Мірскі замак не раз аказваўся ў віры ваенных падзей і палітычных інтрыг.

Нашай правадніцай у мінуўшчыну стала Таццяна Кожух, старшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс «Мір»”.

Таццяна Кожух
Вось некаторыя факты з пачутага — па астатнія запрашаем у музей і ў нашы сацсеткі.
СПРАВА ГОНАРУ

Мірскі замак
Абараняць — у іх крыві: Юрый Іллініч заснаваў Мірскі замак у 1520-я як абарончае збудаванне. Прыкладам служыў бацька, Івашка Іллініч, які адважна біўся з тэўтонскімі рыцарамі. Ратуючы караля, патрапіў у палон, а пасля вызвалення атрымаў за верную службу маёнтак. У шматлікіх бітвах вызначыўся і сам Юрый, маршалак Вялікага Княства Літоўскага, і яго сыны. А ў 1567-м каля 200 гусараў і пяхотнікаў, якія ўваходзілі ў войска яго ўнука, Юрыя Іллініча малодшага, вызвалялі Полацкія землі.
ЗА АЛТАРЫ І АЧАГІ
Эстафету доблеснай службы перанялі Радзівілы. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка праявіў смеласць пры аблозе Улы і Пскова.

Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка
У полацкай бітве страляў з паўгакаўніцы, быў паранены ў галаву, што ледзь не каштавала яму вока.

Жыгімонт Караль Радзівіл
У разгроме асманскай арміі ў бітве пад Хоцінам (1621) удзельнічаў камандор Мальтыйскага ордэна Жыгімонт Караль Радзівіл.

Міхал Казімір Радзівіл
Міхал Казімір Радзівіл у 1673-м пацвердзіў існаванне “харугвы Мірскага замка”, якая ваявала пад сцягам Радзівілаў з выявай чорнага арла з трыма трубамі на грудзях з лацінскім надпісам: “За алтары і ачагі каб змагацца справядліва”. Яго пяхотны і драгунскі палкі грамілі шведаў пад Торунню, змагаліся супраць маскоўска-казацкіх войскаў пад Любарам і Чуднавам (1660), у ваенных кампаніях супраць Асманскай імперыі.
МУЖ І ЖОНКА

Караль Станіслаў Радзівіл
Караль Станіслаў Радзівіл у 1688-м узначальваў харугву каронных гусараў у складзе палка Яна III. Вызначыўся ў баях пад Камянец-Падольскім — выратаваў рэгімент пяхоты Мінскага кашталяна Яна Паўла Юдзіцкага. Падчас Паўночнай вайны выступіў на баку Пятра І, з-за чаго яго ўладанні мэтанакіравана разбураліся шведамі, якія ў 1706-м спалілі Мірскі замак.

Ганна Кацярына з Сангушкаў
Пасля смерці Караля Станіслава аднаўленнем спустошаных земляў займалася яго ўдава, Ганна Кацярына з Сангушкаў. Яна ж правяла ў 1722-м чарговую ваенную рэформу, паводле якой зямяне былі абавязаны з пяці валок падаваць аднаго ўзброенага дзідай вершніка ў даспехах і на кані на вайсковую службу — як дзяржаўную, так і княжацкую, для абароны Нясвіжскага і Мірскага замкаў.
РЫЦАРСТВА

Важным элементам выхавання маладога шляхціца ў XVI—XVII стст. была рыцарская падрыхтоўка, таму шляхту называлі і рыцарствам.

У экспазіцыі музея ёсць дзіцячы даспех: Радзівілаў-хлопчыкаў рыхтавалі да службы з малых гадоў. Вучылася моладзь рыцарскаму мастацтву падчас замежных паездак пры дварах кіраўнікоў ці арыстакратаў, дзе праводзіліся турніры і спаборніцтвы.
КРЫЛАТЫЯ ГУСАРЫ

У сярэдзіне XVII ст. яны наводзілі на ворагаў жах. Уявіце: нясецца па полі эскадрон у кірасах, да якіх прымацаваныя велізарныя крылы, што навісаюць над галовамі вершнікаў. У руках воінаў — дзіды даўжынёй пад шэсць метраў, шаблі, мячы-канчары, а ў кабурах — пістолі. Ужо толькі выгляд здольны павярнуць ворага ва ўцёкі! А тут яшчэ і коні палохаюцца, бо крылы пры руху выдаюць страшны гул...

Спробы заарканіць такіх супернікаў былі беспаспяховыя.
У элітнае войска набіралі заможных прадстаўнікоў дваранства, бо кавалерысту належала мець некалькі коней, збраяносцаў і слуг, на свае грошы купляць амуніцыю.
ПЕРШЫ КАДЭЦКІ

Міхал Казімір Рыбанька
Міхал Казімір Рыбанька, які ўжо ў 14 гадоў узначальваў панцырную харугву ў каронным войску, заклаў традыцыю ваеннай адукацыі на беларускіх землях, стварыўшы ў Нясвіжы конны манеж. На яго аснове ў 1740-х, у ліку першых у Еўропе, быў утвораны кадэцкі корпус, які змяніў профіль з кавалерыйскага на пяхотна-інжынерны.

А сын Рыбанькі, Караль Радзівіл, працягваючы традыцыі ваеннай адукацыі, заснаваў у 1767-м артылерыйскую акадэмію.
СМЯРОТНАЕ НАЧЫННЕ

Ніводны бой у Сярэднявеччы, ды і пазней, не абыходзіўся без выкарыстання халоднай зброі, разнастайнасць і эвалюцыю якой дазваляе ўбачыць велізарная калекцыя ў Мірскім замку.

Бярдыш, наканечнік дзіды, пратазан, шашкі, ятаган, мізерыкордыя…

Ствалы дульназарадных ружжаў — гакаўніц
Прадстаўлены і ствалы трох дульназарадных ружжаў — гакаўніц, у тым ліку XV ст. А цяпер уявіце арсенал 1636-га: 114 гакаўніц рознага тыпу і 1,5 бочкі пораху! Асноўным відам боепрыпасаў былі гарматныя ядры. За 20 гадоў іх колькасць з 30 павялічылася ў 10 разоў. Тады ў замку было і 116 карцечных снарадаў, якія напаўнялі сечаным жалезам або свінцовымі кулямі. Пры вылеце з гарматы яны разрываліся, і смяротнае начынне разляталася ў розныя бакі.

ПРАБАЦЬКА “КАЦЮШЫ”
У 2018-м музей набыў 304-старонкавую кнігу Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі. Частка першая”. Выдадзена на латыні ў 1650-м. Па эскізах ваеннага інжынера ВКЛ, тэарэтыка артылерыі, аднаго з заснавальнікаў сусветнай ракетнай балістыкі і касманаўтыкі гравёр Якаб ван Мэйрс выканаў 206 малюнкаў.

К. Семяновіч. "Мастацтва артылерыі". 1650 г.
На працягу некалькіх стагоддзяў гэта была самая аўтарытэтная навуковая праца па артылерыі і піратэхніцы. Выданне вывучалі Ньютан, імператары Пётр I і Напалеон Банапарт. На кнігу спасылаўся ў сваіх працах Цыялкоўскі. Семяновіч распрацаваў ракетную сістэму залпавага агню — правобраз вядомай “Кацюшы”.
УСЁ РАРЫТЭТЫ!

“Рачыны хвост”. XVII ст.
Летась музей набыў шлем XVII ст. — такія насілі гусары. Ён меў назвы “шышак” ці “рачыны хвост”: ззаду — характэрная прылада з чатырох пласцін для абароны шыі.

Карта ВКЛ. 1630—1645 г
Вялікую цікавасць уяўляе экзэмпляр карты ВКЛ з атласа Блау 1630—1645 гадоў выдання. Першы экзэмпляр зроблены па эскізе Томаша Макоўскага ў 1603-м на замову Мікалая Радзівіла Сіроткі. На карце 1020 населеных пунктаў, з якіх больш за 300 — на землях сучаснай Беларусі.

Гравюра. 1601 г.
Ёсць у музеі і старажытная гравюра... з памылкай. У каталогу 1601 года калекцыі са “Зброевай залы герояў” замка на Мікалая Сіротку, пераблытаўшы, “апранулі” даспехі яго бацькі, Мікалая Чорнага…

Маніфер. Рэканструкцыя па ўзоры XVI ст.

Турнірны конскі полуналобнік

Афіцэрская шабля, 1881 г.. Выраблена ў Залатавустаўскай майстэрні ў Маскве,
аб чым мае адпаведныя пазнакі
Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА