Мірскі замак: шлях да 500-годдзя. Выпуск 3

Сёння наш аповед — аб жанчынах, аб прадметах, без якіх немагчыма ўявіць свецкую даму мінулых стагоддзяў, і аб яе сакрэтах, прадыктаваных модай, этыкетам і часам.

 

Сярод старадаўніх сцен замкавага комплексу “Мір” ажываюць гісторыі шляхцянак: іх уборы распавядаюць пра таямніцы і шарм далёкіх эпох. Гэта не проста экспанаты, а адлюстраванне жаночага свету XVIII—XIX стагоддзяў — з яго прыгажосцю і нават прадпрымальніцкай кемлівасцю, з радасцямі і журбой.

 

Дзверы ў мінулае для нас адчыніла навуковы супрацоўнік музея Наталля Кавалевіч.

 

ШЭПТ ТАФТЫ

У 1847-м Шарлота Бронтэ публікуе раман “Джэйн Эйр”. Строгі “пурытанскі” ідэал жанчыны тых часоў — стрыманасць і элегантнасць. Ён знайшоў адлюстраванне ў навінцы музея — англійскай дзённай сукенцы 1840-х гадоў. Тканіна — шаўковая тафта, шчыльная, з глянцавым адлівам, стварае пры руху шамаценне. Шыўкі — роўныя-роўныя, хаця гэта ручная работа! У 1846-м Эліяс Хоу запатэнтаваў першую швейную машынку, але цуда-тэхніка была даступная нямногім.

Танюсенькі, усяго 55 сантыметраў, стан падкрэслены пышным аб’ёмам нізу: пад верхняй часткай сукенкі — некалькі спадніц. Вельмі няёмка... Праз 10 гадоў выйсце будзе знойдзена — з’явіцца крыналін. Аднак металічныя элементы прысутнічаюць і ў гэтым экзэмпляры: ліф умацаваны ўшытымі костачкамі, што дапамагала захоўваць форму бездакорнай.

Характэрная дэталь дзённай сукенкі — доўгія рукавы, якія пашыраюцца ўнізе, упрыгожаныя вышыўкай макрамэ. На прагулцы такое адзенне дапаўнялі пальчаткамі.

  

ПРЫЛАДА ДЛЯ… ФЛІРТУ

Этыкет XVIII — пачатку XX стагоддзя патрабаваў ад жанчыны ідэальнасці ўбораў у любых сітуацыях, шпацыр гэта, вандроўка ці вячэрні выхад. На баль належала надзяваць светлыя пальчаткі, лепш за ўсё — белыя лайкавыя.

На руках яны павінны былі сядзець шчыльна — ні складкі. Таму кожны пальчык аксесуара асцярожна расцягвалі пры дапамозе спецыяльных шчыпцоў.

Да абавязковых бальных атрыбутаў адносіўся і веер. У Мірскім замку сабрана іх найбольшая ў Беларусі калекцыя — звыш 70! Самы стары, што прадстаўлены ў экспазіцыі, — французскі, 1770-х. На ім намалявана пастаральная сцэна. Прадмет упрыгожаны ручным роспісам, разьбой і пазалотай.

З часам мода мянялася, з’явіліся новыя тыпы веераў: пліе, брызэ, экран... Іншыя дэкор, канструкцыя, матэрыялы. У калекцыі музея — вырабленыя з выкарыстаннем паперы, шоўку, карунак, а таксама металу, дрэва, рогу, пёраў страуса і нават слановай косці, перламутру і панцыра чарапахі. Аздабленне багатае — роспіс і вышыўка, залачэнне і серабрэнне, разьба і гравіроўка, інкрустацыя і фініфць.

Але, пэўна, самае дзіўнае тое, што вееры былі не толькі моднай рэччу, але і... прыладай для флірту! Праяўляць пачуцці на публіцы лічылася недарэчным, вось дамы і выкарыстоўвалі жэсты з гэтым аксесуарам як шыфр для таемных зносін з кавалерамі. Напрыклад, раскрыты веер азначаў безумоўнае ўсёабдымнае каханне. А дотык пальцам да кончыка веера паведамляў: “Хачу пагаварыць з вамі”.

 

“ПЯРО Ў ЯЕ РУЦЭ…”

XVIII—XIX стагоддзі — час эпісталярнай культуры. Лісты былі не проста сродкам сувязі, а найважнейшай часткай сацыяльнага жыцця і сапраўдным мастацтвам.

Пісалі чарнілам, да вынаходства прамакальнай паперы прысыпалі тэкст спецыяльным драбнюткім пяском — для высушвання. Таму ў пісьмовы набор (можна ўбачыць у музеі) уваходзілі як чарніліца, так і пясочніца.

Цікавасць уяўляе бювар — папка з тканіны і кардону, упрыгожаная вышыўкай і медальёнам, на якім намалявана пастаральная сцэна. У аддзяленнях бювара захоўваліся канцылярскія прадметы: пісчая і прамакальная папера, канверты, лісты. Усе гэтыя рэчы знаходзіліся ў кабінетах дам, што актыўна ствараліся ў XIX стагоддзі.

 

ЖАНОЧЫЯ ШТУЧКІ

Прадметы жаночага гардэробу з фондаў замкавага комплексу “Мір” і ўклад жыцця XIX стагоддзя дэманструе таксама перасоўная выстава “Погляд у мінулае: мода, стыль і прыгажосць”. З адкрыцця ў снежні 2023-га экспазіцыя паспела пападарожнічаць па шасці музеях краіны.

Сярод аксесуараў, якімі дамы карысталіся на балі, увагу прыцягваюць два ўнікальныя экспанаты. “Карнэ дэ баль” — маленечкая кніжачка, што мела старонкі са слановай косці. Туды запісвалі парадак, які танец з якім кавалерам выканаць, каб не пераблытаць. Кніжачка прышпільвалася да пояса з дапамогай кольца або знаходзілася ў сумачцы.

Партбукет — мініяцюрны конусападобны футляр для кветак. Яго прымацоўвалі да сукенкі ці трымалі ў руках. Унутры размяшчалася варонка- вазачка, куды налівалі ваду або клалі вільготную губку і апускалі букецік. Такім чынам абаранялі сукенку, рукі і пальчаткі ад плям і драпін, якія маглі пакінуць жывыя кветкі. Разам з партбукетам ішоў невялікі нож — для падрэзкі сцяблінак. Цікава, што ўставіць першы бутон, які трапіўся на вочы, у футляр было нельга. Гэтая дробязь, як і веер, магла шмат што распавесці пра жанчыну — вось такая папулярная ў XIX стагоддзі мова кветак.

 

ЧОРНАЯ ДАМА

І яна тут жыла! Толькі мянушка не мае дачынення да прывідаў ці іншых містычных праяў. З 16 дзяцей Ганны Катажыны Радзівіл, якая належала да роду Сангушкаў, сямёра памерлі (адзін з тых, хто застаўся, — Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька). А потым яна аўдавела і не стала здымаць жалобу.

Але з імем гэтай асобы гісторыкі звязваюць пачатак жаночага прадпрымальніцтва на беларускіх землях. Княгіня была заснавальніцай мануфактур і майстэрняў. На іх выраблялі габелены, посуд, сукно, люстэркі, мэблю, кафлю, парасоны, ювелірныя ўпрыгожанні...

Ганна Катажына аднаўляла Мірскі замак пасля Паўночнай вайны (“шведскага пажару”). Дзякуючы ўдаве стваралася галерэя партрэтаў у Нясвіжы, будаваліся дамбы, масты і млыны, развівалася жывёлагадоўля, у якой прымянялі прагрэсіўныя тэхналогіі.

***

Дарэчы, у музеі яшчэ шмат цікавостак! І кожны экспанат мае сваю, асаблівую гісторыю...

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фо­та Ула­дзі­мі­ра ШЛА­ПА­КА