У мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці прайшла выстава "Павучок ідзе — шчасце вядзе", на якой можна пабачыць беларускія саламяныя абярэгі.

Экспазіцыя з’яўлялася часткай праекта “Традыцыі і сучаснасць”, што рэалізуецца ўжо другі год і паказвае розныя віды беларускай народнай культуры праз здабыткі даўнейшых і цяперашніх умельцаў.
Так, летась увесну тут прадставілі экспазіцыю, прысвечаную лялечнаму мастацтву, дзе можна было пабачыць як мотанкі 1920-х, так і сённяшніх гіперрэалістычных лялек.
Улетку прэзентавалі народныя строі — ад захаваных арыгінальных касцюмаў да рэканструкцый, зробленых дызайнерамі на аснове навуковых даследаванняў.
А ўвосень наведвальнікам галерэі “Цэнтр” прадэманстравалі мастацкую апрацоўку дрэва і выставу “У адной лодцы”, прысвечаную вобразу чоўна ў творчасці беларускіх мастакоў.
САЛАМЯНЫЯ АБЯРЭГІ-АХОЎНІКІ

У беларусаў саламяны павук здаўна лічыўся абярэгам, які ахоўваў жытло і яго жыхароў, спрыяў здароўю і дабрабыту.

Зазвычай гэтыя кампазіцыі з саломы і паперы, якія мелі форму ромба, піраміды альбо зоркі, падвешвалі да столі, дзе яны маглі свабодна рухацца вакол сваёй восі. Аздаблялі іх зернем, пер’ем, фольгай.

Павукоў выраблялі да важных святаў — Вялікадня, Дзядоў — ці з нагоды жыццёвых падзей: прыкладам, вяселля. Салома спрадвек была адным з абавязковых калядных атрыбутаў, калі ёй засцілалі падлогу і клалі пад абрус на святочным стале, а таксама абвязвалі пладовыя дрэвы. Лічылася, што саламяны абярэг назапашвае ў сабе адмоўную энергію, ратуючы ад яе людзей, таму на Каляды павукоў спальвалі. Сёння ж яны выконваюць, хутчэй, дэкаратыўна-мастацкую функцыю.

Выраб гэтых далікатных твораў з’яўляецца важнай часткай традыцыі беларускага саломапляцення, якое ў 2022 годзе было ўключана ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
ШЛЯХ ДА ПРЫЗНАННЯ
На нацыянальным узроўні наданне статусу каштоўнасці мастацкім практыкам саломапляцення адбылося ў лютым 2020 года. Асаблівасць прапановы палягала ў тым, што гэты элемент упершыню аб’ядноўваў практыкі, распаўсюджаныя не ў пэўным рэгіёне, а па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Яшчэ ў 2017-м у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны былі асобна ўнесеныя традыцыі вырабу саламяных павукоў у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Тым не менш на Міншчыне, у Валожыне, таксама рэгулярна ладзіцца свята-конкурс “Саламяны павук”.
Гісторыя саломапляцення такая ж даўняя, як гісторыя земляробства, і першыя вырабы з саломы нашы продкі пачалі ствараць ужо неўзабаве пасля таго, як упершыню выпеклі хлеб. Саломапляценне вядомае ў многіх народаў, аднак даследчыкі падкрэсліваюць, што толькі ў Беларусі яно атрымала такое шырокае распаўсюджанне, дасягнула высокага мастацкага ўзроўню, захавалася да нашых дзён і паслядоўна развіваецца.

МАЙСТРЫ І МОЛАДЗЬ
Як распавяла куратар выставы, вядучы спецыяліст па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Марыя Карпянкова, на выставе можна было пабачыць амаль паўсотні павукоў, выкананых майстрамі Міншчыны, але свае традыцыі і адметнасці іх вырабу існуюць у кожным рэгіёне краіны.

Агулам у напаўненні экспазіцыі ўзялі ўдзел 13 устаноў культуры і адукацыі Мінскай вобласці. Сярод аўтараў былі як дасведчаныя творцы, выкладчыкі клубных аб’яднанняў, народныя майстры Беларусі, спецыялісты цэнтраў культуры і народнай творчасці, так і юныя ўмельцы з ліку навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, а таксама студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Шэраг экспанатаў дэманстраўся ўпершыню. Так, народны майстар Рэспублікі Беларусь Вольга Пілецкая прадставіла на выставе рэканструкцыі адноўленай традыцыі абярэгаў з паперы і раслін, зафіксаванай на Клеччыне.

Антон РУДАК. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА