12 сакавіка ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пачне працу часовы выставачны праект, прымеркаваны да Дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

— Праект адлюстроўвае храналогію станаўлення канстытуцыйных асноў у Беларусі, расказвае аб ходзе падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі 1994 года, унясенні ў яе змяненняў і дапаўненняў у сувязі з палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі рэаліямі, якія імкліва змяняюцца, — распавялі ва ўстанове.
У экспазіцыі — арыгінальныя экзэмпляры Канстытуцый Рэспублікі Беларусь розных гадоў, прадстаўленыя Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, друкаваныя выданні са збору Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Госці пазнаёмяцца з дакументамі, якія адлюстроўваюць дзейнасць Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь, а таксама ўбачаць падарункі замежных дэлегацый. Выстава падрабязна раскрые асноўныя палажэнні дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яе ролю і месца ў сістэме дзяржаўнага ладу краіны.
Тэлефон для даведак: 8 (017) 234 01 52
Мінск, вул. К. Маркса, 38, пад’езд 4
kultura-info.by