У адзіным гучанні

Народнаму аркестру народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў у Бярозе — 50. Праз змену пакаленняў, пашырэнне рэпертуару, новыя сцэнічныя сустрэчы і творчае сталенне калектыў пранёс галоўнае — вернасць традыцыі, якая працягвае гучаць у сучасным рытме.

 

ПАД ЗНАКАМ ЛЁСУ

Гісторыя калектыву пачалася ў 1975-м дзякуючы ініцыятыве Галіны Бурай, якая аб’яднала выкладчыкаў музычнай школы. Сумесныя выступленні сталі спосабам адкрыць слухачам прыгажосць і глыбіню народнай музыкі. Адразу гучалі баян, балалайка і домра, пазней далучыліся цымбалы, ударныя, флейта, фартэпіяна — з імі істотна ўзраслі мастацкія магчымасці аркестра.

Праз 10 гадоў за дырыжорскі пульт стаў выпускнік Баранавіцкага музычнага вучылішча Ігар Сірычнік.

У 1986-м калектыў атрымаў ганаровае званне “народны”, якое з годнасцю пацвярджае па сёння.

З 1989-га на працягу 16 гадоў аркестрам кіравала Людміла Сірычнік. Гэты перыяд адзначыўся актыўным абнаўленнем рэпертуару і высокімі патрабаваннямі да якасці выканання.

Новы этап у творчым жыцці калектыву стартаваў у 2005-м, калі яго ўзначаліла Ганна Хаміцэвіч. Яе шлях у музыку, як кажа сама Ганна Міхайлаўна, не адразу быў усвядомленым:

— Скончыла музычную школу па класе баяна, увесь час іграла ў аркестры, які любіла заўсёды. Але ў дзяцінстве гэта ўспрымалася як частка школьнага жыцця.

Сапраўднае разуменне прыйшло ў пару вучобы ў Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы імя Р. Шырмы:

— Мне вельмі пашанцавала трапіць пад крыло Мікалая Алданава, які тады кіраваў рускім народным аркестрам. Менавіта ён адкрыў для мяне прыгажосць жывога гучання, без якога сябе ўжо не ўяўляю.

Аркестравая справа была цэнтрам прафесійнага выбару Ганны і падчас навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У Бярозу малады дырыжор прыехала па размеркаванні — і гэтая падзея аказалася лёсавызначальнай

 

КАМПАКТНЫ І РУХОМЫ

— Сёння ў нас 18 музыкантаў — і маладыя спецыялісты, і вопытныя майстры. Кампактны склад дазваляе больш гастраляваць і асвойваць новыя сцэны, бо далёка не кожная пляцоўка разлічана на вялікі калектыў, — гаворыць Ганна Хаміцэвіч.

Гэтая рухомасць тлумачыць і насычанасць творчага жыцця: аркестр — пастаянны ўдзельнік гарадскіх і раённых урачыстасцей, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. Аднак незалежна ад канцэртных маршрутаў нязменным застаецца галоўнае — аўтэнтычнае гучанне.

У рэпертуары — кампазіцыі Васіля Андрэева, Веры Гарадоўскай, Генадзя Ермачэнкава, Аліны Безенсон, якія аднолькава цёпла прымаюць і слухачы, і калектыў. Аснову праграм складаюць апрацоўкі класікі і эстрадныя творы, вядомыя мелодыі з кінафільмаў, музыка беларускіх і замежных аўтараў. Побач — сучасныя віртуозныя п’есы, што даюць магчымасць раскрыць і тэхнічны патэнцыял выканаўцаў, і багацце аркестравага тэмбру.

— Працягваем традыцыі папярэднікаў і паралельна пашыраем уласныя гарызонты. Ігар Сірычнік заўсёды з намі на сувязі, ахвотна дзеліцца сваімі аранжыроўкамі. Пераемнасць пакаленняў для нас вельмі важная, — адзначае дырыжор.

Разам з аркестрам выступаюць вакалісты Марына Жыркова, Ксенія Кім, Алена Мысік, інструменталісты Ірына Малькова (фартэпіяна), Яна Стралкоўская (скрыпка), Марына Рудзь і Людміла Кулікова (баян). Сольныя нумары робяць праграмы разнастайнымі і дораць дадатковыя фарбы агульнаму гучанню.

 

ВЕРНЫЯ СПРВЕ

Паўвеку праляцела як імгненне — і адным зімовым вечарам сцэна роднай школы мастацтваў сабрала тых, хто ў розныя гады на­ зываў гэты калектыў сваёй музычнай сям’ёй. Юбілейная праграма ўспрымалася не як справаздача, а як сведчанне жывога руху наперад.

— Рэпеціруем двойчы на тыдзень, нягледзячы на працу і хатнія клопаты. Проста інакш ужо не ўмеем, — прызнаецца кіраўнік.

Унутраная патрэба быць разам у музыцы і ёсць галоўная сіла аркестра. Тут няма выпадковых людзей — толькі тыя, хто гатовы прысвячаць сябе агульнай справе.

— Самае каштоўнае — бачыць поўную аддачу: прафесіяналізм, шчырасць, адкрытасць. Вось што прыносіць нашаму выкананню сапраўдную моц. Наперадзе — чарговае пацвярджэнне звання “народны” і новыя канцэртныя старонкі. — Хочацца больш сустрэч са слухачом. Але галоўнае — захаваць аснову. Гэта музыка, напісаная менавіта для народнага аркестра. У гучанні домраў, балалаек і баянаў — наш характар, наша памяць і наша праўда, — падкрэслівае Ганна Хаміцэвіч.

Такія словы пакідаюць упэўненасць: і праз дзесяцігоддзі калектыў працягне выходзіць на сцэну — дзякуючы той жа патрэбе музіцыраваць разам, з якой усё пачыналася.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву