інтарэсу да легендаў і паданняў. Асаблівую ролю адыграла антычная міфалогія — прастора, дзе вобразы шматзначныя, а рэальнае і ўяўнае існуюць поруч. Гэтае адчуванне мнагаслойнасці з часам стала арганічнай часткай графічнай мовы маладой аўтаркі.
— Звычайна твор пачынаецца з ідэі, але далей яна нібыта адступае і дазваляе працэсу весці мяне, — тлумачыць гераіня. — Выкарыстоўваю тэхніку літаграфіі, якая дае магчымасць працаваць з мяккасцю святла, глыбінёй чорнага і шэрых тонаў, шырокім спектрам паўтонаў і фактур. Спалучаю размыўку тушшу з літаграфічным алоўкам і прадрапваннем. Пэўныя дэталі ўзнікаюць выпадкова — проста таму, што туш пацякла. Гэтая непрадказальнасць мне вельмі блізкая.
Такім чынам нарадзілася і дыпломная серыя “Хронікі Нарніі”, прадстаўленая на Трыенале маладых мастакоў. Шэсць літаграфічных лістоў сталі спробай асэнсавання свету Клайва Стэйплза Льюіса не праз ілюстрацыю сюжэта, а праз уласную інтэрпрэтацыю. Асобнае месца ў работах Анастасіі займаюць анімалістычныя матывы.

— Рыбы і птушкі з’яўляюцца зноў і зноў, — адзначае яна. — У падобных вобразах адчуваецца бесперапынны рух наперад, унутраная дынаміка. Праз прыродныя формы можна працаваць з рытмам і пластыкай, а эксперыменты з матэрыяламі і фактурамі кожны раз прыводзяць да нечаканых рашэнняў. Менавіта гэта і натхняе.
ЗАПРАШЭННЕ ДА ГУТАРКІ
Для дзяўчыны істотна, каб творчы працэс не замыкаўся ў сценах майстэрні. Звяртаючыся да міфалагічных і фальклорных сюжэтаў, гераіня даследуе іх прысутнасць у сучаснасці — тое, як гэтыя сэнсы непрыкметна ўплятаюцца ў наша штодзённае ўспрыманне. У такім кантэксце адкрываецца прастора для асацыятыўнага мыслення. Графіка Анастасіі ажывае ў момант сустрэчы з публікай — як запрашэнне да гутаркі і ўважлівага ўглядання.

— Для мяне галоўнае ў мастацтве — жаданне падзяліцца радасцю ад яго з іншымі, — гаворыць творца. — Каб чалавек пачаў бачыць дробязі, прыгажосць у звычайным. Не заўсёды патрэбныя моцныя акцэнты ці прамыя выказванні: часам дастаткова ціхага позірку.
Удзел у трыенале стаў для маладой аўтаркі шанцам звярнуцца да шырэйшай аўдыторыі, а перамога ў намінацыі “Графіка” — сведчаннем цікавасці людзей да карцін і пацвярджэннем таго, што абраная мова знаходзіць водгук.
Сёння прафесійнае жыццё гераіні напоўнена пастаянным развіццём: новыя задумы змяняюцца эксперыментамі і выставамі. У творчай біяграфіі — удзел у міжнародных конкурсах і праектах у Расіі ды іншых краінах. Такім чынам, Анастасія прысутнічае і ў беларускай, і ў замежнай арт-прасторы.

А што найважнейшае для маладога графіка? Мастачка пераканана:
— Галоўнае — мець магчымасць выказацца, калі сапраўды ёсць што сказаць. На зробленае ад душы заўсёды знойдзецца водгук.
У гэтай лаканічнай думцы Анастасіі Шведавай, пэўна, і схаваны галоўны ключ да яе творчасці — уважлівай да формы, адкрытай да дыялогу.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіваў гераіні