Надоечы бібліятэкар сельскай бібліятэкі №45 аграгарадка Стара-Барысаў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева Анастасія Кашко ўганараваная Ордэнам Маці.

СЭРЦА СЯМ’І
— Гэта вельмі высокая ўзнагарода, неймаверна хвалюючы і значны момант у жыцці! Ганаруся і адчуваю вялікую падзяку за тое, што так ацанілі маю сціплую матчыну працу, — дзеліцца пачуццямі Анастасія Мікалаеўна.
Дзеці абдымаюць яе і паўтараюць: “Любіменькая наша, ты зараз сапраўдная гераіня!” І галава сям’і, Андрэй Анатольевіч, з пяшчотай глядзіць на жонку: “Гэта прызнанне ўсяго, што ты з любоўю робіш кожны дзень”.
“ЦЯЖКА З ТРЫМА”
…Яна прачынаецца досвіткам — унутраны гадзіннік даўно наладзіўся на самую раннюю ноту. Пакуль дом спіць, ставіць чайнік, гатуе сняданак. На стале — спіс спраў, ён ніколі не заканчваецца ўвечары, проста перацякае ў заўтра.
А потым пачынаецца ўраган: хтосьці з хлапчукоў не можа знайсці шкарпэтку, дачка просіць заплесці касу “як у тым відэа”, малодшы патрабуе “на ручкі”...
Яна паспявае ўсіх абняць, накарміць, сабраць і адправіць — у садок, школу, у секцыю. Пасля — мыццё (вечна гара), уборка (вечна сляды), гатаванне (пажадана — на два дні). Паміж справай адказвае на паведамленні ў бацькоўскім чаце, шукае рэпетытара, дамаўляецца аб новым гуртку, у сярэдняга заўтра прышчэпка, у яго сястрычкі праз тыдзень ранішнік і патрэбны касцюм... Як толькі ўсё паспявае?
— Звычка,— усміхаецца Анастасія.— Памятаеце, у фільме “Масква слязам не верыць”: “Цяжка з трыма, а калі трох навучышся арганізоўваць, далей лік ужо не мае значэння”. У мяне гэтак жа.
АЙЦІШНІК, БЛОГЕР
Анастасія і Андрэй гадуюць пяцярых дзяцей. Вывесці ў людзі трэба ўсіх.

Старэйшы, Кірыл, дзесяцікласнік.
— Марыць стаць дыпламатам. Хлопец сур’ёзны, спакойны, добры. З камп’ютарам “на ты”, што спатрэбіцца ў любой сферы. Цяпер у сына напружаны графік — шмат займаецца. Вынікі ёсць: сярэдні бал расце ад чвэрці да чвэрці, — з гонарам расказвае мама.

Шасцікласніца Карына — яшчэ ў пошуку сябе. Танцы, плаванне, мадэльная школа — дзяўчынцы цікава ўсё.

Ванечка — у чацвёртым класе, вельмі энергічны, вольны час аддае спорту.

— Памалюю, патанцую і запішу відэа для “Цік-току”, — дзеліцца планамі на вечар пяцігадовая Эмілія.

А ўсмешлівы паўтарагадовы Дамірчык проста радуецца жыццю ў любячай сям’і.
На пытанне, хто з сужэнцаў хацеў займець столькі дзяцей, Анастасія адказвае:
— Узаемнае жаданне. У юнацтве думала, аднаго хопіць. Але пазнаёмілася з Андрэем і зразумела: шчасце — калі шмат кахання і любові, калі ў доме шум і смех. Муж — мая галоўная апора! Працуе кіроўцам КАМАЗа. Кажа, мужчына павінен рабіць усё, каб яго сям’я ні ў чым не мела патрэбы. І робіць.
“ЛЁС, МУСІЦЬ”
Наша гераіня скончыла дзяржаўны політэхнічны прафліцэй. Працавала закройшчыкам-краўцом, потым у гандлі — дарасла да пасады старэйшага прадаўца.
— У Стара-Барысаве на той момант вызвалілася месца бібліятэкара. Калі мне яго прапанавалі — маўляў, адказная, культурная, крэатыўная, — я ледзь не расплакалася ад радасці, — успамінае суразмоўніца. — Працаваць у бібліятэцы было маёй марай з дзяцінства! Памятаю, як, маленькая, гуляючы, запаўняла “фармуляры”, зробленыя са сшыткаў, і “выдавала” кнігі сяброўкам... Заўжды падсвядома спадзявалася: так будзе насамрэч. Цяпер дакладна ведаю: мары спраўджваюцца! Рада, што так склалася! Праца падабаецца, асабліва прыемна дачыняцца з людзьмі.
Першымі, па словах Анастасіі Мікалаеўны, у бібліятэку прыходзяць пенсіянеры: па газеты чарга вышнуроўваецца, і свежыя нумары часопісаў нарасхват. А нехта завітвае проста пагаварыць. Так, сельскі бібліятэкар — адначасова і слухач, і псіхолаг (у складаных сітуацыях умее падтрымаць), і галоўная крыніца навін “а што там у раёне робіцца”.
— А натхняюць юныя чытачы — шчырыя, дапытлівыя, — прызнаецца гераіня. — Падбіраю ім кнігі — сама школьную праграму ўспамінаю. І ведаеце, многія творы перачытваю, а быццам упершыню: дарослым іх па-іншаму ўспрымаеш.
Каштоўна і тое, што наша бібліятэка, няхай і невялікая, заўсёды была важным складнікам культурнага жыцця аграгарадка. Імкнёмся праводзіць разнастайныя мерапрыемствы, і вяскоўцы з задавальненнем адгукаюцца. Ім падабаецца, калі выкарыстоўваю сучасныя тэхналогіі: напрыклад, рыхтую мультымедыйныя прэзентацыі, якія ажыўляюць любую тэму. Дзе магчыма, прапаную інтэрактыў, каб чытачы былі не назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі.
МАГІЯ ЖЫЦЦЯ
І дома ў нашай гераіні шмат літаратуры. Праўда, прызнаецца, зараз самой часцей даводзіцца чытаць казкі — малым на ноч. Гэта ўжо традыцыя. Дзеці-школьнікі Анастасіі Мікалаеўны таксама без папяровых кніг не ўяўляюць ні вучобу, ні вольны час.
— Я іх першапачаткова так настройваю: ніякіх электронных — чытаць трэба сапраўдныя, — дзеліцца сакрэтамі выхавання маці. — Бо “ў тэлефоне” — з яго паведамленнямі ды апавяшчэннямі — цяжэй зразумець сутнасць твора. Папяровы ж томік — гэта рэжым “не турбаваць” у рэальным жыцці. Толькі ты і сюжэт. А кніжны пах! А шамаценне старонак! Усё разам — магія, няйначай.
Магіяй, здаецца, валодае і сама гераіня. У сучасным свеце, дзе пануе інфармацыйны шум, такія жанчыны — адданыя мамы і шчырыя прафесіяналы — захоўваюць цішыню і сапраўдны сэнс. Сваёй працай і любоўю яны, як добрыя кнігі, робяць наша жыццё больш усвядомленым, утульным і яскравым.
Святлана ЧЭКАЛАВА.
Фота з сайта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і з архіва гераіні