Акадэмічная. Новая

Апублiкавана: 12 сакавiка 2026 Стужка Музыка Мінск Праекты развіцця

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Сучасная акадэмічная музыка перастае быць terra incognita: новыя беларускія творы, асабліва камерныя і харавыя, літаральна адразу займаюць пачэснае месца на лепшых канцэртных пляцоўках, выдаюцца ў нотных зборніках. Выконваецца музыка і нашых класікаў, і кампазітарскай моладзі, сярод якой становіцца ўсё больш дзяўчат.

 

Ірына Кулагіна

Маладзёжная секцыя Беларускага саюза кампазітараў, якую ўзначальвае Ірына Кулагіна, падрыхтавала фартэпіянны зборнік “Размова з часам”. Апроч уласна нотнага матэрыялу, ён утрымлівае звесткі пра кожнага з пяці аўтараў і атрымаў выканальніцкую інтэрпрэтацыю. Творы вельмі розныя. Яднаюць жа іх рамантычныя павевы і яркая вобразнасць, якія лічацца аднымі з устойлівых ментальных рыс беларускага музычнага мастацтва і штораз набываюць новыя абліччы. А яшчэ — мэтанакіраваная канцэптуальнасць, што закранае гісторыка-філасофскую прастору.

Адна з п’ес Юліі Ціханавай — “Размова з часам”. Элементы барока спалучаюцца там не толькі з неарамантызмам, але і з некаторым уздзеяннем Дзмітрыя Шастаковіча, які стаў адным з музычных сімвалаў ХХ стагоддзя.

А вось “Абуджэнне” — куды больш просты працяг класіцысцкіх традыцый. Бо і прызначаны творы для юных піяністаў рознага ўзроўню: ад пачаткоўцаў да навучэнцаў каледжаў.

Працэс падрыхтоўкі музыкантаў закранае розныя жанры і формы, што адбілася і на зборніку. Патрабуецца поліфанія? Калі ласка — Пасакалля і Фугета Ірыны Кулагінай.

Буйная форма? Санаціна Ірыны Аўсюк у дзвюх частках, дзе маршавая безапеляцыйнасць “Разбурэння” змяняецца засяроджана драматычным “Усведамленнем”. “Вальс 2013” Андрэя Цалко спалучае характар гэтага танца і з ронда, і, у адным з эпізодаў, з намёкам на мінімалізм.

Вальсавасць уласцівая і адной з трох маленькіх п’ес цыкла “Прысвячэнне Б. Бартаку”.

У зборнік увайшлі таксама розныя па стылі творы Ірыны Пяткевіч. Рамантычна палётны, абвеяны шапэнаўскім настроем “Чаромхавы адвячорак” прысвечаны Калерыі Сцепанцэвіч — адной са старэйшых айчынных музыказнаўцаў, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла папулярызацыі сучаснай беларускай музыкі. “Блакітныя вяргіні” — з відавочным джазавым ухілам. А п’еса “У маёнтку Свентаржэцкіх” закранае нашу мінуўшчыну з лірычным і гераічным абліччамі шляхецтва.

Беларускі саюз кампазітараў таксама ўзначальвае жанчына — Алена Атрашкевіч.

Алена Атрашкевіч

Нягледзячы на сямейныя клопаты, неверагодную занятасць на педагагічнай працы і вялізную грамадскую дзейнасць, яна з’яўляецца адным з найбольш плённых аўтараў, выпускаючы прэм’еру за прэм’ерай. Пачатак года быў адзначаны першым выкананнем яе новай Месы для жаночага хору, барытона, флейты, скрыпкі і аргана. Усе сем частак твора маюць кананічныя лацінскія назвы — і беларускамоўны тэкст, над якім пасля рэдакцыі святара працаваў знаны паэт Васіль Жуковіч.

Музычная драматургія будуецца не столькі на кантрастах, колькі на логі цы агульнага непарыўнага развіцця. Бо нават супрацьлеглыя, здавалася б, элементы знаходзяцца ў дзівоснай гармоніі, знайшоўшы між сабой паразуменне. Тая ж Gloria (“Слава”) пасля вытанчанай святочнасці ўтрымлівае яшчэ некалькі разгорнутых раздзелаў філасофскага складу.

У выкананні салістаў і Харавога ансамбля сучаснай музыкі “Канцэрціна” пад кіраўніцтвам Аляксея Снітко Меса атрымалася па-беларуску пранікнёнай, азоранай любоўю да Радзімы. Малітвеннасць спалучаецца з зачараваннем боскай прыгажосцю, харавыя спевы — са шматлікімі перазовамі асобных галасоў і інструментаў. І ўзнікае аўтарскае, па-жаночы дэталізаванае выказванне, заснавае на лепшых класічных традыцыях. Як ні дзіўна, але самыя авангардныя творы апошняга часу належаць пераважна старэйшаму пакаленню кампазітараў.

У гэтым пераканаў чарговы канцэрт праекта “Трамантана” ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Тры паэмы для фартэпіяна Уладзіміра Дарохіна выклікалі настолькі натуральныя, яркія эмоцыі, што калі не ведаць пра выключна стуктураваны прынцып пабудовы гэтых кампазіцый, дык узнікае адчуванне поўнай імправізацыі і ахопу розных эпох, але без аніякай стылізацыі.

Віктар Войцік назваў свой твор “Піктаграма. op. 2 № 1” для флейты і ўдарных. Але звярнуўся ў ім не да малюнка накшталт дарожных знакаў ці іконак у тэлефоне, а да тэмы бетховенскай фартэпіяннай санаты — менавіта таго опуса і нумара, што пазначаны вышэй.

Пазнавальнасць схематычна выкладзенай, быццам адбітай на камені мелодыі спалучалася з суцэльным акіянам слухацкіх думак, выкліканых бліскучым выкананнем маладых музыкантаў Канстанціна Паршонка і Яўгена Казлова.

Быў прадстаўлены і сапраўдны “Акіян” — сюіта для дзвюх віяланчэлей Аліны Безенсон. Прагучаў і яе вакальны цыкл “Вяртанне”. Абодва творы прадэманстравалі жаночую прагу прыгажосці, эмацыйнай цеплыні, што выяўляюцца праз арыёзна-песенны меладызм і заўважныя нават у драматычна-трывожных частках.

Па просьбе знанай флейтысткі Ларысы Ласоцкай, што паспяхова сумяшчае канцэртную дзейнасць з выкладаннем, Алена Атрашкевіч напісала п’есу “Душа летуценная”. Твор, дзе трапяткія трэлі атрымліваюць жывое дыханне, прысвечаны Ніне Аўраменка, якая да канца свайго жыцця выхоўвала выдатных музыкантаў, стварыла знакаміты ансамбль флейтыстаў “Сірынкс”, вядомы ў многіх краінах.  Ігар Комар прапанаваў “Зорнае неба”, Андрэй Цалко — “Няўлоўныя далягляды”.

Адной з кульмінацый канцэрта стала “Безназоўная лютня” Галіны Гарэлавай для дуэта гітар. Назва, пазычаная з японскай прозы ХІ стагоддзя, дадавала атмасфернай музыцы яшчэ больш таямнічасці. На фоне хуткіх перабораў, падобных павевам лёгкага ветрыку, асобныя фразы ўспрымаліся недаказанымі позіркамі. Усе прэзентацыі новых твораў ладзіліся таленавітай моладдзю, уключаючы выкладчыкаў Марыю Пішчык і Івана Андрухова.

Такая пераемнасць пакаленняў — зарука паспяховага развіцця нашага музычнага мастацтва.

На здымках — моманты канцэрта.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА
і з архіваў герояў